Бюджэт Расіі на будучы год сведчыць аб тым, што ваенная пагроза з боку гэтай краіны не зменшыцца. «Вайна застаецца прыярытэтам Крамля», — папярэджвае Івона Віснеўска ( Iwona Wiśniewska ), аналітык Цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW), у інтэрв'ю Business Insider. Яна згадвае пра змену тактыкі Крамля ў сувязі з ростам выдаткаў. «Расійскія рэзервы, назапашаныя ў Фондзе нацыянальнага дабрабыту, практычна вычарпаныя», — ацэньвае сітуацыю эксперт.
Выданне нагадвае абяцанне Дональда Трампа хутка спыніць вайну ва Украіне пасля вяртання на пасаду прэзідэнта ЗША. Прайшло ўжо шмат часу, і няма ніякіх прыкмет таго, што гэта адбудзецца. На Украіну ляціць рэкордная колькасць ракет і беспілотнікаў, а ў адказ — украінскія атакі на расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы.
Рост ціску на дзяржаўныя фінансы і эканоміку мог бы прымусіць Уладзіміра Пуціна спыніць вайну. Да гэтага часу Расія даволі добра спраўлялася ў абедзвюх сферах, але гэта мяняецца, не ў карысць краіны-агрэсара. Гэта можна прасачыць дзякуючы аналізам бягучай статыстыкі і праекту дзяржбюджэту на 2026 год, які паказвае ўсё больш і больш слабых месцаў. На жаль, гэта таксама сведчыць аб тым, што Крэмль усё яшчэ не думае спыняць вайну.
«Расійскі ўрад ужо не можа павялічваць бюджэтныя выдаткі так моцна, як рабіў дагэтуль. Узніклі сур'ёзныя абмежаванні ў фінансаванні не толькі яго абавязацельстваў перад грамадствам, але і вайны», — каментуе аналітык Івона Віснеўска з Цэнтра ўсходніх даследаванняў, якая адсочвае бягучы стан эканомікі і фінансаў Расіі.
нг