Сёння ў нашым эфіры – маладая пяснярка, якая пры нагодзе таксама сама піша тэксты кампазіцый і музыку ды грае на скрыпцы. Яе стыль – гэта кампазіцыі на памежжы музыкі indie pop і art pop. Дзяўчыну завуць Зузанна Ірэна Юрчак, але яна ўзяла сабе сцэнічны псеўданім Sanah – гэта скарочаная форма яе імя на ангельскай мове (Susannah), а раней выступала пад псеўданімам Ayreen, які паходзіць ад яе другога імя Ірэна, таксама як яно гучыць па-ангельску.
Пяснярка нарадзілася ў Варшаве ў верасні 1997 года. У раннім дзяцінстве пачала вучыцца граць на скрыпцы, а ў пачатковай школе – на фартэпіяна. Хадзіла ў музычную школу, пазней атрымлівала вышэйшую адукацыю ва Універсітэце імя Ф. Шапэна ў Варшаве. У чэрвені 2021 года абараніла дыпломную работу па тэме музычных інструментаў. Што цікава, сям’я Санах нетыпічная для нашых часоў – у ёй, разам з Зузаннай, сямёра дзяцей.
Нягледзячы на свой малады ўзрост, Санах дасягнула ўжо шмат у галіне музычнай кар’еры. Яна брала ўдзел у праслухоўванні да тэлепраграм, якія шукаюць музычныя таленты – Голас Польшчы і брытанскай версіі тэлешоў «У мяне ёсць талант» (Britain’s Got Talent). Аднак на гэтай ніве ёй не ўдалося дасягнуць поспеху. А славу яна заваявала, калі пачала публікаваць у сэрвісе YouTube свае песні. Большасць першых кампазіцый музыканткі былі на англійскай мове. Калі яна падпісала кантракт з фірмай гуказапісу, большасць песняў былі выдаленыя з YouTube.
Запісваючы песні, Санах старалася клапаціцца таксама пра развіццё сваёй ігры на скрыпцы. І ў гэтай галіне яна дасягнула немалых поспехаў. Напрыклад, у 2016 годзе яна прыняла ўдзел у канцэрце выпускнікоў музычнай школы ў Каралеўскім замку, у верасні 2020 года выступіла на прэстыжным Фестывалі польскай песні ў Аполі, а ў снежні таго ж года стала вядома, што Санах заняла першае месца ў рэйтынгу музыкантаў, якіх часцей за ўсё слухалі карыстальнікі музычнай платформы Spotify. Тады яна была запрошана выступіць у якасці госця-зоркі ў праграме «Голас Польшчы». Санах праспявала між іншым кампазіцыю «Шампанскае», якую я прапаную сёння вашай увазе.
Pod górkę mam. Ale na to się pisałam, tak czy siak. Do biegu start Sama drogę tę wybrałam, chciałam tak Czy na moje łzy ja znajdę jeszcze czas? Czy na łzy ja znajdę czas? Szampan wylewa się, toast mogę wznieść. A ten gość mówi coś, o co mu chodzi? Ktoś tu dissuje mnie, niech gada co chce.
A ten gość mówi coś, spoko, nie szkodzi. Zamykam oczy, byłeś uroczy. Będę udawać, że już nie boli. Szampan wylewa się, toast mogę wznieść. A ten gość mówi coś, o co mu chodzi? O co mu chodzi? I znów ten typ. On szepcze «Pronto, pronto musisz iść», a brak mi sił. Ten szampan coś za łatwo wchodził mi. Czy na pożegnanie znajdę jeszcze czas? Spojrzę się ostatni raz.
Мне нягладка ў жыцці (караскаюся пад гару), але я сама так хацела? На старт – марш (паехалі)! Я сама выбрала свой шлях, так хацела. Ці знайду я час для слёз? Шампанскае выліваецца, я магу сказаць тост. І гэты чувак нешта кажа, што ён мае на ўвазе? Нехта мяне стараецца асадзіць сваім тэкстам, хай балбоча, што хоча.
А гэты хлопец нешта кажа, ладна, усё нармальна. Я заплюшчваю вочы, ты быў мілы, зраблю выгляд, што гэта ўжо не балюча. Пра што ён гаворыць? І зноў гэты хлопчык шэпча: «Pronto (слухай), ты павінна ісці», а мне не хапае сіл. Гэтае шампанскае лёгка пайшло. Ці знайду я час на развітанне? Зірну апошні раз.
Pod górkę mam – гэта значыць «мне цяжка, нягладка, я караскаюся пад гару». А tak czy siak – так ці інакш.
Na to się pisałam – наступны фразеалагізм, які азначае, што хтосьці сам на нешта згадзіўся, што адбываецца ў яго жыцці.
Do biegu start – беларус сказаў бы: на старт, увага, марш, або інакш – гатовасць да старту, да пачатку нейкай дзейнасці. Гэтае словазлучэнні, канешне ж, прыйшло са свету спорту, але ім карыстаюцца таксама ў іншых галінах жыццядзейнасці.
Szampan – гэта шампанскае, хаця, як вядома, афіцыйная назва «шампанскае» можа прыменяцца толькі да лёгкага газаванага віна, вырабленага ў французскай вобласці Шампань, але ў штодзённай мове szampan застаўся. А калі ёсць шампанскае, то можна ім wznieść toаst – падняць тост, сказаць тост перад тым, як віно выпіць. Калі ласка, не блытайце з тостам – падпечаным бутэрбродам з белага хлеба.
O co mu chodzi – што ён мае на ўвазе, пра што ён гаворыць, што ён хоча.
Gość mówi – чувак кажа. Слова gość па-польску азначае не толькі госця, але таксама гэта сінонім чалавека мужчынскага роду, падобны да расійскага «чувак», хаця на польскай мове гэты выраз мае больш пазітыўную канатацыю, чым на беларускай ці расійскай.
Pronto – гэта слова з італьянскай мовы, якое ўвайшло ў польскі абыход. Палякі ім карыстаюцца амаль выключна ў значэнні «ало» (слухаю) – па-польску hallo, але арыгінальны італьянскі выраз мае больш значэнняў, між іншым, гэта значыць «хуткі, хутка».
Dissować – а вось гэтае слова паходзіць з ангельскай мовы (diss), яно азначае «абражаць або асаджваць кагосьці нейкай вострай рэплікай».
нг