Беларуская Служба

Аляксандру Баршчэўскаму - «бацьку беларусістаў» - споўнілася 90 гадоў

02.11.2020 16:45
Нарадзіўся спадар прафесар у Бандарах, вёсцы на ўсходзе Польшчы, якая займае вельмі важнае месца ў творчасці паэта Алеся Барскага.
Аўдыё
  .
Зборнік вершаў А. Барскагафота: Наталля Грышкевіч

Алесь Барскі, інакш Аляксандр Баршчэўскі – польскі беларус, паэт, грамадскі дзеяч, выкладчык, прафесар Варшаўскага ўніверсітэту. Адным словам, чалавек-аркестр, яго жыццё і творчасць на столькі багатая, што цяжка пра яе распавесці ў адным сюжэце. Нарадзіўся спадар прафесар роўна 90 гадоў таму ў Бандарах, вёсцы на ўсходзе Польшчы, якая займае вельмі важнае месца ў творчасці Алеся Барскага. Там ён прыйшоў на свет, тыя родныя мясціны шмат разоў апісваў у сваёй творчасці, а яго вершы пакладзены на музыку. У прыватнасці, твор «Мой Беластоцкі край»выконвае гурт «Прымакі».

Мой Беластоцкі край – мая Айчына!
З табою звязаны мой лёс і доля.
Люблю лясы твае, люблю даліны,
Кахаю шчыра бацькаўскае поле.
Калышашся ў напевах песні роднай
І мыеш твар у промнях залацістых,
І толькі тут я поўнасцю свабодны,
І толькі тут душой заўсёды чысты.
Сямяцічы і Гайнаўка, і Бельск старынны,
Саколка ціхая, зялёная Дуброва,
Любоў да вас – мая адвечная павіннасць
І вернасць матчынай спрадвечнай мове.
Шасціць калоссе ў палях шырокіх,
Бурліць крыніца песняю адвечнай,
Звініць нядзельны звон з царквы далёкай,
На роднай Беласточчыне я вечны.
Зямля мая, мой беларускі краю,
Над Нарваю, над Бугам задуменным
Я вольны тут, душой адпачываю,
Мой краю вечны, краю незаменны.

З віншавальным словам да Алеся Барскага ў дзень яго юбілею мы папрасілі звярнуцца прафесара Яна Чыквіна – паэта, беларусіста, старшыню Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа», а таксама беларускую паэтэсу з Беласточчыны Галіну Тварановіч.

Я. Чыквін: У дзень яго высокага юбілею мы зычым яму заўсёды заставацца такім, якім ён быў для нас раней – бадзёрым, стройным, жартаўлівым таварышам, аўтарытэтным калегам для маладых’ паэтаў, за знешнім вобразам якога жыў. Існаваў сур’ёзны, валявы чалавек – беларускі падзвіжнік, выдатны паэт, празаік, перакладчык, літаратуразнавец, прафесар і шматгадовы старшыня Беларускага культурнага таварыства і літаратурнага аб’яднання, кіраўнік Кафедры беларускай філалогіі ВУ. З перспектывы часу лепш бачыцца паўната зробленага юбілярам у карысць беларусаў Польшчы, яго змаганне за нашу беларускасць.

Г. Тварановіч: Кожны, хто даходзіць да таго біблейнага веку – 90 гадоў – варты асаблівага віншавання. Я ад імя супрацоўнікаў універсітэту ў Беластоку жадаю яму яшчэ шмат гадоў здароўя, радасці, як творчай, так і радасці жыцця. Мы ўдзячныя паэту Алесю Барскаму за яго творчасць, за яго гімн «Мой Беластоцкі край». Удалося паэту, як некалі Францішку Багушэвічу ў прадмове да «Дудкі беларускай», выдзеліць галоўныя моманты беларускасці – тэрыторыя, мова, гісторыя. Нейкім цудоўным чынам удалося Алесю Барскаму ў паэтычным тэксце выдзеліць асноватворныя моманты для дзяржаўнасці, для народнасці. Гэта вялікае майстэрства і вялікая любоў да роднай стараны, вялікі патрыятызм.

Аляксандр Баршчэўскі – не толькі паэт, але таксама выбітны гісторык літаратуры, даследчык беларускага фальклору, шматгаловы кіраўнік Кафедры беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце, дзякуючы яму навука аб беларускай мове ды літаратуры пайшла за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў далёка наперад. Алесь Барскі з’яўляецца выбітным даследчыкам таксама эміграцыйнай літаратуры. Ён пачаў вывучаць творчасць пісьменнікаў і паэтаў, якія былі прымушаныя з’ехаць з Беларусі за мяжу. Прапанаваў сваім студэнтам пісаць дыпломныя работы, прысвечаныя творчасці беларусаў эміграцыі, выдаваў сам працы. Гэта да яго быў вялікі, некрануты абшар.

Прафесара шануюць таксама ў Беларусі, хаця ён ніколі не скрываў сваіх поглядаў на актуальныя беларускія ўлады, якія выкараняюць беларускасць. Адам Мальдзіс назваў прафесара «бацькам беларусістаў». Патрыятызм прафесара неразрыўна звязаны з любоўю да роднай мовы, якая фармуе сучасны беларускі народ. Ён усюды падкрэслівае, наколькі важная мова ў працэсе станаўлення нацыі.

Наша рэдакцыя далучаецца да віншаванняў і жадае Аляксандру Баршчэўскаму яшчэ доўгіх гадоў жыцця ў добрым здароўі. Беларусы ведаюць і цэняць яго творчасць.

нг