Беларуская Служба

Невядомыя здымкі Марыі Складоўскай-Кюры можна пабачыць у Варшаве

13.08.2025 10:30
Выстава «Марыя Складоўска-Кюры ў Італіі: тры падарожжы, адно захапленне» працуе на вуліцы Кракаўскае Прадмесце ў Варшаве да 17 жніўня.
    -
Экспазіцыя ў Музеі Марыі Складоўскай-Кюрыфота: Беларуская служба Польскага радыё

На выставе прадстаўлены фотаздымкі з паездак лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі на італьянскі паўвостраў у 1911, 1918 і 1931 гадах.

Выстава была натхнёная адкрыццямі, зробленымі даследчай групай Польскай акадэміі навук падчас архіўных даследаванняў у Італіі і Францыі. Ёй удалося знайсці раней неапублікаваныя лісты, сцэнарыі, фатаграфіі і нават квіткі на цягнік. Гаворыць прафесар Інстытута арганічнай хіміі Польскай акадэміі навук Марцін Гурэцкі:

- Фотаздымкі паходзяць пераважна з Італіі, яны былі раскіданыя па розных універсітэтах. Два здымкі, паказаныя напрыканцы выставы, паходзяць з Парыжа. Нашая галоўная мэта – паказаць вучоную як падарожніцу, навукоўца, які актыўна шукаў радый, але таксама як жанчыну з захапленнем.

Выстава прадстаўляе Марыю Складоўску-Кюры не толькі як выдатнага хіміка і фізіка, але і як маці, сяброўку, падарожніцу і гуманістку, дадае Барбара Галэмбёўска, дырэктар музею, прысвечанага польскай лаўрэатцы Нобелеўскай прэміі:

- Уся гэтая гісторыя паказвае нам Марыю з боку, з якога мы мала яе ведаем. Расказвае пра розныя падзеі, якія былі для яе важнымі. Акрамя таго, выстава вельмі прыгожа зробленая. Гэта летняя, італьянская выстава, з прыгожымі ілюстрацыямі, здымкамі. Мы можам адчуць сябе як Марыя, якая глядзела на гэтыя краявіды. Ёсць нават квіток, з якім яна падарожнічала.

Абраныя дакументы, фатаграфіі і цытаты з падарожжаў лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі прадстаўлены на 12 дошках на польскай і англійскай мовах.

За межамі Варшавы выстава будзе прадстаўлена ў Генуі, Пізе і Рыме.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры