Беларуская Служба

Французы масава кантралююць польскія фірмы

17.01.2020 13:02
Тысячы польскіх фірм, якія дзейнічаюць у іншых дзяржавах ЕЗ, маюць праблемы з кантролем розных службаў.
Праца ў офісеFree-Photos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Тысячы польскіх фірм, якія дзейнічаюць у іншых дзяржавах ЕЗ, маюць праблемы з кантролем розных службаў, асабліва ў Францыі, піша Rzeczpospolita. Французскія інспектары працы ў апошнім часе атрымалі ад уладаў загад, каб адкласці на бок іншыя задачы, а засяродзіцца на кантролі фірм з Цэнтральна-Усходняй Еўропы, у тым ліку з Польшчы. Яны паспяхова канкуруюць з лакальнымі прадпрымальнікамі з будаўнічай галіны, у апецы ці ў іншых паслугах.

- Кантроль адбываецца па адным сцэнары, у якім замежная фірма прызнаецца нелегальнай на тэрыторыі Францыі, што караецца вельмі высокімі штрафамі, а нават турмой, – гаворыць Марэк Бэнё з Ініцыятывы мабільнасці працы.

Паводле яго, інспектары не хочуць слухаць тлумачэнняў польскіх прадпрымальнікаў, што іх дзейнасць легальная, што можна праверыць у польскай страхавой кампаніі ці ў Дзяржаўнай інспекцыі працы.
Ціск расце, хоць фінансавых штрафаў пакуль няма, але многае сведчыць аб тым, што гэта не адзіная мэта. Кантроль павінен, між іншым, прымусіць прадпрымальнікаў зарэгістраваць сваю дзейнасць у Францыі, плаціць падаткі і страхавыя полісы. Праблема заключаецца ў тым, што польскія прадпрымальнікі не хочуць гэтага рабіць па прычыне вельмі высокіх коштаў.

У адказ на замежную практыку Міністэрства развіцця падрыхтавала чорную кнігу бар’ераў, якія польскія фірмы сустракаюць у краінах ЕЗ. У дакуменце апісаныя неабгрунтаваныя патрабаванні, з якімі польскія бізнесмены сустракаюцца ў іншых еўрапейскіх краінах. Міністэрства будзе прадпрымаць захады, каб справіцца прынамсі з некаторымі з іх.

ав