Беларуская Служба

У Варшаве з'явілася «плошча Свабоды» для беларусаў

27.09.2021 16:43
У Варшаве з'явілася «плошча Свабоды» як адказ на «плошчу Перамен» у Мінску.
Аўдыё
  • «Плошча Свабоды» для беларусаў
Моніка Орбік выступае падчас адкрыцця прасторы "плошча Свабоды"Фота: Вольга Хвоін / radyjo.net


У Варшаве на тэрыторыі прасторы «Młodsza Siostra» на вуліцы Добра 14/16 адкрылі «плошчу Свабоды» як адказ на менскую плошчу Пераменаў, вядомую драматычнымі падзеямі, што разгортваліся там у 2020 годзе. На тэрыторыі прасторы з’явіўся і помнік літары Ў як адметнаму элементу беларускай культуры.


Моніка Орбік, адна з ініцыятарак арганізацыі гэтай прасторы, спадзяецца, што гэтае месца будзе запатрабаваным:

— З мінулага года рабіла фотапраект пра беларусаў і беларусак, якія прыехалі ў Польшчу. І я ведала, што не хапае месца ў Варшаве, дзе можна было б сустрэцца, лёгка арганізаваць канцэрт ці дыскусію. І вырашыла нешта такое стварыць.

Падчас адкрыцця "плошчы Свабоды" прысутнічалі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, якія дапамагаюць беларускім мігрантам.

Прадстаўнік Цэнтру беларускай салідарнасці Анатоль Міхнавец распавёў, што ў Польшчы цяпер шмат людзей, якія ў Беларусі былі занятыя ў інтэлектуальнай сферы. Аднак цяпер яны вымушаныя ісці на фізічныя працы, а гэта няправільна.

— Ёсць шмат творчых людзей, якія ў Беларусі працавалі ў Філармоніі, у тэатрах. Яны не былі работнікам сцэны ці гардэробшчыкамі, а былі асноўнымі супрацоўнікамі. І за грамадзянскую пазіцыю іх выкінулі. І зараз, калі яны сюды прыехалі, улічваючы няведанне мовы, праблемы з легалізацыяй, каронавірус – усё працуе ва ўрэзаным фармаце, такія людзе не могуць знайсці магчымасці працаваць у той сферы, у якой яны былі занятыя ў Беларусі. Мы імкнемся такім людзям дапамагчы. Да нас звярнуліся супрацоўнікі Гродзенскага тэатру. Яны былі па творчай праграме ў Вільні, яна скончылася, цяпер яны шукаюць магчымасць, як прыехаць у Польшчу. І мы будзем шукаць для іх магчымасці, звязаныя з творчасцю, з тэатрам. Пайсці на будоўлю можа любы.

Даўно ведаю мастака Алеся Пушкіна, які цяпер сядзіць у турме. Калісьці я быў сведкаю, як яго аднавяскоўцы казалі: «Пушкін, ты жывеш у вёсцы, але ў цябе няма гаспадаркі, ты нічога не робіш, як гэта прынята ў вёсцы». На што Алесь Пушкін адказаў: «Гэтымі рукамі я магу намаляваць сум ці каханне ў вачах, а калі я дзень папрацую ў полі, то ўжо нічога не магу намаляваць гэтымі пальцамі».

Творчыя эліты – гэта залаты фонд нашага грамадства. Чаму ў нас ёсць нацыянальная праблема? Бо ўвесь час знішчаліся эліты. І калі мы цяпер не будзем ім дапамагаць, то пераўтворымся ў шэрую масу.

Прадстаўніца Фонду Humanosh Дар’я Ярмоцык заклікала ўсіх прысутных не баяцца бежанцаў, а дапамагаць гэтым людзям. Да слова, Фонд Humanosh шмат год быў сфакусаваны на падтрымцы бежанцаў з краін Усходу, Азіі. Аднак цяпер ён дбае і пра беларусаў.

—Бежанства – гэта вельмі складаная тэма, і гэта тычыцца не толькі Беларусі, а агулам. Я заклікаю ўсіх не баяцца бежанцаў, а размаўляць з імі, дапамагаць ім будаваць жыццё ў новай краіне, куды яны патрапілі не па сваёй волі, — заклікае Дар'я.

Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, якія працуюць з беларусамі, кажуць, што дапамога патрэбная заўсёды, яна можа быць рознай: гэта і моўныя заняткі, і творчыя студыі, і суправаджэнне падчас афармлення дакументаў.

Ёсць сайт Belarusam.pl – старонка з інфармацыяй пра ініцыятывы ды арганізацыі, што дапамагаюць беларусам у Польшчы. Там можна знайсці тых, хто дапаможа вам, ці тых, каму дапаможаце вы.


ВХ