29 верасня адбудзецца канцэрт з нагоды юбілею 300-годдзя стварэння Нясвіжскай капэлы, які пройдзе пад ганаровымі патранатамі падляскага ваяводы, маршалка Падляскага ваяводства і мэра горада Беластока.
Барочная музыка будзе гучаць у Вялікай зале Палаца Браніцкіх. Калі Радзівілы стваралі Нясвіжскую капэлу, квітнеў Палац Браніцкіх, які называлі польскім Версалем і які быў важным культурным асяродкам, дзе канцэнтраваліся артысты, навукоўцы і оперныя зоркі.
300 гадоў таму была створаная Нясвіжская капэла Радзівілаў. Гэта быў унікальны і вядомы музычны гурт, які можна назваць раннекласічным аркестрам – першым утварэннем такога тыпу на тэрыторыі Беларусі, які вызначаў музычныя трэнды эпохі барока і класіцызму. Фундатарам, а дакладней, стваральнікам Нясвіжскай капэлы, так жа, як і тамашняга тэатра, быў Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька», уладальнік сталіцы роду Радзівілаў, а таксама ягоная жонка Уршуля Радзівіл з Вішнявецкіх – вядомая мецэнатка мастацтва, аматарка музыкі і тэатру і аўтарка шматлікіх тэатральных пастановак.
Юбілейны канцэрт мае на мэце аддаць належную павагу былым мецэнатам і музыкам, а таксама нагадаць сучаснай публіцы пра Залаты век музыкі і тэатра, які квітнеў у XVIII стагоддзі ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Падчас канцэрту выступяць лаўрэат прэстыжных міжнародных конкурсаў, знакаміты скрыпач Арцём Шышкоў і ўзыходзячая оперная зорка Юстына Рапач у суправаджэнні аркестра «Classic Modern Orchestra». Гэты сумесны беларуска-польскі аркестр быў адмыслова створаны з нагоды канцэрту да Дня Волі, арганізаванага Цэнтрам у 2024 годзе.
29 верасня (панядзелак), 18.00
Aula Magna Pałacu Branickich, ul. Kilińskiego 1, Беласток
прэс-матэрыялы/ав