Беларуская Служба

Лявон Вольскі пра публіку на канцэртах у Польшчы: Прыязджаюць усё новыя і новыя людзі

19.12.2025 12:57
Якія людзі прыходзяць на канцэрты, з якімі настроямі, як змянілася публіка за гэтыя гады эміграцыі — паразмаўлялі пра гэта з музыкам Лявонам Вольскім, а таксама з менеджаркай канцэртаў, культурных праектаў Янай Вольскай.
Аўдыё
  • Лявон Вольскі: Як ні круці, беларусы ўсё ж выбіраюць гарады, якія ім падыходзяць ментальна, па характары.
      .
Беларускія музыкі Лявон Вольскі і Павел Трыпуць.facebook.com/LavonVolski/Photo by KASSIOPEA

Беларускія музыкі Лявон Вольскі і Павел Трыпуць ладзяць акустычныя канцэрты ў межах каляднага туру па Польшчы ў розных гарадах.  

— Цяпер праходзіць калядны тур па Польшчы, ужо адбыліся канцэрты ў Познані, Вроцлаве, Кракаве. Ці можаце распавесці, як адрозніваецца публіка ў гэтых гарадах, хто прыходзіць да вас на сустрэчы?

Яна Вольская: У нас розныя пункты назірання, хоць мы і ў адной залі: Лявон — на сцэне, а я — сярод людзей, на ўваходзе, часта ў фае ці ў залі. Магу назіраць, як публіка рэагуе на тое, што адбываецца на сцэне.

Людзі ва ўсіх гарадах вельмі розныя. Але ёсць тое, што іх яднае, — гэта вельмі цёплыя сустрэчы. Бачна, што людзі прыходзяць не проста паслухаць музыку, але і далучыцца да адкрытай размовы. Для іх гэта вельмі важна, і яны адчуваюць еднасць.

Па маіх назіраннях, у Познані, паколькі гэты горад бліжэй  да Нямеччыны, людзі былі вельмі пунктуальныя. Пачатак канцэрту быў пазначаны ў 19:00, уваход — з 18:00, і практычна ўжо а 18-й гадзіне палова залі была запоўненая.

Лявон Вольскі: Што рэдка для беларусаў, праўда?

Яна Вольская: У Познані публіка была крыху больш «нардычная» ў першай палове канцэрта: вельмі цёпла рэагавалі, але сапраўды разагрэліся напрыканцы выступу. У Кракаве ж гэта адбылося літаральна з першых акордаў — людзі адразу актыўна падпявалі.

Лявон Вольскі: Хачу дадаць, што, як ні круці, беларусы ўсё ж выбіраюць гарады, якія ім падыходзяць ментальна, па характары.

У Познань едуць тыя, каму бліжэй заходняя ментальнасць. У Кракаў іншыя — не скажу, што гэта Усход, хаця калісьці гэта былі землі Аўстра-Венгрыі, але, тым не менш, там ёсць славянскі вайб, які не абавязкова пра пунктуальнасць. Затое там вельмі хутка можна «завесці» публіку — увесь канцэрт трымаецца высокая энергетыка. Гэта як ва Украіне, ці як у нас у Беларусі — на поўдні, на паўднёвым усходзе.

Мы больш прывыклі да сярэдняга або першага варыянта. У Беларусі звычайна публіка больш стрыманая, але ў Кракаве было не так — і гэта вельмі прыемна. Ва Уроцлаве таксама адчувалася падобная рэакцыя.

— Вы ў эміграцыі разам са сваімі прыхільнікамі ўжо больш за чатыры гады, ці заўважылі як за гэты час змняіўся настрой, самі людзі, якія да вас прыходзяць?

Лявон Вольскі: Зразумела, што людзі за час такой эміграцыі, якая доўжыцца не год, не два, а значна даўжэй, змяняюцца. Хтосьці наогул выходзіць з беларускай рэчаіснасці і ўваходзіць у іншую. Для кагосьці гэта згадка пра вельмі цяжкі досвед на радзіме, і чалавек хоча ад гэтага пазбавіцца — стаць грамадзянінам Польшчы ці іншай краіны, забць усё як страшны сон. Цяпер жа нармальна зарабляецца, дзеці пайшлі ў садок ці ў школу з мовай краіны, куды яны прыехалі.

Але ёсць і іншыя людзі — тыя, хто заўсёды будзе прыходзіць на нашыя канцэрты.

Ёсць, аднак, яшчэ адна тэндэнцыя, досыць непрыемная. Улады ў Беларусі робяць розныя брыдоты, у тым ліку і для тых, хто з’ехаў. Напрыклад, абвяшчаюць «экстрэмісцкімі» youtube-каналы, фэйсбук, тэлеграм. Частка людзей, якая хацела хадзіць на беларускія івэнты, у тым ліку на канцэрты, цяпер асцерагаецца гэта рабіць, бо баіцца, што нехта сфатаграфуе, напрыклад, з бел-чырвона-белым сцягам, або з кімсьці «не тым».

І, з аднаго боку, гэта не зусім беспадстаўна. З іншага боку — не абавязкова мусіць так быць. Баязлівасць — беларуская рыса, набытая за апошнія трыста гадоў, самі разумееце, як бы чаго не атрымалася. Рабілі гэтыя экстрэмісцкія спісы, людзей запалохвалі: «А што гэта ў вас за фотка ў тэлефоне?», «А дзе вы гэта знайшлі?»... Частка людзей баіцца хадзіць, гэта так.

— Ці ўплывае гэта на напаўняльнасць заляў?

Лявон Вольскі: Не. Я разумею, што прыязджаюць усё новыя і новыя людзі. Рэлакуюцца айцішнікі, пераязджаюць з эканамічных прычын, бо сітуацыя складаная. Прыязджаюць студэнты — гэта таксама частка нашай аўдыторыі. Але, як яны самі кажуць, нехта проста цяпер выключае для сябе гэтую практыку — каб чаго не выйшла. Асабліва гэта тычыцца тых, хто ездзіць у Беларусь. Ёсць і такія, хто проста баіцца, напрыклад, мама, брат, цётка застаюцца на радзіме і могуць падвергнуцца нейкаму ціску. Таму лепш не хадзіць.

Яна Вольская: Можам параўноўваць менавіта акустычныя канцэрты, бо на вялікіх пляцоўках складана мець  непасрэдны кантакт з публікай, калі ты бачыш рэакцыю, чуеш пытанні, адчуваеш настрой, —

я б сказала, што беларусы вельмі годна праходзяць усе выпрабаванні. А гэта і эміграцыя, і пандэмія, і вайна, і складанасці, з якімі людзі сутыкаюцца ў эміграцыі, і моманты, пра якія не заўсёды кажуць, — самота, раз’яднанасць сем’яў, калі частка родных застаецца ў Беларусі. На канцэртах вельмі адчуваецца чалавечае цяпло, якім людзі дзеляцца: калі падпяваюць песні, калі размаўляюць паміж сабой.

Я нават заўважаю, што ёсць людзі, якія прыязджаюць з Беларусі, потым вяртаюцца назад, вязуць нейкія сувеніры, кажуць: «Вось мы прывязем паштоўку, яе ж можна правезці?»

Таму я б сказала, што ўсё роўна дух еднасці паміж беларусамі вельмі адчувальны на канцэртах. Людзі пасталелі за гэтыя гады эміграцыі, але пачалі больш усвядомлена цаніць сябе, сваю культуру, і канцэрты — як яе праяву.


Яна Вольская, менеджарка культурных праектаў
Яна Вольская, менеджарка культурных праектаў/ Photo by KASSIOPEA


— Пляцоўкі, дзе адбыліся і будуць праходзіць выступы ў межах каляднага туру, даволі камерныя, невялікія па памеры. Гэта свядомы выбар?

Яна Вольская: Так, гэта быў свядомы выбар. Мы адмыслова выбіралі камерныя пляцоўкі, бо ў гэтым туры хацелі зрабіць утульныя, амаль сямейныя сустрэчы, дзе людзі могуць пабачыць адно аднаго, адчуць атмасферу дому. Дзе тыя, у каго яго тут няма, могуць яго адчуць, або далучыць дзяцей — бо частка публікі прыходзіць з дзецьмі. Гэтыя пляцоўкі выбіраліся менавіта за атмасферу.

У некалькіх гарадах яны знаходзяцца ў самым цэнтры. Так было і ў Кракаве — на цэнтральнай плошчы. У Беластоку і ў Варшаве таксама будуць невялікія пляцоўкі.

Для параўнання: у мінулым годзе мы рабілі вялікі калядны канцэрт з хорам у клубе «Адэса», і ён таксама прайшоў з аншлагам. Але сёлета нам хацелася больш непасрэдных сустрэч, каб, у тым ліку, Лявон, які нядаўна вярнуўся з туру, мог падзяліцца ўражаннямі і паслухаць, чым тут жывуць людзі.



— Акурат закранулі гастрольны тур у ЗША. Ці можна параўнаць кантыненты, краіны, умовы арганізацыі канцэртаў і людзей, якія прыходзяць? Ці адрозніваюцца яны? Або беларусы — паўсюль «коцікі»?

Лявон Вольскі: Ці беларусы паўсюль — «коцікі»? Такія ж, як і тут — беларускія «коцікі».

Тур быў безпрэцэдэнтны ў тым сэнсе, што ўся арганізацыя была на самаарганізацыі. Безумоўна, былі агульныя каардынаты Злучаных Штатаў, але ў кожным горадзе мясцовая беларуская суполка брала на сябе арганізацыю канцэрта ў канкрэтным штаце. Канцэрты ішлі два месяцы, усяго гэта заняло паўтара месяца. Былі бясконцыя пералёты і пераезды, гэта даволі цяжка, але ўсё кампенсавалася камернымі сустрэчамі, шчыльным кантактам з публікай, адказамі на пытанні. Часам размова пераходзіла ў стэндап, бо фармат усё ж акустычны.

Мы вельмі задаволеныя, што гэта адбылося, і што беларусы ўпершыню прадэманстравалі такую беспрэцэдэнтную самаарганізацыю. Бо мінулы раз, калі мы ездзілі тры гады таму з электрычным турам «Вольскі і J:МОРС», там была прафесійная арганізацыя, найманая фірма, усё было вельмі прафесійна зроблена. Баяліся, што цяпер з самаарганізацыяй будзе значна горш. Але не — не было горш, часам нават лепш.

— 20 снежня плануецца заключны канцэрт ў Варшаве. Чаго чакаць гасцям?

Яна Вольская: Наперадзе яшчэ два канцэрты — Беласток, горад з даўняй беларускай прысутнасцю, дзе беларуская меншасць існуе стагоддзямі і які апошнім часам узбагаціўся новымі беларусамі. Мы вельмі любім туды прыязджаць. Дарэчы, новая замежная кар’ера Лявона ў Польшчы пачалася менавіта з Беластока. І Варшава — гэта ўжо фінальны канцэрт гэтага туру. Я ведаю, што пад кожны горад Лявон складае асобны сэт-ліст, таму можна чакаць тэматычных калядных песень, а таксама песень па запыце публікі. Заўсёды прысутнічае такі элемент стэндапу, бо гэта дуэт — Лявон Вольскі і Павел Трыпуць —  падчас канцэрта часта нараджаюцца жарты, развагі, актыўнае ўзаемадзеянне з публікай.

Лявон Вольскі: Безумоўна прагучыць нізка песень, якія на звычайных канцэртах не выконваюцца, а адмыслова падабраныя для гэтых калядных выступаў. Гэта некалькі традыцыйных калядных песень, некалькі старых кампазіцый, якія мы «рэанімавалі» і якія даўно не гучалі. Адну з песень мы знайшлі ў архівах ажно з 2007 года — святочную. Для тых, хто ўжо быў на канцэртах, яна знаёмая, а для тых, хто будзе ў Беластоку і Варшаве, гэта будзе абсалютна новы досвед.

— Для Беластока будзе актуальна нешта пра кантрабандыстаў...

Лявон Вольскі: Ну, пра кантрабанду… З «Народнага альбома» таксама граем. Калі папросяць канкрэтна пра кантрабанду — нешта прыдумаем. «Мы два польскіх шпіёны Болек і Лёлек....»

Яна Вольская: Мы вельмі чакаем гэтых сустрэч з публікай і спадзяёмся, што слухачы Беларускай службы Польскага радыё далучацца ў Беластоку і Варшаве. Шчыра запрашаем усіх! 

вх