Альбом Польскага радыё будзе змагацца за прэмію «Грэмі» — найпрэстыжнейшую ў свеце ўзнагароду ў галіне фанаграфіі — з раней нявыдадзенымі запісамі Томаша Станькі. Альбом з шасці дыскаў «Tomasz Stańko — Polish Radio Sessions 1970-1991» быў намінаваны ў катэгорыі «Лепшы гістарычны альбом».
Акадэмія адзначыла сваёй намінацыяй рэдактара альбому Адама Дамагалу з Музычнага агенцтва Польскага радыё і аўтара майстарынгу Яцэка Гаўлоўскага, лаўрэата прэміі «Грэмі». Яцэк Гаўлоўскі падкрэслівае, што гэта ўнікальнае музычнае выданне:
— Музыка Томаша Станькі заўсёды была для мяне блізкай. Я ведаў яго творчасць і працаваў над ёй. Аднак гэтыя запісы былі ўпершыню знойдзеныя ў архівах Польскага радыё, мы паказалі слухачам нешта новае. І гэта было найбольш прыкметна, што мы можам паказаць нешта новае, абнавіць гук, і гэта самае галоўнае. Гэта вялікі поспех найперш Польскага радыё, якое адкрыла свае архівы, каб мы знайшлі гэтыя запісы, прыгожа іх выдалі, паказалі людзям. І атрымалі намінацыю на «Грэмі».
«Tomasz Stańko — Polish Radio Sessions 1970-1991» змяшчае амаль сорак раней нявыдадзеных запісаў аднаго з самых вядомых польскіх джазавых музыкаў Томаша Станькі і найлепшых імправізатараў як на польскай, так і на міжнароднай сцэне, якія акампанавалі яму. Запісаныя больш за дваццаць гадоў таму ў студыях Польскага радыё творы былі сабраныя Адамам Дамагалам у альбом з шасці кампакт-дыскаў у супрацоўніцтве з дачкой артыста Ганнай Станькай. Музычнае выдавецтва даступнае ў краме Польскага радыё і ў інтэрнэце.
Прэмію «Грэмі» часта называюць музычным эквівалентам «Оскара». Імя сёлетняга пераможцы будзе абвешчана 7 лютага 2027 года падчас гала-канцэрту ў Лос-Анджэлесе.
ав