Беларуская Служба

Ці ўзнікне калі-небудзь лек супраць COVID-19?

01.07.2021 16:58
На гэтую мэту амерыканскі ўрад хоча прызначыць 3,2 мільярда долараў, а лек мог бы з’явіцца яшчэ ў 2021 годзе.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Yana Kho

Адной з найбольш вядомых прыказак сусветнага маштабу 21 стагоддзя з’яўляецца думка пра тое, што хоць вайна была страшная, то яна стала рухавіком пераменаў і развіцця чалавецтва. Да Другой сусветнай вайны навукоўцы займаліся распрацоўкай новай зброі, але падчас фактычных дзеянняў гэта ваенная тэхніка развілася найбольш. Гэта дазволіла нам, як чалавецтву, паляцець у космас, а потым стварыць інтэрнэт. Асабіста я не гатовы апраўдваць ахвяру мільёнаў людзей такім чынам.

Усё ж трэба пагадзіцца, што калі нас сустракае нейкая трагедыя, мы пераасэнсоўваем рэчы. Так, падчас вайны мы спрабавалі стварыць больш эфектыўную зброю, а пасля яе распрацаваць працэсы мірнага рашэння канфліктаў. Калі ў 21 стагоддзі пачаліся ўзломы сервераў дзяржустановаў, то службы бяспекі пачала займацца распрацоўкай новых сістэмаў забеспячэння лічбавых рэсурсаў.

Зараз мы ўсе пагружаны ў пандэміі. І яна дапамагла пераасэнсаваць уладарам гэтага свету і навукоўцам ролю навукі ў сённяшнім жыцці. З’явіліся прышчэпкі з цалкам новай тэхналогіяй, з'явіліся мільярды долараў накіраваныя на распрацоўку лекаў і вакцынаў супраць хваробаў, якіх усе баяцца. Напрыклад, кампанія Moderna, якая з’яўляецца адным з галоўных стваральнікаў вакцыны ад COVID-19, распачала працу над вакцынай ад ВІЧ. Як раз цяпер, амаль 40 гадоў пасля першага выпадку гэтай хваробы, з’явіліся грошы на барацьбу з ёй. Яе распрацоўкай адмыслоўцы займаліся дзесяцігоддзямі. Так праблему стварэння вакцыны супраць ВІЧ каментуюць канадскія лекары Шан Хусэйн і Алан Бэрнштайн:

-Традыцыйна пробныя прышчэпкі будаваліся на частках віруса або на цэлым забітым вірусе ВІЧ. На жаль, гэта не спрацавала. Пры ВІЧ кожны дзень з’яўляецца від віруса, таму цяжка стварыць адну вакцыну супраць тысячаў розных тыпаў віруса. Ёсць шанец, тэарэтычны, стварыць гэтак званую «ўніверсальную прышчэпку» супраць ВІЧ, якая будзе нагадваць большасць характарыстык ВІЧ.

Разам з развіццём тэхналогіі прышчэпак мРНК можна знайсці яшчэ больш магчымасцяў лячэння дагэтуль смяротных хваробаў.

А што з каранавірусам?

Мы ўжо атрымалі некалькі прышчэпак і вядзецца інтэнсіўная вакцынацыйная кампанія. Навукоўцы аднак ведаюць, што ён застанецца з намі на чарговыя дзесяцігоддзі. Таму ўжо сёння вядуцца даследаванні над лекам супраць COVID-19. На гэтую мэту амерыканскі ўрад хоча прызначыць 3,2 мільярда долараў, а лек мог бы з’явіцца яшчэ ў 2021 годзе!

На працягу пандэміі былі два лекі (remdesivir i monupiravir), якія дапускаліся ў ЗША для лячэння COVID-19. Вынікі аднак не былі задавальняльнымі. Навукоўцы лічаць, што гэта па прычыне таго, што лекаванне пачыналася не адразу пасля атрымання пазітыўнага выніку тэсту на прысутнасць віруса ў арганізме, а толькі праз некалькі дзён. Гэта не дазваляла леку забіваць вірус, якога ў арганізме было ўжо зашмат. Навукоўцы лічаць, што ўключэнне гэтых існуючых лекаў на пачатковым этапе развіцця хваробы дасць больш пазітыўныя вынікі. Пры распрацоўцы леку працуюць дзясяткі медычных кампаній у свеце. Такая канкурэнцыя можа спрычыніцца да таго, што ўжо ў канцы 2021 года можна будзе атрымаць хуткае лекаванне ад COVID-19. Пра свае спадзяванні кажа доктар Амерыканскага інстытута інфекцыйных хваробаў і алергій Антоны Фаучы:

-Нам патрэбная падобная рэч да таго, што ёсць супраць ВІЧ і супраць гепатыту тыпу C. Трэба знайсці таблетку, якая дапаможа знішчыць вірус. Веру, што нам удасца гэта зрабіць. Пытанне, як хутка?

Калі лабараторныя тэсты дадуць пазітыўны вынік, неабходна будзе ўключыць лекаванне новым прэпаратам на пачатковым этапе развіцця хваробы. Пакуль невядома наколькі і каторыя сістэмы аховы здароўя будуць гатовыя ўключаць іх у сваю стратэгію барацьбы з COVID-19. На сёння вядома, што ўрад ЗША ўступна заявіў, што купіць 1,7 мільёна дозаў узгаданага раней леку monupiravir, калі вынікі тэстаў будуць пазітыўныя. Вядома таксама, што з вясны 2020 года свае даследаванні над лекам супраць COVID-19 праводзіць Pfizer. Канцэрн распрацоўваюць яго на аснове леку супраць старэйшых версіяў хваробы SARS, праца над якім была спынена амаль 20 гадоў таму. Тое, што калісьці вяліся працы над падобнымі лекамі, нашмат спрашчае даследаванні, але не абазначае, што трэба святкаваць, лічыць навуковец Мэцю Хол:

-З пункту гледжання прадухілення, мы цяпер павінны падрыхтавацца на любы вірус. Такім чынам, каб калі нешта з’явіцца, нейкі тып віруса, дзесьці ў свеце, змагчы з ім выйграць. Жартуем, што трэба рыхтавацца на COVID-27, але гэта ў прынцыпе не жарты. Трэба ўмець папярэдзіць такія выпадкі, каб умець на іх хутка адказаць.

На сённяшні дзень невядома ці таблеткі дазволяць у будучыні прадухіліць COVID-19 і спрычыняцца да таго, што яго можна будзе вылечыць адразу. На вынікі тэстаў трэба будзе пачакаць прынамсі да восені. Аднак, ужо сёння такая хуткая рэакцыя навуковага асяроддзя абнадзейвае, што ўдасца знайсці выхад хутчэйшы і менш спрэчны чым прышчэпка.


Альберт Ежы Вяжбіцкі