Беларуская Служба

Кінапрэмія «Чырвоны верас» распачынае новы сезон і прымае заяўкі

15.10.2025 12:04
Беларуская прэмія кінакрытыкаў «Чырвоны верас» распачынае свой новы сезон і абвяшчае прыём заявак. Гэтым разам кінапрэмія, якая падводзіць вынікі раз на два гады, разглядае фільмы 2023 і 2024 гадоў.
Аўдыё
  • Кінапрэмія «Чырвоны верас» распачынае новы сезон і прымае заяўкі
«Чырвоны верас» распачынае новы сезон фота: прэс-матэрыялы

«Чырвоны верас» адзначыць найлепшыя беларускія стужкі і найлепшых кінематаграфістаў ужо трэці раз. Цырымонія ўзнагароджання мінулага выдання адбылася на пляцоўцы Еўрапейскага кінарынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю. Кінапрэмія па-ранейшаму разглядае беларускія ігравыя і дакументальныя, поўнаметражныя і кароткаметражныя фільмы, якія ствараліся без удзелу дзяржаўных бюджэтаў Беларусі альбо Расіі.

Пад беларускім кіно разумеюцца стужкі, знятыя беларускімі рэжысёрамі альбо беларускімі рэжысёрамі з цалкам ці пераважна беларускаю здымачнаю групай як на тэрыторыі Беларусі, гэтак і за мяжою.

У новым сезоне «Чырвонага верасу» павялічылася колькасць намінацыяў: цяпер заяўнікі таксама змогуць прэтэндаваць на перамогу ў катэгорыі «Найлепшы мантаж». Да таго ж улічваючы кантэкст, у якім беларускія рэжысёры часта перанакіроўваюць свае высілкі ў медыясектар, а таксама вялікую колькасць заявак у адпаведных фарматах мінулым разам, было вырашана стварыць асобную намінацыю «Найлепшы дакументальны рэпартаж» для дакументальных тэле- і YouTube-работ. Гэтая катэгорыя будзе ацэньвацца сябрамі журы па жаданні.

«Мы пішам гісторыю беларускага кіно, якое ў неспрыяльных умовах, але працягвае рэфлексаваць з гледачамі пра супольную рэчаіснасць і расказваць свету пра сапраўдную Беларусь, – кажуць заснавальнікі «Чырвонага верасу». – Нам важна, каб кінааўтары ўсведамлялі, наколькі грандыёзную працу яны робяць: тое, што яны захоўваюць Беларусь і беларусаў у кінамастацтве, пакуль нацыянальная ідэнтычнасць зазнае спробы брутальнага ўплыву, складана пераацаніць. У патоку дрэнных навінаў і складанасцяў хай «Чырвоны верас» будзе адной з пазітыўных цаглінак, якія пераконваюць фільммэйкераў у вартасці іхнай працы».

Удзел у «Чырвоным верасе» можа быць ананімны. Падаць заяўкі могуць праваўладальнікі альбо ўпаўнаважаныя асобы з 13 кастрычніка да 9 лістапада 2025 года на сайце «Чырвонага верасу». Пераможцаў трэцяга выдання кінапрэміі абвесцяць у лютым 2026 года.

ав


. 
Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры