Беларуская Служба

Пра шмат цікавых фактаў можна даведацца ў варшаўскім Музеі тэхнікі

03.02.2022 13:06
У музеі прадстаўлена багатая гісторыя развіцця транспарту, лічыльнай тэхнікі ды шмат іншага.  
Muzeum Techniki w Warszawie
Muzeum Techniki w Warszawieфота: Wikipedia/Adrian Grycuk/domena publiczna

У Варшаве пасля рамонту і мадэрнізацыі запрацаваў Нацыянальны музей тэхнікі. Аб’ект быў зачынены цягам чатырох гадоў. Музей тэхнікі знаходзіцца ў цэнтры сталіцы, у палацы культуры і навукі. Госці могуць знаёміцца ў музеі з экспанатамі на дзвюх пастаянных тэматычных экспазіцыях. Выстава «Гісторыя транспарту – па моры, сушы і паветры» прадстаўляе глабальнае развіццё тэхнікі перасоўвання чалавека, з самых старажытных часоў да нашага часу, – гаворыць куратар выставы Ежы Леманьскі (Jerzy Lemański).

- На кожнай з гэтых трох частак выставы ёсць польская тэматыка: мы расказваем пра порт у Гдыні, калі гаворка ідзе пра водны транспарт. Гэта быў вялізны поспех Польшчы ў міжваенны перыяд. А на выставе, прысвечанай сухапутнаму транспарту, прадстаўленыя прататыпы польскіх аўтамабіляў і машыны, якія вырабляліся ў краіне, у галіне паветранага транспарту мы прадстаўляем між іншым рухавік Jumo, які выкарыстоўваўся ў самалёце Мesserschmitt – першым рэактыўным самалёце Другой сусветнай вайны. Ёсць таксама куток, прысвечаны лётчыку Францішку Жвірку (Franciszek Żwirko) і канструктару Станіславу Вігуры (Stanisław Wigura).

Ёсць таксама ў музеі выстава, прысвечаная тэхніцы, якая дазваляе рабіць падлікі. У вялікай залі сабраныя механічныя лічыльнікі, офісныя і кішэнныя калькулятары, а таксама камп’ютары – і амаль сучасныя, і самыя першыя, – распавядае куратар экспазіцыі Заслаў Адамашэк (Zasław Adamaszek).

- Тое, што з’яўляецца стрыжнем дадзенай выставы – гэта камп’ютары, блізкія да сучаснай тэхнікі. Гэта як стацыянарныя камп’ютары тыпу Odra, якія цягам дзесяцігоддзяў служылі ў Польшчы, у прамысловасці, у статыстыцы і даследаваннях. Ёсць таксама офісныя камп’ютары, ноўтбукі. Разнастайнасць сабраных тут экспанатаў паказвае практычна ўвесь працэс развіцця дадзенай галіны тэхнікі на працягу апошніх ста гадоў.

У гэтым годзе плануецца адкрыць выставу, прысвечаную ўкладу палякаў у сусветную галіну тэхнікі і навукі, а таксама гісторыі выкапнёвага паліва і Ігнацы Лукасевічу (Ignacy Łukasiewicz). У наступныя гады ў Палацы культуры і навукі адкрыюцца новыя экспазіцыі.

Віцэ-прэм'ер, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Глінскі таксама заявіў аб будаўніцтве новай пляцоўкі для музею побач з Нацыянальным стадыёнам.

Нацыянальны музей тэхнікі ў Варшаве быў створаны ў 2017 годзе на месцы Музею тэхнікі і прамысловасці, які дзейнічаў дагэтуль больш за 60 гадоў. Музей зʼяўляецца найбуйнейшай установай такога тыпу ў Польшчы. У ім сабраныя каштоўныя калекцыі, галоўным чынам у галіне гісторыі польскай тэхнікі: матацыклаў, радыёпрымачоў, пераважна айчыннай вытворчасці, геадэзічных прыбораў, аргтэхнікі, кампʼютараў ды гульнявых механізмаў.

IAR PR/нг

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка