Беларуская Служба

Інстытут Polonika ажыццяўляе праекты ва Украіне, Латвіі, Літве, але не ў Беларусі

11.04.2024 16:01
Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika мог бы ажыццявіць нямала праектаў па зберажэнні і рэстаўрацыі гісторыка-культурнай спадчыны Рэчы Паспалітай у Беларусі. 
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Polonika ў Львове.
  .       .
Рэстаўрацыя скульптуры св. Яна з Дуклі з капліцы ў Львове.ZKR/Polonika

Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika мог бы ажыццявіць нямала праектаў па зберажэнні і рэстаўрацыі гісторыка-культурнай спадчыны Рэчы Паспалітай у Беларусі. Аднак геапалітычныя зрухі, якія закранулі Беларусь у 2020-2022 гг., у выніку рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі і яго ўдзелу ў вайне Расіі супраць Украіны, прымусілі польскіх спецыялістаў адмовіцца ад ажыццяўлення праектаў у Беларусі. Беларусь фактычна нямала страціла ў выніку разрыву сувязей польскіх спецыялістаў з гэтай краінай, дзе захаваўся вялікі аб’ём спадчыны Рэчы Паспалітай.

Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika на днях прадставіў свае праекты, якія ажыццяўляюцца ў розных краінах свету — Украіне, Латвіі, Літве, як бачым, у суседзяў Беларусі, а таксама ў Францыі і Італіі. Гэта справы, якія падмацаваны грашыма. А значыць, адпаведныя дзяржавы эканомяць на зберажэнні ўласнай гісторыка-культурнай спадчыны, дзякуючы таму, што яе ўспрымаюць як сваю палякі і, адпаведна, пра яе клапоцяцца. Як бачым, апрача маральнага фактару, тут ёсць і матэрыяльны.

Тое, колькі страчвае Беларусь, як дзяржава, ад таго, што польскія спецыялісты больш у яе не прыязджаюць, прадэманструем на прыкладзе толькі аднаго Львова. Гэты ўкраінскі горад, як і Гродна, Мінск ці Магілёў, таксама ўваходзіў у склад Рэчы Паспалітай, ён багаты спадчынай таго перыяду. І мяркуйце самі, як яна захоўваецца, дзякуючы супрацоўніцтву ўлад Львова і Украіны з Нацыянальным інстытутам польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika.

У беларускіх гарадах многа “польскіх”, г.зн. каталіцкіх могілак. Нярэдка яны занядбаны. Аднаўленне паасобных магіл, капліц — адна з задач Нацыянальнага інстытута польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika. У прыватнасці, Лычакоўскіх могілак у Львове.

Дарота Янішэўская-Якубяк, дырэктар Нацыянальнага інстытута польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika: — Лычакоўскія могілкі знаходзяцца пад наглядам польскай дзяржавы з 2008 г. Тады былі падпісаны першыя пратаколы аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам культуры Польшы і рэстаўрацыйнымі ўстановамі Львова. І з таго часу пачаліся сістэматычныя дзеянні па аднаўленні надмагілляў. Інстытут Polonika засяродзіў сваю ўвагу на тым, на што спачатку не хапала сродкаў Міністэрства культуры, — на рэстаўрацыі самых вялікіх капліц.

Цяпер наша ўвага засяроджана на капліцы Яворскіх. Яна, можа, не такая вялікая як некаторыя іншыя капліцы, але падчас яе рэстаўрацыі ўзнікаюць многія праблемы.

Такім чынам, рэстаўрацыя — справа карпатлівая і патрабуе выдаткаў — людскіх і фінансавых. Інстытут Polonika працуе на Лычакоўскіх могілках у Львове ўжо больш за 5 гадоў, з самага пачатку сваёй дзейнасці. За гэты час адноўлены 3 капліцы.

Капліца Яворскіх будзе канчаткова адноўлена сёлета. Гэты будынак накрыты двусхільным дахам, які быў першапачаткова пакрыты маляўнічай паліванай керамічнай чарапіцай. Назва капліцы паходзіць ад імені доктара медыцыны Аўгуста Дыбуся (1874-1932), які пазней падпісваўся як Дыбусь-Яворскі, а ўрэшце — Яворскі.

На работы ў капліцы польская дзяржава праз інстытут Polonika выдзеліла 720 064,87 злотых (167,5 тыс. еўра).

***

Яшчэ адзін цікавы аб’ект у Львове, якім займаецца інстытут Polonika, — гэта калодзеж св. Яна з Дуклі. Ён быў пабудаваны ў 1748-1755 гг. на тэрыторыі кляштара бернардзінцаў. Рашэннем львоўскага ваяводы ў 1932 г., калі горад уваходзіў у склад Польшчы, калодзеж быў прызнаны помнікам гісторыі і культуры.

На работы па рэстаўрацыі калодзежа польская дзяржава праз інстытут Polonika выдзеліла 877 198,14 злотых (204 тыс. еўра). Гэты аб’ект сёлета вяртае сваю былую прыгажосць — літаральна на нашых вачах.

Катажына Пастушка, каардынатар праектаў інстытута Polonika па рэстаўрацыі аб’ектаў у Латвіі і Украіне: — Калодзеж звязаны з культам св. Яна з Дуклі, які жыў у XV ст. у кляштары бернардзінцаў у Львове. Там ён памёр у 1484 г. Пры жыцці людзі яго шанавалі як прапаведніка і спаведніка. А адразу пасля яго смерці культ яшчэ больш пачаў пашырацца. Неўзабаве пачалі рабіцца захады па яго кананізацыі, а беатыфікацыя была ажыццёўлена толькі ў 1733 г., а кананізацыя — у 1997 г. Але ўжо пасля беатыфікацыі гэтага святога актыўна шанавалі. І спачатку з’явілася калона пры касцёле бернардзінцаў, а затым і калодзеж.

Паводле легенды, калодзеж знаходзіцца на месцы, дзе павінен быў быць пахаваны Ян з Дуклі. А пасля пераносу яго астанкаў у касцёл бернардзінцаў, з гэтага месца павінна была пачаць біць крыніца, вада якой прызнавалася лячэбнай. Але мы ведаем з гістарычных крыніц, што Ян з Дуклі быў з самага пачатку пахаваны ў касцёле бернардзінцаў.

Праўда, гэта быў не цяперашні храм, а больш старажытны. Падчас перабудовы касцёла астанкі святога пераклалі ў новы саркафаг і вярнулі ў храм. А крыніца на месцы капліцы існавала і раней.

Капліца невялікая, але тут рэстаўратарам трэба было вельмі многа зрабіць.

Павел Янджэйчак, рэстаўратар помнікаў гісторыі і культуры: — Аб’ём работ уключае рэстаўрацыю насценнага жывапісу пад купалам, фігуры св. Яна з Дуклі, які вянчае купал. Статуя выканана з медзі, а ўнутры пустая. Мы ведаем, што статуя была пазалочаная. Некалькі тыдняў таму адрэстаўрыраваная фігура і вазы былі ўстаноўлены на купале. І цяперашні пазалочаны св. Ян з Дуклі адразу кідаецца ў вочы прахожым. І калі нехта пытае, чаму ён пазалочаны, то мы тлумачым, што гэта не таму, што нам так падабаецца, а таму, што на скульптуры мы знайшлі сляды пазалоты. Гэта было пацверджана лабараторнымі даследаваннямі. І мы, такім чынам, вярнулі скульптуры яе першапачатковы стан.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Мастацтвазнавец Марыя Каламайская-Саід магла як рэнтген разгледзець твор мастацтва

07.03.2024 16:03
Мастацтвазнавец Марыя Каламайская-Саід як ніхто ў Польшчы добра ведала Беларусь і Літву і іх гісторыка-культурную спадчыну перыяду ВКЛ.