Беларуская Служба

Сёння адбудзецца канцэрт лаўрэатаў XVIII Міжнароднага конкурсу імя Фрыдэрыка Шапена

21.10.2021 11:11
Узровень удзельнікаў быў беспрэцэдэнтна высокі, лічаць члены журы міжнароднага конкурсу пяністаў.
Аўдыё
  • Сёння адбудзецца канцэрт лаўрэатаў XVIII Міжнароднага конкурсу імя Фрыдэрыка Шапена.
 XVIII     .
Пераможцы XVIII Міжнароднага конкурсу імя Фрыдэрыка Шапена.PAP/Wojciech Olkuśnik

У Варшаве закончыўся XVIII Міжнародны конкурс піяністаў імя Фрыдэрыка Шапена. У згоднай ацэнцы членаў журы, музыколагаў, музычных крытыкаў, а таксама аматараў музыкі, узровень мерапрыемства быў беспрэцэдэнтна высокі.

Канадзец Брус Сяою Лю(Bruce (Xiaoyu) Liu) перамог у XVIII Міжнародным конкурсе піяністаў імя Фрыдэрыка Шапена. Журы, у міжнародным складзе, абвясціла свой вердыкт у Нацыянальнай філармоніі ў Варшаве ў сераду ўначы. Пасля абвяшчэння вынікаў пераможца Брус Сяою Лю не хаваў сваіх эмоцый:

- Я сапраўды не ведаю, што сказаць. У мяне столькі эмоцый. Іграць Шапена на гэтай прэстыжнай сцэне ў Варшаве – адна з лепшых рэчаў, якія вы можаце сабе ўявіць. Я сапраўды ганаруся гэтай узнагародай. Дзякую журы за давер, падтрымку з боку гледачоў, цеплыню і, вядома, дзякую родным і блізкім.

У фінале конкурсу спаборнічалі 12 піяністаў з 10 краін, у тым ліку два палякі: Каміль Пахолец і Якуб Кушлік. У апошні этап конкурсу акрамя палякаў увайшлі таксама два піяністы з Японіі, два з Італіі, два з Канады, а таксама прадстаўнікі Іспаніі, Славеніі, Арменіі, Кітая, Расіі і Паўднёвай Карэі.

Дырэктар конкурсу і Інстытута імя Фрыдэрыка Шапена Артур Шкленэр(Artur Szklener), падкрэсліў, што журы не сумнявалася ў прысуджэнні першага месца:

-Калі гаворка ідзе пра першае месца – тут пасля фіналу не было ніякіх сумневаў. За гэта сведчылі атрыманыя піяністам пункты і ацэнкі членаў журы. Трэба падкрэсліць, што ўзровень сёлетняга конкурсу быў беспрэцэдэнтны. Музыколагі, музычныя крытыкі згодныя, што настолькі высокага ўзроўню ў гісторыі конкурсу яшчэ не было.

Гэтую ацэнку пацвярджае таксама старшыня журы прафесар Катажына Папова-Зыдрань(Katarzyna Popowa-Zydroń):

- Я лічу, што вердыкт максімальна найлепшы ў сітуацыі, калі маем столькі выдатных піяністаў. Справа складаная, паколькі ўсе яны заслугоўваюць на развіццё музычнай кар’еры. Шапен – гэта вечна жывы выклік для маладых піяністаў. Можна сказаць, што ён расце разам з імі. Падчас сёлетняга конкурсу мы слухалі Шапена XXI стагоддзя.

Другое месца занялі: Аляксандр Гаджыеў, які прадстаўляе Італію і Славенію, Кёхей Сарыта з Японіі. Гаджыеў таксама быў прызнаны лепшым выканаўцам санаты. Трэцім прызёрам стаў Марцін Гарсія Гарсія з Іспаніі. Ён таксама атрымаў узнагароду за лепшае выкананне канцэрта.

У сваю чаргу чацвёртае месца занялі Аймі Кабаяшы з Японіі і паляк Якуб Кушлік (Jakub Kuszlik), які атрымаў таксама ўзнагароду грамадскага Польскага радыё за лепшае выкананне мазуркаў.

- Гэтая музычная форма з аднаго боку здаецца вельмі простай і без асаблівых цяжкасцяў. Аднак з другога – гэты твор дазваляе піяністу паказаць майстэрства. Я ганаруся тым, што менавіта я атрымаў узнагароду за выкананне мазуркаў.

- сказаў польскі піяніст.

Грамадская радыёстанцыя фінансуе ўзнагароду за выкананне мазуркаў з першага конкурсу, нагадаў музычны кіраўнік Другой праграмы Польскага радыё Анджэй Сулэк(Andrzej Sułek):

-Узнагарода за мазуркі – гэта ўзнагарода, якую Польскае радыё фінансуе ад першага конкурсу, то бок з 1927 года. Польскае радыё з’яўляецца ініцыятарам гэтай узнагароды, але прысуджае яе журы.

Конкурс піяністаў – гэта не толькі ўзнагароды, але таксама папулярнасць. Якуб Кушлік прызнаў, што з кожным этапам конкурсу адчуваў рост зацікаўлення з боку аматараў музыкі і сродкаў масавай інфармацыі:

-Раптам паяўляюцца запрашэнні на Фэйсбуку, усё больш асобаў просяць аўтограф, людзі пазнаюць мяне на вуліцы. Я меў нагоду размаўляць з лаўрэатамі папярэдніх конкурсаў. Я шчаслівы, што мог удзельнічаць ва ўсіх чатырох этапах конкурсу; выступіць з аркестрам перад публікай.

Конкурс – гэта таксама вялікае свята для аматараў класічнай музыкі:

- Гэта нешта цудоўнае паслухаць розныя інтэрпрэтацыі аднаго музычнага твора; заўважыць, што яны гучаць па рознаму пад пальцамі кожнага піяніста. Пачуць гэтую музыку ўжывую – гэта вялікія эмоцыі.

Агулам журы конкурсу прысудзіла ажно восем узнагародаў, якія будуць уручаны сёння падчас І Канцэрта лаўрэатаў у Вялікім Тэатры-Польскай нацыянальнай оперы. Пераможца конкурсу атрымае залаты медаль і 40 тысяч еўра.

Нагадваем, у XVIII-м Міжнародным конкурсе імя Фрыдэрыка Шапена з 3 кастрычніка бягучага года ўдзельнічалі 87 піяністаў з усяго свету. Выступленні ўдзельнікаў ацэньвала міжнароднае журы ў складзе з 17 выбітных прадстаўнікоў сусветнага піянізму.

Упершыню конкурс прайшоў у студзені 1927 года. Яго ініцыятарам быў прафесар Ежы Жураўлеў з Дзяржаўнай вышэйшай музычнай школы ў Варшаве. У першым конкурсе прынялі ўдзел 26 піяністаў з 7 краін. Тады першую ўзнагароду атрымаў піяніст з Савецкага Саюза Леў Аборын, а другую – паляк Станіслаў Шпінальскі.
З-за пандэміі каранавіруса XVIII Міжнародны конкурс імя Фрыдэрыка Шапена быў адтэрмінаваны на год. Доўгачаканы адборачны этап конкурсу пачаўся 12 ліпеня ў Нацыянальнай філармоніі ў Варшаве.

IAR/аз