Галіна Казіміроўская, з Інбелкульт2.0 пры фондзе Вольны хор, адзначыла, што Кангрэс стварае шанцы на больш шырокае супрацоўніцтва культурніцкіх асяродкаў і паасобных дзеячаў і артыстаў;
- Мы даем пляцоўку для сустрэчы, для размовы і паўплываць на гэты працэс, каб ён стаў лепшым.
Казіміроўская лічыць, што значнасць культуры недаацэньваецца ў многіх краінах, а ў Беларусі асабліва. Няма ўвагі дзяржавы да культуры, няма фінансавання.
- Культура на апошнім месцы. Гэта апошняе аб чым будуць думаць палітыкі. Не так проста зрабіць сабе тэатр, зрабіць сабе аркестр, хор, ці тэатральныя трупы – гэта вельмі дорага каштуе. Гэта відаць на прыкладзе трупы «купалаўцаў», якія амаль цалкам знаходзяцца цяпер у Варшаве. У Польшчы, у якой больш за 122 тэатры, няма месца, каб ім далі сталую сцэну. Колькі яшчэ яны вытрымаюць і змогуць працягваць вытворчую дзейнасць без грунтоўнай падтрымкі. У 2020 годзе мы таксама бачылі, як культура ўплывае на грамадства. Інструментам былі песні, літаратурныя чытанні ў дварах, гістарычныя лекцыі. Было абуджэнне народа. Былі не толькі маршы і сцягі. Культура выконвае асветніцкую місію.
Вялікай марай з'яўляецца стварэнне ў Польшчы Інстытуту беларускай культуры па ўзору як Гётэ Інстытут ці Польскі Інстытут. Інстытуты звычайна ствараюць урады ў іншых краінах. Галіна Казіміроўская сказала, што ў выпадку беларусаў у эміграцыі маглі б дапамагчы польскія ўлады, у прыватнасці Міністэрства замежных справаў, які мае такія ўстановы як Інстытут Адама Міцкевіча ці Інстытут Пілецкага.
- Інстытут будзе юрыдычна польскі, але створаны для беларусаў. І нават, калі ў нас будзе ўсё добра з краінай, то такія інстытуты таксама будуць патрэбныя. Гэта была б такая амбасада беларускай культуры, месца, дзе ёсць, напр. моўныя курсы, можна набыць беларускія кнігі, праходзяць выставы і там бы прасоўвалася беларускае жыццё для палякаў. А зараз ён бы працаваў для ратавання беларускіх праектаў, беларускага культурнага асяроддзя.
Галіна Казіміроўская адзначыла, што ёсць сумесныя праекты беларускіх творцаў у эміграцыі і артыстамі, якія засталіся ў Беларусі. Гэта ціхае супрацоўніцтва.
- На сённяшні момант, ані прозвішчы, ані нейкія падрабязнасці мы не можам распавядаць, але мы не рвем гэтыя сувязі, напрыклад, нейкі твор ствараецца аўтарам у Беларусі, а выконваецца ў эміграцыі.
На Першым кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі абмяркоўваліся таксама магчымасці і шляхі ўзаемадзеяння еўрапейскіх і беларускіх культурных арганізацый, умовы працы прафесійнага мастацтва, удзел візуальнага беларускага мастацтва ў міжнародных мерапрыемствах, выдаўцы расказалі пра шанцы, выклікі і перашкоды для распаўсюду беларускай кнігі, адбылася таксама панэль пра стан беларускага тэатра паза межамі Беларусі.
Удзельнікі круглага стала пра ролю культуры ў працэсе фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці заклікалі не падзяляць беларускага грамадства на «савецкае» і астатніх, таксама не адкідаць расійскамоўных беларусаў.
Яланта Смялоўская