Трэба было 10 дзён, каб у космас паляцела два касмічныя караблі з турыстамі. Першы палёт адбыўся 11 ліпеня і стварыў прэцэдэнт – падарожжа ў космас. У аўторак, 22 ліпеня чарговыя чатыры турысты пабывалі ў Космасе. Палёт здзейсніў брытанскі мільярдэр, заснавальнік кампаніі Virgin Galactic Рычард Брэнсан, які разам з пяццю іншымі пасажырамі даляцеў да вышыні 90 кіламетраў над зямлёй, то-бок 15 кіламетраў за ўмоўную мяжу атмасферы. Над распрацоўкай адмысловага «ракетаплана» працаваў шэра навукоўцаў цягам 17 гадоў існавання кампаніі. І зараз гэтыя працы завяршыліся. Virgin Galactic прадала ўжо больш за 600 квіткоў на чарговыя палёты. Калі і вы захочаце паляцець у космас – вам давядзецца заплаціць больш за 200 тысяч долараў. Адмыслоўцы мяркуюць аднак, што за некалькі гадоў цана ўпадзе ў 10 разоў. Развіццё тэхналогій чакае і Рычард Брэнсан, які ў звароце з космасу сказаў будучым пакаленням, што яны дасягнуць немагчымага:
-Усім дзецям хачу сказаць, што і я быў калісьці дзіцём, у якога была мара: дасягнуць зорак. Зараз я дарослы чалавек у касмічным караблі з іншымі дарослымі, якія глядзяць на нашую прыгожую Зямлю. Наступае пакаленне летуценнікаў: калі мы маглі дабіцца такога – падумайце, што можаце зрабіць вы!
Другі палёт – больш гучны. Яго галоўным пасажырам быў найбагацейшы чалавек у свеце – Джэф Бэзас. Ён узяў з сабой у падарожжа брата Марка Бэзаса і 82-гадовую ветэранку авіяцыі Уолі Фанк, якая ў 60-х рыхтавалася да палёту ў космас, але не ўзяла ўдзелу ў канчатковай праграме. Апошнім пасажырам стаў 18-гадовы нідэрландзец Алівер Дэмэн, бацька якога заплаціў 28 мільёнаў долараў за гэтую магчымасць. Карабль Бэзаса дасягнуў вышыні 106 кіламетраў ад зямлі і такім чынам здабыў новы рэкорд вышыні камерцыйнага палёту.
Фірма Blue Origin, якой уладальнікам з’ўляецца Бэзас, стала яго галоўным праектам пасля таго, як той пакінуў Amazon, які зрабіў яго найбагацейшым чалавекам у свеце. Дагэтуль караблі Blue Origin правялі 15 пробных палётаў па-за атмасферу Зямлі, аднак толькі зараз вырашыліся на падарожжа з экіпажам. Хаця можна сумнявацца, ці такі экстравагантны рух багатых людзей дапамагае чалавецтву, яны на самой справе спрычыняцца да таго, каб тэхналогія і дабрабыт звычайнага жыхара нашай планеты павышаліся, сказаў у размове з Польскім радыё былы кіраўнік Польскага касмічнага агенцтва прафесар Гжэгаж Брона:
-Рысай мільярдэраў з’яўляецца тое, што яны зарабляюць грошы і гэта іх прыярытэт – павялічваць прыбытак. Космас тым часам з’яўляецца аб’ёмным рынкам, які шмат гадоў ужо існуе. Дагэтуль у ім знойдзем тры галоўныя крыніцы заробку, з якімі на прамую звязаны кожны з нас. Першая – гэта тэлекамунікацыі, перадача дадзеных па спадарожніках, другі – навігацыя, кожны з нас імі карыстаецца ў смартфонах, машынах ігд. А трэці, класічны – маніторынг планеты з дапамогай спадарожнікаў. Я маю на ўвазе напрыклад прагноз надвор’я. І да гэтага дойдзе нам чацвёртая крыніца, якую заўважылі мільярдэры – турызм у космасе. І яна мае шмат галінаў. Можна рабіць такія палёты па-за атмасферу, як зараз, можна паляцець на Міжнародную касмічную станцыю. Яны дарэчы магчымыя ўжо некалькі гадоў і яны былі даражэй ад цяперашніх. Нарэшце маем тое, пра што казаў Ілон Маск, што ўжо ў 2023 годзе стане магчымым палёт навокал месяца. Гэта новая ідэя, якая нарадзілася на нашых вачах. Цяжка мець прэтэнзіі да гэтых мільярдэраў, якім залежыць на будучыні сваіх кампаній, і якія хочуць зарабіць на гэтай новай галіне. І з іншага боку, каб гэты заробак забяспечыць трэба па дарозе вырашыць шмат тэхналагічных праблемаў, але адтуль і бярэцца развіццё.
Як запэўніў пасля палёту Джэф Бэзас: «Мэтай не з’яўляецца ўцёк з Зямлі, а захоўванне яе». Адначасова мільярдэр падзякаваў усім супрацоўнікам і кліентам Amazon за тое. Што яны прафінансавалі гэтую экспедыцыю. Хоць гэта досыць спрэчныя словы, варта прызнаць, што здзейснены палёт у космас дае надзеі, што можа за нейкі час гэтыя працаўнікі таксама змогуць паглядзець на Зямлю з вышыні 100 кіламетраў.
Адначасова праводзіцца далейшае даследаванне космасу. Як паведамляе НАСА, падчас нядаўняга палёту, капсула Dragon даставіла на Міжнародную касмічную станцыю больш за 3300 кг матэрыялаў між іншым для эксперыментаў, а таксама мадэрнізавання сонечных батарэяў. У сваю чаргу Астранаўты загрузілі каля 2400 кг грузу з вынікамі даследаванняў, эксперыментаў, а таксама абсталяванне для перавозкі на зямлю. Такі абмен рэсурсамі на лініі Космас – Зямля, Зямля – Космас можа стаць асновай для таго, каб, зноў жа па ідэі Бэзаса, пазбавіцца ад шкоднай прадукцыі на нашай планеце і перанесці яе ў касмічную прастору.
Альберт Ежы Вяжбіцкі