Сёлета журы выбірае тры найлепшыя празаічныя або дакументальныя кнігі, выдадзеныя ў 2024 годзе.
15 лістапада 2025 года ў Гданьску ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці (Europejskie Centrum Solidarności, pl. Solidarności 1) будуць агучаныя вынікі конкурсу і адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройця. На працягу ўсяго дня ў праграме запланаваны дадатковыя падзеі прэміяльнага сезону: сустрэчы з аўтарамі і аўтаркамі, дыскусіі пра свабоду слова, пераклады і выданне беларускай літаратуры, кніжны кірмаш і выстава кніг, забароненых у Беларусі.
На выставе Belarus Banned Books будуць прадстаўлены лісты, гісторыі і біяграфіі аўтараў, а таксама публікацыі, якія апынуліся пад цэнзурай. Гэта гісторыя пра рэпрэсіі супраць культуры ў Беларусі і пра Людзей Слова, якіх спрабавалі выкрасліць.
Сярод спадарожных мерапрыемстваў – кірмаш кніг, дзе можна будзе набыць як беларускую, так і польскую літаратуру – у тым ліку кнігі фіналістаў сёлетняй прэміі Гедройця і беларускія кнігі ў польскіх перакладах.
Чакаецца дыскусія на тэму беларускай літаратуры ў польскіх выдавецтвах. Госці пагавораць пра прысутнасць беларускай літаратуры ў Польшчы, пра складанасці яе выдання і магчымасці шырэйшага распаўсюду.
Пройдуць сустрэчы з пісьменнікамі: беларускім пісьменнікам, эсэістам і журналістам, аўтарам рэтра-крыміналаў, эсэ, гістарычных і кулінарных тэкстаў Змітром Дзядзенкам; беларускай пісьменніцай, перакладчыцай і выдаўцом, сузаснавальніцай жаночага выдавецтва Pflaŭmbaŭm Анкай Упалай; беларускім журналістам і пісьменнікам Сяргеем Дубаўцом; беларускім журналістам і пісьменнікам Аляксандрам Лукашуком; пісьменніцай і паэткай Югасяй Калядою.
Арганізатары запрашаюць і на дыскусію з лаўрэатамі прэміі і прэзентацыя электроннай кнігі «Голас пакалення свабоды».
Завяршэннем цэлага дня, прысвечанага беларускай літаратуры, будзе цырымонія ўзнагароджання прэміяй імя Ежы Гедройця, а 19.00. У гэты вечар мы даведаемся імёны лаўрэатаў сёлетняй прэміі. У падзеі возьмуць удзел прадстаўнікі і прадстаўніцы беларускай і польскай культурнай супольнасці. Адбудзецца прэм’ера буктрэйлераў да кніг фіналістак і фіналістаў ад беларускай відэавытворчай каманды Numar8Production.
Завяршэннем вечара стане выступ спецыяльнага госця – Уладзіміра Пугача, беларускага спевака, вакаліста гурта J:Mors.
ав