Беларуская Служба

На беларускім YouTube «Не хапае ўсяго і пра ўсё» – блогер заклікае ствараць кантэнт па-беларуску

30.12.2020 15:53
«Я перакананы, што я кагосьці натхняю і іншыя блогеры кагосьці натхняюць і вось па крысе ўзнікаюць новыя беларускамоўныя блогеры».
Аўдыё
  • Усяслаў Пашкевіч пра тое каго і чаго не хапае беларускамоўным СМІ
Усяслаў Пашкевіч і лога яго каналуФота ўласнае Ўсяслава Пашкевіча

У другой частцы інтэрв’ю з Усяславам Пашкевічам (далей - УП), вядомым у інтэрнэце як «Тутэйшы Шляхціч», наш журналіст Альберт Ежы Вяжбіцкі (далей - АЕВ) запытаў пра тое, чаго не хапае беларускай блогасферы? У размове з блогерам з’явіўся таксама адказ на пытанне: на што звярнуць увагу, калі ты толькі пачынаеш ствараць свой відэакантэнт? Пра гэта ды іншае – у нашым сюжэце.

АЕВ: Давай зараз пяройдзем да пытання, якое мяне, як беларускамоўнага журналіста, моцна цікавіць і ў нейкім сэнсе турбуе. Скажы, калі ласка, ці беларускі Ютуб і агулам сацсеткі вельмі абмежаваныя? Па тэмах, па якасці, але перадусім па колькасці кантэнту? Калі зайсці ў той жа Ютуб, знайсці відэа на жаданую тэму вельмі цяжка. І я б хацеў, каб ты падказаў нашым слухачам, чаго не хапае па-беларуску?

УП: тут можна адказаць спачатку сціпла, вельмі проста: якога кантэнту не хапае? Усяго і пра ўсё! Калі больш разгорнута: калі зайсці зараз на Youtube, паглядзець што там у рэкамендацыях, вось чаму тое ж самае не можа быць па-беларуску? Напрыклад Дудзь зараз у трэндах. Чаму ў нас не можа быць такога Дудзя на беларускай мове? ВладА4 – гэта наш беларус, але запісвае на расейскай мове. Чаму ў нас не можа быць такога ж Улада на беларускай мове. І таму падобнае. Уласна мне не хапае кантэнту звязанага з музыкай, я б хацеў глядзець кантэнт звязаны з разборам нейкіх песень на гітары, укулеле і можа быць перакладаў з іншых моў на беларускую, гэта раз. Два: не хапае ролікаў па-беларуску пра мантаж, пра стварэнне відэа. Тры: не хапае проста размоўных відэаблогаў, падарожжаў. Вось самае класнае, калі б былі падарожжы, таму што гэта тое, што заходзіць проста заўсёды і ўсюды. Вандроўкі – гэта таксама такая тэма, калі ты можаш раскрыць сваю харызму, таму што табе не трэба завучыць тэкст, не трэба засяроджвацца перад камерай. Проста ты ёсць, які ты ёсць, проста раскрываеш сваю харызму і такім чынам можна з табой пазнаёміцца. Не хапае нейкіх кулінарных шоу, шоу з жартамі, каб проста сабраліся людзі і проста жартавалі.

АЕВ: А чаго зашмат? Чым бы ты замяніў існуючы кантэнт?

УП: У нас шмат палітычнага, навіннага, гістарычнага кантэнту. Зараз чамусьці ўсе пайшлі ў гісторыю. Я займаюся гісторыяй ужо даўно, я навучаюся на гісторыка, таму гэта мая натуральная тэма, я гэтым жыву. Але я заўважыў, што многія блогеры, якія здымалі раней пра нешта зусім іншае, зараз палезлі ў гісторыю. Гэта канешне вельмі праядаецца, стамляе і таму хочацца нечага іншага. Хаця хачу заўважыць, што зараз ёсць напрыклад кантэнт Анібел, Кукумба, дзе агучваюць анімэ, мульцікі, серыялы на беларускай мове. Але гэтага не хапае, хочацца каб на Youtube нешта было. О! Лэтсплей! У нас ёсць адзін лэтсплейшчык, але гэтага мала, хочацца больш лэтсплеяў, харызматычных, цікавых. Ролікаў па псіхалогіі, філасофіі, пра сусветную гісторыю...

АЕВ: Давай дапусцім такую сітуацыю... Спадзяемся, неўзабаве ў Новай Беларусі ўзнікнуць новыя СМІ, у тым ліку дзяржаўны. І напэўна будуць патрэбныя новыя таленты для тэлебачання, радыё і агулам дзяржаўных СМІ. Ці ты быў бы гатовы пайсці на тое і якую, напрыклад, праграму хацеў бы весці?

УП: Насамрэч, я б мог любы кантэнт ствараць – галоўнае на беларускай мове. Вось, я гэта для сябе зразумеў, таму што я займаюся агучваннем на беларускай мове. Агучваю напрыклад тыя ж серыялы, мульцікі і ў мяне былі знаёмыя, якія прасілі агучыць нешта на расейскай мове. Я канешне ім дапамагаў, агучваў, але я зразумеў, што мне на расейскай мове не падабаецца, нешта не ідзе. А на беларускай мове ўсё як па маслу. Што бы я не ўзяў пачытаць у рукі, ідзе як па маслу! Мне так гэта падабаецца, што я магу рабіць што толькі заўгодна. Казка, як спадар Маляваныч, ды хоць навіны, ды хоць пра музыку, гісторыю.Усё, што заўгодна, галоўнае на беларускай мове. Гэта для мяне самае важнае.

АЕВ: Якія рады ў цябе ёсць для людзей, якія хочуць пачаць рабіць відэа па-беларуску, але, напрыклад, саромеюцца або баяцца, што будуць не зусім прафесіянальнымі? Што варта ведаць тым, хто толькі пачынае свой шлях?

УП: Калі ідзеш у беларускамоўны YouTube або TikTok, ніколі нельга чакаць, што праз некаторы час ты станеш папулярным, усе будуць вызначаць цябе. Не. Калі хтосьці ідзе ў YouTube, яму трэба спачатку вызначыць, што па-першае не будзе папулярнасці вельмі хуткай. Гэта вельмі марудная гісторыя. Калі ісці ў YouTube, то гэта гісторыя пра тое, што спроба самарэалізавацца і для таго ў нас ёсць свае беларускамоўнае камюніці, мы падтрымліваем адзін аднаго, у нас ёсць свой чат у тэлеграме. Таму калі хтосьці вырашыць пайсці ў YouTube, яны заўсёды знойдуць падтрымку – гэта безумоўна. Дастаткова знайсці мяне або кагосьці з блогераў і напісаць. Я ўпэўнены, што калі не апускаць рукі, калі працягваць займацца развіццём беларускамоўнага YouTube і TikTok і астатняга, то беларускамоўнага кантэнту будзе больш-больш і галоўнае, не спыняцца, натхняцца. Таму што я перакананы, што я кагосьці натхняю і іншыя блогеры кагосьці натхняюць і вось па крысе ўзнікаюць новыя беларускамоўныя блогеры. Таму гэта няспынная праца, накіраваная на папулярызацыю беларускай мовы. Не на папулярнасць, грошы, а на папулярызацыю беларускай мовы і самарэалізацыю.

Гэта была другая частка размовы з Усяславам Пашкевічам або інакш – блогерам «Тутэйшым Шляхцічам». Першую частку вы можаце знайсці і паслухаць на нашым сайце radyjo.net. Калі вы хочаце ствараць беларускамоўны кантэнт, то парады ад старэйшага калегі, які ўжо не не навічок у блогасферы, стане выдатнай дапамогай у творчай працы. Нам будзе вельмі прыемна, калі пасля згаданай публікацыі хтосьці вырашыць заснаваць канал пра падарожжы, псіхалогію або музыку, якіх, безумоўна, нам яшчэ не хапае.

Альберт Ежы Вяжбіцкі

Беларускі ютубер расказаў нам пра тое, як важна ствараць кантэнт у сацсетках па-беларуску

27.12.2020 20:45
Беларускамоўны кантэнт у сацсетках становіцца толькі больш і больш папулярным, лічыць наш суразмоўца.