«Лебедзь» стаў хітом на 33-й Міжнароднай выставе абароннай прамысловасці ў Кельцэ. Гэта беспілотны апарат, распрацаваны студэнтамі Ваеннага ўніверсітэта сухапутных войскаў, паведамляе газета Wyborcza.
Метады камуфляжу, якія зліваюць аб'екты з іх натуральным асяроддзем, не з'яўляюцца чымсьці новым. Аднак на гэты раз ідэя новай баявой машыны здзівіла некаторых назіральнікаў.
Згодна з апісаннем апарат "лебедзь" можа выкарыстоўвацца для схаванай разведкі дзякуючы камеры, размешчанай у яго дзюбе, а таксама для ўдарных задач з выкарыстаннем дадатковага 10-кілаграмовага выбуховага зарада».
Wyborcza адзначае, што вынікі прэзентацыі пераўзышлі чаканні стваральнікаў. У інтэрнэце распаўсюдзілася фота прататыпа. Беспілотны апарат па форме падобны на лебедзя, выклікаў вялікі ажыятаж таксама сярод карыстальнікаў інтэрнэту.
«Баявая птушка» — гэта яшчэ не ўкаранёная ў цяперашні час тэхналогія, а праца студэнтаў Ваеннага ўніверсітэта сухапутных войскаў была распрацаваная для конкурсу Міністэрства нацыянальнай абароны. «Лебедзь» заняў трэцяе месца ў сваёй катэгорыі.
Аднак шмат што сведчыць аб тым, што папулярнасць аб'екта выклікала зайздрасць у іншых экспанентаў на выставе ваеннай тэхнікі ў Кельцэ, бо, на расчараванне публікі, «лебедзя» прыбралі са стэнда.
Нягледзячы на тое, што ўся гісторыя выклікала шмат насмешлівых каментарыяў, варта памятаць, што стваральнікі баявых і разведвальных беспілотнікаў па ўсім свеце сапраўды спрабуюць зрабіць некаторыя з іх падобнымі да птушак, каб іх было цяжэй выявіць і знішчыць. У бліжэйшай будучыні такія аб'екты могуць прадстаўляць смяротную пагрозу для людзей.
Рэдактар: Агата Кульчыцкая/яс