Да юбілею 95-ці годдзя Уладзіміра Караткевіча, фонд Kamunikat.org падрыхтаваў у друк «Каласы пад сярпом тваім». За межамі Беларусі раман па-беларуску выходзіць упершыню. Аднак яго самай вялікай адметнасцю з'яўляецца тое, што гэта тэкст, за які аўтар змагаўся пры жыцці, здымаючы праўкі, зробленыя для выдання 1968 года.
Рэдактаркай выдання з’яўляецца Валянціна Андрэева. Падчас аспірантуры яна знайшла ўсе даступныя на той момант фрагменты кнігі, расставіла іх храналагічна і ў выніку ўдалося знайсці тэкст, які аўтар сам лічыў гатовым для публікацыі белавіком, але які так і не ўбачыў свет.
Гэты белавік цяпер захоўваецца ў Акадэмічнай навуковай бібліятэцы ў Мінску. На яго падставе быў падрыхтаваны і выдадзены тэкст у 25-ці томным зборы твораў Уладзіміра Караткевіча ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Паводле Валянціны Андрэевай, тэкст белавіка быў тым тэкстам, які сам аўтар хацеў пабачыць апублікаваным.
Для новага выдання рэдактарка Валянціна Андрэева паспрабавала прачытаць твор Караткевіча вачыма рэдактара, якому не трэба падпарадкоўвацца савецкім нормам.
- Савецкім нормам і савецкаму бачанню тэкстаў, ідэалогіі, нават беларускай мовы. Паспрабавалі прачытаць вачыма прыязнага рэдактара, які, з аднаго боку, хоча зрабіць твор лепшым і ўказаць аўтару на памылкі, але з іншага чуе і цэніць самога аўтара, разумее гісторыю твора і гісторыю аўтара. Не мае намеру шчоўкаць па носе маладога пісьменніка, які лезе ў гісторыю і паказвае яе зусім іначай, чым прынята. Які ўводзіць форму і словы, якія ў той час не віталіся. То бок, мы яшчэ раз прачыталі белавік гэтага рамана і вярнулі ў тэкст тое, што на сёння не з’яўляецца крамолай, наадварот многія словы, як капіяваць, для нас натуральныя сёння, Караткевіч менавіта такое слова ўжываў. Але савецкія рэдактары не маглі яго прапусціць, бо заўважылі ў ім нешта недазволенае ці непрынятае для мовы.
Сярод іншага вернута словы: маскаль, Беларусь, беларусаў, Падняпроўе, Рака. Гэтыя словы зноў занялі належнае ім месца на старонках.
Нягледзячы на працу рэдактаркі бясспрэчным аўтарам рамана застаецца Уладзімір Караткевіч, гаворыць Валянціна Андрэева:
- Ніводнага майго слова ў рамане не з’явілася. Усе словы, якія мы вярнулі, гэта быў строга тэкст, які пісаў Уладзімір Караткевіч. Лічу, што гэты момант вельмі важна пільнаваць. Калі я рыхтавала тэкст, то старалася быць скрайне далікатнай. Не вяртаць тэксты, у неабходнасці вяртання якіх у мяне няма ўпэўненасці.
Дырэктар выдавецтва Kamunikat.org Яраслаў Іванюк звяртае ўвагу, што «Каласы пад сярпом тваім» пісаў чалавек смелы. Аднак да друку раман аддаваў рэаліст.
- Час, калі Караткевіч пісаў раман, не спрыяў таму, што тэкст мог выйсці без цэнзарскіх правак. Яго пісаў чалавек смелы. Аднак, да друку раман аддаваў рэаліст. Таму ўжо сам Караткевіч зрабіў там свае праўкі, якія дазволілі раману выйсці ў савецкі час. Прыйшоў час, каб такія кнігі, важныя для сучасных беларусаў, выйшлі без цэнзарскіх правах. Бо акрамя правак Караткевіча цэнзура таксама выкінула некаторыя моманты. Мы вяртаем моманты, дзе аўтар пісаў пра Беларусь, пра беларусаў, але чаго ў савецкіх выданнях не было. Акрамя таго, «Каласы пад сярпом тваім» на беларускай мове ўпершыню выйдуць у замежжы.
У выдадзеным рамане не будуць пазначаны моманты, якія дадалі рэдактары. Валянціна Андрэева тлумачыць, што такая пазнака моцна ўмешваецца ў творчую волю аўтара. Гэта таксама перашкаджае паглыбляцца ў твор, а менавіта да паглыблення і рэфлексіі над творам запрашае рэдактарка.
ав
слухайце аўдыё