Беларуская Служба

Дэмсілы маюць план на выпадак смерці Лукашэнкі, але свае планы маюць таксама Расія і Кітай

17.05.2023 12:01
Калі б раптам не стала дыктатара, у беларускай апазіцыі будзе няшмат часу, каб змяніць ход гісторыі, лічыць украінскі палітолаг.
Павел Латушка Foto: Ewa Plisiecka/PRdZ

Пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка тыдзень не з'яўляўся на публіцы, беларуская дэмакратычная апазіцыя паведаміла, што мае план і будзе змагацца з Крамлём за ўладу ў Мінску, паведамляе Rzeczpospolita.

Незалежныя беларускія СМІ спекулююць пра сурʼёзныя праблемы са здароўем у Аляксандра Лукашэнкі. Паводле Асноўнага закона Беларусі, у выпадку адстаўкі дыктатара па стане здароўя, уладу ў краіне бярэ на сябе старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. У сваю чаргу, у выпадку забойства ўладу ў краіне бярэ Рада бяспекі, у якую ўваходзяць, між іншым, кіраўнікі службаў і арміі.

«У Расіі ўжо ёсць стратэгія адносна Беларусі. Летась Наталлю Качанаву ў Расіі прымалі старшыня Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка і кіраўнік расійскай дыпламатыі Сяргей Лаўроў. У сваю чаргу сакратаром Рады бяспекі Беларусі з’яўляецца Аляксандр Вальфовіч, які скончыў самыя прэстыжныя расійскія вайсковыя вучэльні і з’яўляецца прыхільнікам Крамля. Пры дапамозе гэтых людзей Масква будзе кіраваць Беларуссю ў пераходны перыяд. Гэта выклік для нас», – кажа ў размове з газетай былы дыпламат і міністр культуры Беларусі Павел Латушка, які з 2020 года пражывае ў Варшаве і з’яўляецца адным з лідараў апазіцыйнага Абʼяднанага пераходнага кабінета на чале са Святланай Ціханоўскай.

Латушка супакойвае, што ў беларускай дэмакратычнай апазіцыі ёсць план на выпадак смерці дыктатара.

«У нас ёсць план мабілізацыі(…) Праблемай будзе група Лукашэнкі, якая будзе змагацца за ўтрыманне ўлады, каб не адказваць за ўчыненыя злачынствы. Другая праблема – гэта Расія, якая будзе імкнуцца ўзяць пад кантроль Беларусь», – кажа Латушка.

Паводле яго, у гэткай сітуацыі шмат будзе залежаць ад актыўнасці беларускага грамадства, ад гатоўнасці беларусаў уключыцца ў гэты працэс.

«Сітуацыі не зменяць ні дзесяць, ні нават пяцьдзясят тысяч чалавек. Уся краіна павінна выйсці на вуліцы», – дадае Павел Латушка.

У нядзелю падчас візіту ў Германію адбылася кароткая сустрэча Уладзіміра Зяленскага і Святланы Ціханоўскай. Паводле каментатараў, гэты, першы поціск рукі не быў выпадковы. Да гэтай пары Украіна стрымана ставілася да Ціханоўскай. Чуткі пра стан здароўя Лукашэнкі маглі памяняць сітуацыю.

«Думаю, сёння не толькі Украіна, але і ўвесь Захад павінны імкнуцца да аб’яднання ўсіх апанентаў Лукашэнкі – усёй апазіцыі. Паколькі гэтае асяроддзе таксама падзеленае – існуюць розныя канкуруючыя сілы. Мы павінны іх абʼяднаць», – кажа ўкраінскі палітолаг Уладзімір Фясенка.
Паводле яго, калі б раптам не стала дыктатара, у беларускай дэмакратычнай апазіцыі было б няшмат часу, каб змяніць ход беларускай гісторыі, паколькі ў Мінску ўжо ідзе ўнутраная барацьба за ўладу.

«Расія, несумненна, будзе ўплываць на гэтыя працэсы. Але нельга таксама недаацэньваць і ролю Кітая, таму што Пекін занадта шмат інвеставаў у Беларусь», – дадае ўкраінскі палітолаг Уладзімір Фясенка ў размове з выданнем Rzeczpospolita.

аз

Аляксандр Лукашэнка знайшоўся

16.05.2023 09:26
Ён падобны на васковую фігуру.