Беларуская Служба

Польская мова з’яўляецца інструментам набліжэння замежнікам не толькі культуры, але таксама гісторыі палякаў

01.11.2020 09:00
Нацыянальнае агенцтва акадэмічнага абмену аб’явіла пра завяршэнне другога сезону праграмы «Прасоўванне польскай мовы».
Аўдыё
Польскі сцягфота: Pixabay.com/crsntdesign/CC0 creative commons

Сёння мы працягваем тэму прасоўвання польскай мовы на свеце. Галоўная задача Міжнароднага агенцтва акадэмічнага абмену – падтрымка польскай навукі, падтрымка супрацы польскіх навукоўцаў з калегамі з-за мяжы, прасоўванне польскай культуры і мовы. Госць Польскага радыё Каміля Дэмбіньска (Kamila Dembińska) працуе ў агенцтве дырэктарам Бюро праграм польскай мовы.

Скажыце, калі ласка, чаму ваша арганізацыя, якая прасоўвае на свеце польскую навуку, займаецца таксама папулярызацыяй польскай мовы?

- Мы лічым, што мова – гэта свайго роду інструмент набліжэння замежнікам не толькі нашай культуры, але таксама гісторыі. Пры дапамозе мовы мы таксама запрашаем замежнікаў у Польшчу. Нашай прапановай карыстаюцца і студэнты, і навукоўцы, і ўстановы. Мы дапамагаем як польскім вучоным, якія могуць рэалізаваць свае даследчыя праекты за мяжой, так і замежным навукоўцам, якіх мы запрашаем у Польшчу. У гэтай другой групе могуць быць асобы, якія не валодаюць польскай мовай, а іншыя хацелі б яе пазнаць. Дзякуючы гэтаму мы набліжаем іншым нашу культуру і гісторыю.

Якія элементы, на вашу думку, самыя важныя, калі гаворка ідзе пра прасоўванне польскай мовы і культуры на свеце?

- Мы вельмі клапоцімся аб тым, каб выкладанне польскай мовы за межамі нашай краіны было правільным. Вывучэнне павінна адбывацца пры дапамозе сучасных метадаў, мы таксама вельмі клапоцімся пра прэстыж польскай мовы. Так што мы не толькі дапамагаем замежнікам вучыць польскую мову, але таксама дбаем, каб якасць гэтага навучання была на адпаведным узроўні.

Нацыянальнае агенцтва акадэмічнага абмену аб’явіла пра завяршэнне другога сезону праграмы «Прасоўванне польскай мовы». Фінансавую дапамогу атрымае 15 праектаў – на суму звыш аднаго мільёна злотых. Якія праекты вы выбралі, хто будзе іх рэалізаваць?

- Мы зацікаўленыя перш за ўсё ў супрацы ўстановаў вышэйшай адукацыі і навукі Польшчы з даследчымі ўстановамі замежжа. Польская арганізацыя прыдумвае праект і падае заяву. Мы ніякім чынам не абмяжоўваем тэматыкі. Праекты павінны пераследаваць асноўную мэту – прасоўванне польскай мовы і клопат пра яе, павышэнне якасці навучання польскай мове за мяжой. Фінансаванне аднаго праекту складае да 100 тыс. злотых, рэалізацыя можа працягвацца ад трох да дванаццаці месяцаў. Прывяду прыклад – Літаратурны інстытут Польскай акадэміі навук будзе рэалізаваць у супрацы з універсітэтам у Лейпцыгу навуковы праект «Польская літаратура без межаў. Форум польскай мовы і літаратуры ў Саксоніі». Мэта праекту – прасоўванне выбраных твораў польскай літаратуры ў Саксоніі. Іншы прыклад – праект Ягелонскага ўніверсітэту з амерыканскімі партнёрамі пад назваю «Польшча гучыць знаёма». Праект адрасаваны студэнтам лагапедыі і выкладчыкам амерыканскай ВНУ.

Нельга не ўспомніць таксама пра іншыя віды дзейнасці вашай установы, якія заключаюцца ў папулярызацыі польскай мовы на свеце. З 2004 году можна здаваць іспыт па польскай мове і атрымаць адпаведны сертыфікат. Якім чынам агенцтва ўдзельнічае ў гэтай сістэме?

- Наша ўстанова адказвае за адміністрацыйны і фінансавы бок працы дзяржаўнай камісіі аб сертыфікатах узроўню валодання польскай мовай для іншаземцаў. Сертыфікат становіцца ўсё больш папулярным сярод іншаземцаў па многіх прычынах. Ён дае шэраг прывілеяў, напрыклад, іншаземцы, якія маюць сертыфікат, што пацвярджае веданне польскай мовы на ўзроўні С1, могуць вучыцца ў Польшчы нароўні з польскімі студэнтамі. Асобы, якія хадайнічаюць за польскае грамадзянства, павінны даказаць, што яны валодаюць польскай мовай на ўзроўні як мінімум В1 і прадставіць адпаведны сертыфікат. Сярод асоб, якія здаюць экзамен па польскай мове, большасць – гэта людзі, якія хочуць атрымаць польскае грамадзянства. Іспыты праводзяць установы, якія атрымалі на гэта дазвол ад польскага Міністэрства вышэйшай адукацыі і навукі, аднак цяпер, у сувязі з пандэміяй, мы намераны перавесці іспыты ў онлайн рэжым. Дзякуючы гэтаму больш людзей зможа здаваць экзамен па польскай мове і атрымаць сертыфікат.

Факультэты польскай мовы і літаратуры ў розных замежных ВНУ – гэта самыя прэстыжныя месцы прысутнасці польскай мовы на свеце. Агенцтва распрацавала спецыяльную праграму падтрымкі такіх факультэтаў, але перад тым, як пра гэта сказаць, прапануем паслухаць меркаванне прафесара Міхала Паўла Маркоўскага, які кіруе кафедрай польскай мовы і літаратуры ўніверсітэту ў Чыкага. Калі ён уступаў шмат гадоў таму на пасаду, ён так казаў пра сваё бачанне ролі гэтай кафедры.

- Мяне ўзялі на гэтую працу, каб я, карыстаючыся сваім досведам, стварыў зусім новую праграму прыцягнення ў нашу навучальную ўстанову не толькі студэнтаў, якія жывуць у Чыкага, але таксама з іншых месцаў. Я вельмі хацеў бы, каб знікла стэрэатыпнае ўяўленне пра польскую культуру, якая быццам бы з’яўляецца архаічнай культурай, жыве мінуўшчынай. Польская культура неразрыўна звязана з замежнай культурай, польская літаратура павінна перастаць быць экзатычнай і незразумелай. Канешне, маладыя амерыканцы, хутчэй, не зразумеюць адразу польскую літаратуру 18-га ці 19-га стагоддзя, трэба пачынаць з канца, з паказання ім сучаснай літаратуры. Вельмі важна таксама параўноўваць польскую літаратуру з творчасцю прадстаўнікоў іншых культур. Неабходна прыцягнуць як найбольш слухачоў на курсы польскай мовы і літаратуры, таму мы павінны паказваць польскую культуру ў самым шырокім кантэксце, каб яна ўжо не была чымсьці, што цікавіць выключна вузкае кола спецыялістаў, каб стала такой жа магутнай дысцыплінай навукі, як германістыка ці італьянская філалогія.

Нацыянальнае агенцтва акадэмічнага абмену займаецца падтрымкай выкладання польскай мовы і літаратуры ў замежных ВНУ. Гэтая падтрымка заключаецца ў прыватнасці ў падрыхтоўцы выкладчыкаў польскай мовы да працы за мяжой. Якім чынам вы падбіраеце такіх настаўнікаў?

- На дадзены момант мы высылаем звыш 80 выкладчыкаў польскай мовы ў замежныя навучальныя ўстановы. Задача настаўнікаў – перш за ўсё, зразумела, выкладанне польскай мовы, але праз мову і літаратуру яны набліжаюць слухачам таксама польскую культуру, дзякуючы чаму, магчыма, некаторыя зацікавяцца Польшчай, захочуць прыехаць сюды вучыцца. Вяртаючыся да словаў прафесара Маркоўскага пра адыход ад прадстаўлення польскай культуры як архаічнай – мы стараемся так падбіраць выкладчыкаў, каб яны прадстаўлялі польскую культуру ў яе самым сучасным аспекце, паказвалі дасягненні нашай краіны, нашых артыстаў, літаратараў, іх уклад у сучасную сусветную культуру. Прывяду свежы прыклад – калі Вольга Такарчук атрымала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры, адзін з нашых выкладчыкаў зладзіў у Бішкеку ў Кыргызстане канферэнцыю на тэму яе творчасці, якая карысталася вялікім зацікаўленнем як з боку студэнтаў, так і ўладаў навучальнай установы.

Нацыянальнае агенцтва акадэмічнага абмену ладзіць таксама летнія курсы польскай мовы і культуры. Яны адбываюцца на тэрыторыі Польшчы, працягваюцца тры тыдні. А госцем студыі Польскага радыё была Каміля Дэмбіньска, дырэктар Бюро праграм польскай мовы НААА.

Марыя Вечаркевіч/нг