Беларуская Служба

Беларуска, якая жыве ў Амерыцы, стварыла анлайн-краму, каб дапамагчы пацярпелым

12.11.2020 19:09
Ганна Аляксеева не змагла застацца ў баку пасля таго, як у Беларусі пачаліся масавыя паслявыбарчыя рэпрэсіі.
Аўдыё
  • Беларуска, якая жыве ў Амерыцы, стварыла анлайн-краму, каб дапамагчы пацярпелым
      .
Прыбытак ад продажу ідзе ў падтрымку пацярпелым.https://mayamova.com/

«Мая Мова» – некамерцыйне праект, якi быў створаны, каб прыцягнуць увагу да тыраніі і парушэння правоў чалавека, якія адбываюцца ў Беларусі. «Мая Мова» – гэта анлайн-крама адзення і аксесуараў, натхнённых беларускай культурай і сімваламі свабоды. Увесь прыбытак ад продажаў ідзе на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі.

Мы паразмаўлялі з аўтаркай ідэі Ганнай Аляксеевай.

Раскажыце, калі ласка, некалькі словаў пра сябе.

-Я пачала сваю кар'еру графік-дызайнерам і ў цяперашні час працую UX-дызайнерам у сферы фінансавых тэхналогій. У мяне двое дзяцей. Дачка, якой дванаццаць гадоў, любіць дапамагаць прыдумляць новыя дызайны для адзення. Яе дызайн зубр адзін з самых папулярных у нашай краме.

Адкуль ідэя, як нарадзілася?

-Не магу заставацца абыякавай да парушэння правоў чалавека. Я нарадзілася ў Мінску, але цяпер жыву каля Сан-Францыска ў Паўночнай Каліфорніі. У гэтым годзе пасля чарговай фальсіфікацыі выбараў (у шосты раз) падаўленне мірных пратэстаў было асабліва жорсткім. Гэта тысячы арыштаў. Збівалі людзей без літасці, абыходзіліся з асаблівай жорсткасцю, катавалі і нават стралялі. Шмат пацярпелых. Было вельмі цяжка быць так далёка ад роднай краіны ў такія цяжкія хвіліны, некалькі дзён нават не было сувязі з роднымі з-за таго, што ўлады заблакавалі інтэрнэт. Не спалі начамі, чакалі навінаў. Вельмі хацелася хоць неяк падтрымаць.

Я шукала спосаб дапамагчы і данесці да міжнароднай грамадскасці тое, што адбываецца ў Беларусі. Так нарадзіўся праект «Мая Мова». Спачатку я зрабіла некалькі дызайнаў для цішотак і хацела выставіць іх на amazon і etsy, але мяне заблакавалі. Спачатку апусціліся рукі, а потым падумала, што я ж магу сама зрабіць сваю анлайн-краму. Вельмі дапамог досвед працы ў IT. Распрацавала дызайн, за некалькі дзён запусціла сайт, наладзіла сувязь з кампаніямі друку на вопратцы ў Амерыцы і Еўропе.

Што вы прадаяце? Хто і як можа купіць?

- У краме можна знайсці вельмі шмат разнастайнай прадукцыі, ад паштовак і
стыкераў, да абутку, свiтшотаў і прадметаў інтэрʼеру. Шмат дызайнаў на беларускай мове. Большасць пакупнікоў – гэта беларусы, якія пражываюць за мяжой, і хто хоча падтрымаць родную краіну. Калі людзі носяць вопратку з такімі прынтамі,
мясцовыя жыхары часта пытаюцца: што гэта азначае. Гэта добрая нагода расказаць пра парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, пра нашую мову і культуру.

Мы пастаўляем па ўсім свеце, аплаціць можна праз PayPal.

Калі запусцілі гэты праект і як ідуць справы?

-Я запусціла праект у верасні гэтага года, напісала пра яго на Фэйсбуку ў групе «Беларусы ЗША. Разам лягчэй» і ўжо ў першы месяц было каля 30 заказаў.
Зараз замоваў менш, трэба часцей рэкламаваць, але на жаль, не заўсёды ёсць час.
Зараз працую над дызайнам паштовак да Новага году і Калядаў.

Вы ўзгадалі, што прыбытак ідзе ў падтрымку пацярпелых.

-Увесь прыбытак я перакладаю ў вядомым фонд BY_SOL, але ў будучыні хачу працаваць з большымі сродкамі. Калі праект будзе развівацца, то хацелася б ахвяраваць сродкі на развіццё беларускай культуры і школ за мяжой.

Таксама вельмі хочацца, каб гэты праект дапамог не толькі сабраць сродкі для падтрымкі пацярпелых, але і дапамог развіццю беларускай культуры за мяжой. Нядаўна ў нас у Сан-Францыска праходзіла выстава пратэстнага мастацтва, арганізаваныя групай Беларусь SF і часопісам Chrysalis. Было вельмі шмат класных работ.

Вельмі б хацелася прыцягнуць да праекту як мага больш іншых беларускіх дызайнераў і мастакоў, ды і не толькі беларускіх. Я заўсёды лічыла што мастацтва – гэта інструмент дабра.

На дадзены момант ужо ёсць тавары з дызайнам сцягоў Уладзіміра Цэслера, ілюстрацыя «Жыве», зробленая Annoй Ammendolia, лагатып «Кибер-партизаны», а таксама фотапартрэт Ніны Багінскай фатографа Івана Рэвяка. Ірына Мурашова – адна з нашых пакупніц, якая дамовілася з Іванам аб выкарыстаннi гэтага фота, нават замовіла светшорты для Ніны і Івана і адправіла ў Беларусь.

Дзякуй за размову! 

Зрабіць пакупкі ў краме «Мая Мова» можна тут