Беларуская Служба

Фільм «Франц Кафка» рэжысёркі Агнешкі Холанд будзе польскім кандыдатам на сёлетні «Оскар»

16.09.2025 09:40
«Франц Кафка» – гэта не толькі партрэт аднаго з найважнейшых пісьменнікаў 20-га стагоддзя, але і ўніверсальная гісторыя пра страхі і дылемы, якія дагэтуль рэзануюць у маладзейшага пакалення.
Агнешка ХоландРАР/Valdemar Doveiko

Фільм «Франц Кафка» рэжысёркі Агнешкі Холанд будзе польскім кандыдатам на 98-ю цырымонію ўзнагароджання Амерыканскай акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук у катэгорыі «Лепшы міжнародны мастацкі фільм». Камітэт па кінапрэміі «Оскар» Польскага кінаінстытута пад старшынствам Эвы Пушчынскай выбраў яго з сямі прадстаўленых і разгледжаных прац.

Член камітэта Барташ Канопка заявіў, што падчас абмеркавання фільм Агнешкі Холанд быў абраны без спрэчак і гарачых дэбатаў:

- Мы не спрачаліся і не вялі барацьбы. Усё было з павагай і мудрасцю пры ацэнцы розных «за» і «супраць». Ацэнка ўсіх аргументаў, не толькі, як той ці іншы фільм будуць ацэньваць за акіянам, але таксама аб тым, які з фільмаў найлепш уплывае на гледача, які мастацка зроблены лепш, бо на канцы заўсёды апынаецца камунікацыя з гледачом.


Афіша фільму «Франц Кафка» Афіша фільму «Франц Кафка»

Прадзюсар фільма «Франц Кафка» Марцін Вежаслаўскі сказаў, што гэта надзвычай важны фільм для Агнешкі Холанд:

- Бо гэта не тыповы фільм Агнешкі Холанд. Франц Кафка з’яўляецца важнай постаццю ў яе творчай біяграфіі. Яна пачынала ў Польшчы ад тэатральнай пастаноўкі «Працэс» для Тэатру Польскай тэлевізіі. Усё мае свае прычыны. Яна кахае Кафку. Факт, што ў праекце ўдзельнічаюць прадзюсеры з цэлай Еўропы, павялічыць шанцы. Вядома, што прасоўванне будзе пераважна рабіць Польшча, бо гэта польскі кандыдат, але з упэўненасцю можна будзе разлічваць на падтрымку чэскіх і нямецкіх прадзюсераў. Гэта дасведчаныя прафесіяналы.

«Франц Кафка» – гэта не толькі партрэт аднаго з найважнейшых пісьменнікаў 20-га стагоддзя, але і ўніверсальная гісторыя пра страхі і дылемы, якія дагэтуль рэзануюць у маладзейшага пакалення. Агнешка Холанд пабудавала фільм з найважнейшых момантаў жыцця галоўнага героя, паказаўшы яго як чулага чалавека, заблытанага ў сямейных адносінах, які змагаецца з экзістэнцыяльным крызісам.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры