Беларуская Служба

«Ноч паэтаў» - трагічная дата беларускай гісторыі ХХ стагоддзя

29.10.2022 10:00
Расстрэл 29.10.1937 стаў самай трагічнай кропкай хвалі маштабных рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі. 
Аўдыё
  • «Ноч паэтаў» - трагічная дата беларускай гісторыі ХХ стагоддзя
.
.nochpaetau.com

Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года – трагічная дата беларускай гісторыі ХХ стагоддзя. Сёння яе называюць «Ноччу паэтаў», бо ў гэтыя дні беларусы аддаюць пашану памяці выдатных творцаў, якія былі фізічна знішчаныя тагачасным рэжымам. Але іх памкненне да свабоды творчасці, іх вольны дух, іх авантурызм, эксперыментатарства ў паэзіі і прага да жыцця і цяпер працягваюць натхняць беларусаў.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску, меркавана ва ўрочышчы Курапаты, былі расстраляныя 108 беларускіх дзяржаўных, культурных дзеячаў і навукоўцаў. Сярод іх 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі.

Самаму старэйшаму з забітых, празаіку і публіцысту Янку Нёманскаму, споўнілася 47 год, а сярод самых маладых – паэт і перакладчык Юлій Таўбін (26 год), літаратурны крытык Пётр Хатулёў (25 год), педагог і школьны настаўнік Іван Жылуцкі (25 год).

Расстрэл 29.10.1937 стаў самай трагічнай кропкай хвалі маштабных рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі. Хваля гэтая доўжылася з 1929 па 1938 год, мела мэтай знішчэнне нацыянальна арыентаваных творцаў, выкладчыкаў, службоўцаў, навукоўцаў і закранула больш за 500 выбітных дзеячаў беларускай культуры. Некалькі соцень чалавек былі высланыя за межы Беларусі, некалькі соцень – расстраляныя, дзясяткі адпраўленыя ў лагеры і загінулі ў ГУЛАГу.

Яшчэ ў жніўні 1937 года ва ўнутраным дворыку турмы НКУС былі спаленыя тысячы старонак рукапісаў. Вершы і проза, лісты, дзённікі, успаміны, фотаздымкі, дзясяткі тысяч кніг рэпрэсаваных аўтараў былі выдаленыя з бібліятэчных фондаў, знішчаныя альбо адпраўленыя ў спецхраны. Імёны забітых і высланых выкрэсліваліся з даведнікаў, энцыклапедый і падручнікаў. На іх згадку была накладзена забарона.

Праект (НЕ)РАССТРАЛЯНЫЯ інтэрнэт-партала TuzinFM.by з'яўляецца самым поўным рэсурсам па тэме. Часткай праекту з'яўляецца музычны праект, калі вядомыя беларускія выканаўцы напісалі музыку да вершай расстраляных у 1937-м літаратараў. Кожны зь іх па-свойму адгукнуўся на тую радасць і боль, спадзевы і безвыходнасць, якімі прасякнутыя творы паэтаў.

На старонцы праекту (НЕ)РАССТРАЛЯНЫЯ можна адшукаць адкрытыя лекцыі пра герояў праекту, падрыхтаваныя вядомымі даследчыкамі літаратуры і культуры Беларусі. 12 лекцыяў прайшлі ў 2017 годзе ў кнігарні «Логвінаў». Увосень 2018 году адбылося яшчэ 6 новых лекцыяў у Мінску, а таксама прайшлі 5 выязных лекцый у Гродне, Гомелі, Брэсце, Магілёве, Віцебску. На базе лекцый праекту «(Не)расстраляныя» у Лятучым універсітэце створаны Адукацыйны курс.

Святкавання Ночы паэтаў у Курапатах апошні раз адбылося ў 2020 годзе. Разам з імёнамі расстраляных паэтаў прагучалі імёны Аляксандра Тарайкоўскага, Аляксандра Віхора, Генадзя Шутава і Мікіты Крыўцова, што загінулі падчас пратэстаў.

Цяпер акцыі з нагоды Ночы паэтаў праводзяцца толькі дыяспарамі ў замежжы. Галасы гэтых імпрэзаў – галасы ахвяр рэпрэсій у Беларусі. Але не толькі. Сам факт правядзення такіх вечарын – знак нашай пашаны да папярэднікаў, нявінна знішчаных уладамі. Гэта і знак веры ў тое, што на папялішчы разбураных лёсаў – праз слёзы, пакуты і выпрабаванні – можа гадавацца веліч няскоранай нацыі.

ав/nochpaetau.com

Ужо ў суботу Купалаўцы выступяць з прэм’ерай праекту «37-22»

26.10.2022 15:16
Гэта будзе падарожжа ў мінулае паміж 1937 і 2022 гадамі.