Беларуская Служба

Ідзе суд над адным з супрацоўнікаў «Арт-сядзібы» Алесем Сапрыкіным

07.12.2020 18:46
Не сціхаюць рэпрэсіі супраць актыўных грамадзян, у тым ліку дзеячоў культуры.
Аўдыё
  • Пра сітуацыю між іншым "Арт-сядзібы" мы размаўлялі з Усяславам Пашкевічам
    -
Алесь Сапрыкін вядзе перадачу Арт-сядзіба анлайнСкрын: youtube канал Арт-сядзіба

Учора сілавікі затрымалі больш за 300 асоб, якія ўдзельнічалі ў пратэстах. Сярод затрыманых ёсць таксама людзі, славутыя ў асяроддзі беларускай культуры і мастацтва. Адзін з іх – супрацоўнік «Арт-Сядзібы» Алесь Сапрыкін. У час складання матэрыялу ішоў суд над Алесем і нам не ўдалося скантактавацца з яго калегамі з арганізацыі, каб яны распавялі нам падрабязнасці пра затрыманне і абвінавачанні. Мы звязаліся з чалавекам, які блізка звязаны з «Арт-сядзібай», блізка супрацоўнічае з арганізацыяй. Гэта Усяслаў Пашкевіч, вядомы таксама як відэаблогер Тутэйшы Шляхціч:

-Яго больш ведаюць людзі як актора. Ён апошні час выступае ў дваравых імпрэзах у якасці актора, ладзіць выступленні досыць файныя. Для мяне ён асацыюецца больш з «Арт-сядзібай», таму што я ім там пазнаёміўся. Гэта такая арганізацыя, якая ладзіць розныя імпрэзы, івэнты, папулярызуе беларускую мову і свядомасць. Я ведаю Алеся Сапрыкіна як чалавека, які выступае ў ролі выступоўцы, вядоўцы ў «Арт-сядзібе», таму што, калі яны ладзяць нейкія івэнты – ён там бярэ ролю спікера-вядоўцы.

Атмасфера пераследу і рэпрэсій пакідае свой моцны ўплыў на сферу грамадзянскай дзейнасці. У Беларусі амаль ужо няма людзей, каторых знаёмыя або сваякі не былі б затрыманыя, збітыя або асуджаныя на некалькі сутак ці базавых велічыняў. Такое жыццё ў пастаянным страху ўплывае і на атмасферу ўнутры арганізацыяў, якія аднак, стараюцца не спыняць дзейнасці, надалей арганізуюць мерапрыемствы і папулярызуюць культуру сярод грамадства:

-Зусім нядаўна я быў на адным івэнце, які ладзіла «Арт-сядзіба», таму я ўвачавідкі бачыў настроі. І тое, што адбываецца зараз у нашай краіне – гэты палітычны крызіс – ён моцна ўплывае на «Арт-сядзібу» і адчуваецца, што ў многіх людзей, у тым ліку і ў мяне, эмацыйнае выгаранне. Адчуваецца трывога. Я заўважыў у многіх людзей, у тым ліку і ў мяне, што людзям нават пачынае сніцца, як за імі гоніцца АМАП. Мне сёння прыснілася, што я на Акрэсціна. І літаральна – гэта пачынае сніцца. Такая трывога пачынаецца, што яна яшчэ і назапашваецца. І пра гэта мы ўсе гаворым, пра гэта нават узгадвалі на івэнце. Канешне, складана абстрагіравацца ад гэтага ўсяго, таму мы пра гэта спрабуем размаўляць, але тым не менш, нягледзячы ні на што, такія арганізацыі, як «Арт-сядзіба» працягваюць займацца сваёй дзейнасцю. На гэтым івэнце яны казалі, што трэба самім абстрагіравацца ад трывогі, ад палітычных сітуацый, што трэба прама прымушаць сябе арганізаваць нешта. Таму што пастаянна бачым гэтыя жудасныя навіны, гэты жах, што кагосьці затрымалі, кагосьці збілі, камусьці крыміналку павесілі і гэта проста вакол і побач.

Нягледзячы на трывогу і страх, які час ад часу ахапляе ўсіх беларусаў, ёсць пастаянная вера ў лепшае. Шлях, які ўжо пройдзены, дазваляе толькі рухацца наперад, таму і ўсе, нягледзячы на цяжкасці, вераць у перамогу. Наш суразмоўца, Усяслаў Пашкевіч, лічыць, што хаця і зараз можа быць нам цяжка і страшна прымаць нейкія крокі, але праз гадоў пяць успаміны пра падзеі 2020 года будуць цёплымі і напэўна будуць успамінацца ў свабоднай Беларусі.

-Усё тое, што зараз з намі адбываецца, яно ўжо накладвае моцны адбітак на гісторыю, а па-другое, вельмі важнае для нас – гэта тое, што гэтыя падзеі моцна нас скансалідавалі, і гэта адзначаюць многія людзі, што зараз у нас прачнулася нацыя, якая гатова пастаяць за сябе, якая гатовая дапамагчы сама сабе. У нас людзі моцна згуртаваліся, з’ядналіся і гэта вельмі важна, што ў нас нарадзілася грамадзянская супольнасць, якая раней, магчыма, спала, магчыма, яе не было. Зараз яна ёсць. І канешне, праз тыя 5 год мы напэўна будзем узгадваць гэтыя падзеі лёгка, будзем называць нейкім пройдзеным этапам.

Сярод людзей, якіх пераследуюць, ёсць шмат асоб, звязаных з культурай, такімі арганізацыямі, як «Арт-сядзіба» і вядуць свае каналы. Усяслаў згадаў справу аднаго з найбольш вядомых блогераў, Міколы Дзядка:

-Ужо маем амаль тысячу крымінальных спраў, толькі за тое, што людзі выказалі сваю думку. Або як сітуацыя з Міколам Дзядком. Ён нёс свой пункт гледжання, які выказваў у сваім Ютуб-канале. За гэта яму зараз прышылі крымінальную справу, і да таго яшчэ і збілі моцна. Гэта поўны жах. Але, канешне, праз пяць год мы гэта будзем узгадваць ужо зусім проста, лёгка, як гэты пройдзены этап. Але гэта вельмі важны этап для станаўлення незалежнай, дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь, а не Беларуссии. Бо тое, што зараз маем – гэта Беларусія, нейкая савецкая прастора, дзе збіваюць проста за пункт гледжання.

У час, калі рыхтаваўся матэрыял, меўся адбыцца суд над Алесям Сапрыкінам. І вось літаральна зараз мы атрымалі інфармацыю пра тое, што яго перанеслі на заўтра. Сябры «Арт-сядзібы» чакалі суду, таму нам не ўдалося з імі скантактавацца.

Альберт Ежы Вяжбіцкі