Беларуская Служба

Сябра журы Прэміі Гедройця Ціхан Чарнякевіч: Мы трапілі ў яміну, якая ўтварылася пасля зачысткі беларускага выдавецкага поля

22.11.2023 16:46
Цырымонія ўручэння літаратурнай Прэміі імя Ежы адбудзецца ў Гданьску ў гэтую суботу.
Аўдыё
  • «Па спісах мы ўбачылі, што нарабілася летась. Гэта даволі трагічна», – сябра журы Прэміі Гедройця Ціхан Чарнякевіч.
.
..

Прэмія імя Ежы Гедройця – найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, уручаецца з 2012 года. Гэта будзе 12-е ўручэнне Прэміі. Трэці раз запар цырымонія адбываецца ў Польшчы, а не ў Беларусі.

Уручэнне Прэміі імя Ежы Гедройця адбудзецца ў суботу, 25 лістапада, у Гданьску па прапанове беларускага культурнага таварыства «Хатка». Плануецца кніжны кірмаш, прэзентацыя кнігі Алеся Бяляцкага, а таксама сустрэча з пісьменніцай Святланай Курс.

25 лістапада 2023 года ў Гданьску ў славутым Двары Артуса (Dwór Artusa, Długi Targ 43-44) а 19:00 па польскім часе (21-00 па беларускім часе) будуць агучаны вынікі конкурсу і адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройця. Плануецца онлайн-трансляцыя.

Аўтар, які зойме першае месца, атрымае грашовую прэмію. Яна забяспечваецца польскімі партнёрамі. Прызы за другое і трэцяе месца – стыпендыя на выспе Готлянд у Швецыі і выданне кнігі адпаведна.

Літаратуразнаўца, сябра журы Ціхан Чарнякевіч сказаў, што мінулы, 2022 год, за які ўласна і ацэньваюцца кнігі, быў надзвычай складаным для беларускай літаратуры – у Беларусі ўлады разграмілі незалежныя выдавецтвы.

«Гэта адна з найбольш складаных прэмій, і менавіта таму, што было вельмі мала кніг заяўлена. Мы трапілі ў яміну, якая ўтварылася пасля зачысткі беларускага выдавецкага поля. Мы сабралі ўсё – і гэта было ўсяго паўтара дзясятка кніг. Але раней былі прэміі, калі падавалася і сорак, і пяцьдзясят, і шэсцьдзесят кніг. Па спісах мы ўбачылі, што нарабілася летась. Гэта даволі трагічна. У гэтым годзе справа павесялела – пайшлі кнігі і ў Беларусі, і за мяжою. Гэта быў складаны момант для ўсёй нашай літаратуры бо калі не засталося выдавецтваў, то дзе выдаць кнігу? І калі такое адбываецца, то ці пісаць увогуле кнігу? Маем што маем», – гаворыць Чарнякевіч.

Шорт-ліст гэтага года:

  1. Алег Дашкевіч з кнігай «З вышыні птушынага палёту» (Мінск: Р. Цымбераў, 2022)
  2. Сяргей Лескець з кнігай «Шэпт» (Мінск: выдавецкая ініцыятыва «Вільма» супольна з Р. Цымбераў, 2022)
  3. Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» (Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», 2022)
  4. Сцяпан Стурэйка з кнігай «Пасажыры карабля Тэсэя» (Мінск: Янушкевіч, 2022)
  5. Іна Снарская з кнігай «Зачараваны скарб» (Мінск: Р. Цымбераў, 2022)
  6. Макс Шчур з кнігай «Там, дзе нас няма» (Логвінаў, 2022)


Сярод лаўрэатаў мінулых сезонаў – Уладзімір Някляеў, Віктар Казько, Ігар Бабкоў, Святлана Курс (Ева Вежнавец), Павел Касцюкевіч ды іншыя аўтары. Летась у конкурсе перамог журналіст «Радыё Свабода» Сяргей Абламейка з кнігай «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая».

Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў.

вх

Беларускія выдаўцы ў эміграцыі: Беларуская кніга папулярная як ніколі

17.06.2023 16:00
Беларускія выдаўцы кажуць, што беларуская кніга ў эміграцыі перажывае перыяд вялікай папулярнасці. Гэта добры было відаць на двухдзённым кніжным кірмашы на пачатку чэрвеня ў Кракаве.