Беларуская Служба

Ва Украіне выходзіць першы за 4 гады пераклад з беларускай: артбук «Сож» на падтрымку добраахвотнікаў

10.12.2025 12:43
«Сож» – першы з 2021 года пераклад з беларускай мовы, што выходзіць ва Украіне. Сродкі пойдуць на дабрачыннасць.
Аўдыё
  • Ва Украіне выходзіць першы за 4 гады пераклад з беларускай артбук «Сож» на падтрымку добраахвотнікаў
    2021     ,
«Сож» — першы з 2021 года пераклад з беларускай мовы, што выходзіць ва Украінефота: прэс-матэрыялы

Усе сродкі ад продажу накіроўваюцца на падтрымку беларускага рэбцэнтра «Ланка», таму гэтая кніга – спосаб падтрымаць добраахвотнікаў, якія аддалі сваё здароўе ў гэтай вайне, і адначасова атрымаць артбук. Гэта ўжо пэўная традыцыя: усе прыбыткі ад выдання арыгіналу (2023) таксама ішлі на падтрымку «Ланкі».

Кніга зробленая як дыхтоўны фотаальбом з вершамі Алеся Плоткі і фотаздымкамі Алеся Пілецкага (Беларусь-2020) і Станіслава Крупажа (Украіна-2022). Перакладчык – вядомы беларусам Вячаслаў Левіцкі, які ў тым ліку спрыяў з'яўленню ў Кіеве вуліцы Уладзіміра Караткевіча. Украінская версія атрымала назву «Сож» – у гонар ракі, што цячэ паміж дзвюма краінамі, сучасная фізічная і метафізічная мяжа, «шэрая зона» нашага часу.

«Гэта яшчэ адно звяно ў гуманітарнай місіі, якую выконвае гэтая кніга, працяг арыгінальнай версіі. Калі я пачынаў як перакладчык, з кнігі Івана Сэмесюка, на прэзентацыях было багата ўкраінцаў, якія набывалі яе для сваіх беларускіх сяброў. А цяпер і мая кніга ва ўкраінскім перакладзе можа быць цікавая не толькі ўкраінцам, але і беларусам, якія шукаюць падобны падарунак. Пагатоў што арыгінальнага беларускага выдання засталося меней за 10 працэнтаў», – адзначае Алесь Плотка.


. 

Кніга выходзіць у выдавецтве «Коло», што спецыялізуецца на складаных паліграфічных праектах (напрыклад, артбук «Марыя» Грыцька Чубая), пры падтрымцы House of Europe. Папярэдняя замова працягваецца да 20.12, потым кнігу можна будзе замовіць праз звычайныя інтэрнэт-кнігарні. Калі графікі адключэнняў не будуць пагаршацца, каманда праекта спадзяецца адправіць усе кнігі ўжо на зімовыя святы.

паводле прэс-рэлізу/ав