Беларуская Служба

Генерал Сырскі: У Бахмуце расійскія войскі перайшлі да тактыкі выпаленай зямлі

10.04.2023 11:12
Праціўнік знішчае дамы і пазіцыі, выкарыстоўваючы агонь авіяцыі і артылерыі.
БахмутAA/ABACA / Abaca Press / Forum

Расійскія войскі, якія атакуюць Бахмут на ўсходзе Украіны, выкарыстоўваюць «сірыйскую» тактыку выпаленай зямлі, заявіў камандуючы сухапутнымі сіламі Украіны генерал Аляксандр Сырскі. Мінабароны анансавала чарговы візіт камандуючага на фронт.

«Праціўнік перайшоў да так званай «сірыйскай» тактыкі выпаленай зямлі. Ён знішчае дамы і пазіцыі, выкарыстоўваючы агонь авіяцыі і артылерыі. Абарона Бахмута працягваецца. Сітуацыя складаная, але пад кантролем», – Мінабароны Украіны прыводзіць словы генерала Сырскага.

Вайсковец адзначыў, што «баі вельмі жорсткія з абодвух бакоў». У сувязі са стратамі, якія ўкраінская армія нанесла наймітам з «Групы Вагнера», якія ваююць пад Бахмутам, расійскі бок вымушаны ўцягнуць у баі спецназ і дэсантна-штурмавыя войскі.

У камюніке паведамлялася, што ў нядзелю Сырскі зноў знаходзіўся на «самых гарачых участках фронту ў напрамку Бахмуцкага».

PAP/яс