Беларуская Служба

У Варшаве ўзгадалі расстраляных 85 гадоў таму прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі

31.10.2022 17:00
Іх забілі на самым узлёце – маладых, таленавітых, выбітных, адукаваных і прыгожых. Больш за 130 літаратараў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячоў расстралялі ў сутарэннях НКВД у Мінску ў страшную ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Але памяць пра іх не знікла.
   (). , . 30  2022 .
Новае выданне кнігі «(Не)расстраляныя». Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2022 года. Фота: Белсат

30 кастрычніка ў Варшаве прэзентаваная кніга «(Не) расстраляныя», у якой сабраныя гісторыі жыцця, выбраныя творы і архіўныя здымкі беларускіх пісьменнікаў, што былі рэпрэсаваныя сталінскім рэжымам. Зараз кніга перавыдадзена ў Польшчы.

- Галоўная заслуга гэтых людзей, не ў тым што іх забілі, а ў тым, што яны зрабілі, – сказаў у сваім выступе адзін са складальнікаў кнігі музычны крытык Сяргей Будкін. - Галоўная задача кнігі ў тым, каб за ўсімі літаратурнымі творамі, за ўсімі фактамі біяграфіі было відаць жывое: як яны жылі, як яны працавалі, як яны кахалі.

У кнізе ёсць творы расстраляных паэтаў і пісьменнікаў Міхася Чарота, Алеся Дудара, Анатоля Вольнага і іншых маладых геніяў, якія пакінулі пасля сябе значны след у беларускай культуры і літаратуры. Падчас імпрэзы чыталі іх вершы, спявалі песні, напісаныя па гэтых вершах, казалі важныя прамовы.

Прадстаўнік Аб’яднанага каардынацыйнага кабінету Павел Латушка заявіў, што ў Беларусі абавязкова павінна быць асуджаны ідэалогіі камунізму, бальшавізму і імперскасці. Бо інакш рэпрэсіям не будзе канца. 200 гадоў беларусаў знішчае імперыя, нагадаў Латушка:

- Як прадстаўнік Аб’яднанага Кардынацыйнага кабінету, я хачу адзначыць, што Расея як краіна з нэа-імперскімі амбіцыямі з’яўляецца пагрозай беларускай дзяржаўнасці. Бо тыя, хто быў расстраляныя ноччу з 29 на 30 кастрычніка 1937 года былі знішчаны ў першую чаргу за тое, што былі беларусамі і загад быў аддадзены з Масквы.

Паўдзельнічаць у імпрэзе прыйшлі мноства беларусаў, што знаходзяцца цяпер у Варшаве. У дворыку Музея вольнай Беларусі выступілі акторы Алена Баярава, пісьменнік Васіль Дранько-Майсюк, рок-музыкант Алесь Дзянісаў, гурты Chornabrova, Relikt. Аб вялікім значэнні захавання гістарычнай памяці сказаў у сваім выступленні Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі:

- Свабоднай Радзімы не будзе, калі не будзе свабоднага народу. Але Беларусь будзе свабоднай, таму што яе народ хоць і плаціць надзвычай высокую цану, але пацвярджае, што памятае сваіх герояў. Жыве Беларусь!

Імпрэзы ў межах акцыі памяці «Ноч (не) расстраляных паэтаў» прайшлі у 21 горадзе свету, дзе зараз жывуць беларусы. (Не) расстраляных – гэта значыць, што хоць тады паэтаў фізічна забілі, ды іх дух жыве ў беларусах і сёння.

Казімір Шчадковіч