Беларуская Служба

Памяці Віктара Шведа – беларускага песняра Беласточчыны

07.11.2020 09:32
Адданасць Віктра Шведа беларушчыне, любоў да беларускай культуры і спадчыны павінны быць прыкладам для наступных пакаленняў беларускай меншасці Падляшша. 
Аўдыё
  • Агляд Падляшскага выдання Czasopis за кастрычнік 2020 года.

22 кастрычніка памёр Віктар Швед – знакаміты паэт, шчыры беларус, сардэчны наш сябра, піша галоўны рэдактар падляскага Czasopisa Юрка Хмялеўскі. Віктар Швед жыў доўга, адышоў на 96-тым годзе надта плённага жыцця. Па сабе пакінуў багатую, прыгожую і непаўторную літаратурную творчасць – некалькі тысяч вершаў, у тым ліку шмат для дзяцей, таксама кніжкі ўспамінаў.

Віктар Швед быў вядомым паэтам і актыўным грамадскім дзеячам беларускага руху ў Польшчы на працягу некалькіх пакаленняў. Пры кожнай уладзе і палітычнай сістэме, а жыў ён у некалькіх, сумеў няспынна заўсёды заставацца верным і адданым беларускай справе. Сваю жыццёвую місію як маніхвест заявіў узнёслым вершам «Я – беларус», якім дэбютаваў 24 сакавіка 1957 г. у тыднёвіку «Ніва». Гэта было напярэдадні Дня волі. І хаця гэта свята яшчэ тады і доўга потым наагул не адзначалася, то няспынна сэрцам і душою стаяў Ён пад бел-чырвона-белым сцягам.

Віктар Швед нарадзіўся 23 сакавіка 1925 г. у сялянскай сям’і ў вёсцы Мора на Гайнаўшчыне. Закончыў беларускі ліцэй у Бельску-Падляшскім, затым Акадэмію палітычных навук у Варшаве, аддзяленне журналістыкі і беларускую філалогію Варшаўскага ўніверсітэту. Доўгія гады жыў у польскай сталіцы, дзе працаваў як рэдактар у выдавецтве «Książka i Wiedza». У канцы 1980-ых гадоў пайшоў на пенсію і пераехаў жыць у Беласток.

Беларускія вершы Віктар Швед пачаў пісаць яшчэ ў школьныя годы. Пасля ў дарослым жыцці Яго творчы шлях неразлучна быў звязаны з тыднёвікам «Ніва». Быў сузаснавальнікам у 1958 г. і да канца жыцця сябрам Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа».
Віктар Швед выдаў каля двух дзясяткаў зборнікаў вершаў. Пражывючы ў Варшаве як і ў Беластоку з’ездзіў усю Беласточчыну, амаль у кожнай школе меў аўтарскую сустрэчу. Свае кніжкі падпісваў таксама падчас беларускіх фэстаў, прысутнічаў на мерапрыемствах ладжаных БГКТ і іншымі беларускімі арганізацыямі Польшчы. Без яго не магло адбыцца ніводнае святкаванне Дня Волі.

Віктар Швед дасканала пісаў таксама на польскай мове. На яе перакладаў беларускія, рускія і ўкраінскія вершы, а польскія – на беларускую. Быў сябрам Саюза польскіх літаратараў, Саюза беларускіх пісьменнікаў. Атрымаў шматлікія адзнакі і ўзнагароды, між іншым Ордэн Францішка Скарыны.
Віктар Швед ад пачатку быў таксама пастаянным чытачом падляшскага Czasopisa ды зычлівым сябрам рэдакцыі выдання. Хаця нашмат ад нас старэйшы заўсёды ўсміхаўся, трымаў з рэдакцыяй кантакт, карэспандаваў, падсылаў нам свае матэрыялы. Яшчэ ў сакавіку на электронны адрас рэдакцыі Czasopisa прыслаў падзяку за нашыя віншаванні з нагоды яго 95-гадавага юбілею. Калектыву таксама пажадаў здароўя і каб «не кранула гэтая зараза, што так хутка вандруе па Зямлі».

Віктар Швед пакінуў па сабе прыгожую і непаўторную літаратурную творчасць, выдатна спрычыніўся да мацавання беларускай тоеснасці сярод многіх пакаленняў жыхароў Беласточчыны. Яго адданасць беларушчыне, любоў да беларускай культуры і спадчыны павінны быць прыкладам для наступных пакаленняў беларускай меншасці Падляшша. Паэта Віктара Шведа ўзгадваў галоўны рэдактар Czasopisa Юрка Хмялеўскі.

Czasopis/эж