Беларуская Служба

Праз 70 гадоў на прастоле брытанская каралева па-ранейшаму прымае важнейшыя рашэнні

03.06.2022 16:28
Аднак усё больш абавязкаў каралева перадае іншым членам сямʼі.
Члены каралеўскай сям'іфота: PAP/EPA/NEIL HALL

Брытанская каралева Лізавета ІІ знаходзіцца на прастоле ўжо 70 гадоў – нагадвае сайт Niezalezna.pl. Яна па-ранейшаму прымае важнейшыя рашэнні, – кажа палітолаг Боб Морыс з Універсітэцкага каледжа Лондана.

Аднак усё больш абавязкаў каралева перадае іншым членам сямʼі. Гэта стварыла свайго роду паўканстытуцыйнае рэгенцтва. Доктар Морыс лічыць, што, нягледзячы на гэтую паступовую перадачу, канчатковае рашэнне ў пытаннях каралеўскай сямʼі ўсё яшчэ прымае Лізавета II.

«Вядома, ніхто не можа быць цалкам упэўнены ў тым, што адбываецца ў каралеўскай сямʼі, але, па-першае, каралева мае пэўны спектр паўнамоцтваў, а па-другое, адчуваецца, што яна застаецца галавой сямʼі».

Морыс лічыць, што непазбежны сыход Лізаветы II з-за яе ўзросту, вядома, стане велізарным шокам для брытанцаў, пераважная большасць з якіх не памятае іншага манарха, але гэта не павінна пагражаць будучыні манархіі ў Вялікабрытаніі.

«Хто манарх, відавочна, важны фактар, але не вырашальны. Ва ўсіх апытаннях падтрымка манархіі высокая і даволі стабільная. Да таго ж, што тычыцца палітычнай сістэмы, Вялікабрытанія сапраўды рэспубліка з кіраўніком дзяржавы ў выглядзе спадчыннага манарха. Калі так, то які сэнс яго мяняць?», – дадае палітолаг.

Аднак, на яго думку, пасля смерці Лізаветы II некаторыя краіны, якія цяпер прызнаюць брытанскага манарха кіраўніком дзяржавы, могуць прыняць рашэнне стаць рэспублікамі.

нг