Беларуская Служба

Польшча перамагла ў спрэчцы з «Газпромам», датычнай газаправода OPAL

10.09.2019 15:16
Еўрапейскі суд адмяніў рашэнне Еўракамісіі аб павелічэнні доступу расійскага «Газпрому» да трубаправода OPAL, які з'яўляецца адгалінаваннем «Паўночнага патоку».
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnepixabay.com

Еўрапейскі суд адмяніў рашэнне Еўракамісіі аб павелічэнні доступу расійскага «Газпрому» да трубаправода OPAL, які з'яўляецца адгалінаваннем «Паўночнага патоку». 

Такім чынам Еўрапейскі суд падтрымаў Польшчу, якая ў 2016 годзе абскардзіла рашэнне Еўракамісіі. ЕК дазволіла «Газпрому» павялічыць выкарыстанне магутнасці газаправода. На думку суддзяў у Люксембургу, рашэнне Еўракамісіі было прынятае з парушэннем прынцыпаў энергетычнай салідарнасці. 

Абгрунтоўваючы сваё рашэнне, суддзі напісалі, што прынцыпы энергетычнай салідарнасці звязаныя не толькі з абавязкам узаемнай дапамогі, напрыклад, у выпадку стыхійных бедстваў альбо тэрактаў; прынцыпы прадугледжваюць, што еўрапейскія інстытуты і краіны ЕС абавязаны пазбягаць дзеянняў, якія могуць нанесці шкоду інтарэсам ЕС і іншых краін з пункту гледжання бяспекі паставак. Суддзі таксама падкрэслілі, што Еўракамісія не вывучыла наступстваў свайго рашэння. 

Польшча, аспрэчваючы рашэнне Еўракамісіі, падкрэсліла, што павелічэнне магчымасці выкарыстання газаправода OPAL «Газпромам» пагражае бяспецы паставак газу ў Еўрапейскі Саюз. Варшава падкрэслівала, што рашэнне парушае прынцып дыверсіфікацыі крыніц і паставак прыроднага газу, і ставіць ЕС у яшчэ большую залежнасць ад газу з Расіі ў сітуацыі, калі Еўропа хоча паменшыць гэтую залежнасць. Польшчу падтрымалі Літва і Латвія. Германія заняла пазіцыю Еўракамісіі.

Як падкрэсліў ў Варшаве старшыня польскай нафтагазавай кампаніі PGNiG Пётр Возьняк, дзякуючы гэтаму рашэнню гадавы паток газаправода OPAL зменшыцца на 12,5 мільярда кубічных метраў. 

- Мы чакаем змяншэння прапампоўкі газу. Трэба падкрэсліць, што гэта прысуд Еўрапейскага суду, і калі «Газпром» не падпарадкуецца, то гэта можна будзе ўспрыняць як кпіну з рашэння Еўрапейскага суда. 

28 кастрычніка 2016 года па просьбе нямецкага рэгулятара «Bundesnetzagentur» Еўракамісія дазволіла «Газпрому» павялічыць выкарыстанне газаправоду OPAL з 50% да 80%. 4 снежня 2016 года польская кампанія PGNiG абскардзіла рашэнне Еўракамісіі ў суд. Суд прыпыніў рашэнне ЕК з 23 снежня.

яс