Беларуская Служба

З чаго пачынаць шлях да пераменаў і колькі часу гэта зойме?

25.02.2021 15:45
Адказы на гэтае пытанне шукалі эксперты: эканамічны дарадца Святланы Ціханоўскай Алесь Аляхновіч ды прафесар Чыкагскага ўніверсітэту Канстанцін Сонін падчас дыскусіі ў рамках праграмы Цэнтру новых ідэй «Reshape Belarus 2021».
Аўдыё
  • Эксперты пра напрамкі эканамічных рэформ у Беларусі
Здымак мае ілюстрацыйны характарhttps://www.reshape.by/

З лета мінулага году ўлады завялі больш за 2300 палітычных крымінальных спраў «экстрэмісцкай накіраванасці», кажучы словамі старшыні Следчага камітэта. Так Лукашэнка ды верныя яму сілавікі разглядаюць грамадскія пратэсты супраць фальсіфікаваных уладамі прэзідэнцкіх выбараў. Ахвярамі пераследу сталі не толькі людзі з актыўнай грамадскай пазіцыяй, але і бізнес. Нядаўна Лукашэнка загадаў сілавікам нанесці ўдар па прыватнаму сектару, узмацніць ціск на банкі, пад пагрозай існаванне прыватнага прадпрымальніцтва.

Гледзячы на тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі цяжка думаць пра рэформы. Іншага меркавання прытрымліваюцца эксперты Цэнтру новых ідэй. Гаворыць эканамічны дарадца Святланы Ціханоўскай Алесь Аляхновіч.

- Дадзенае абмеркаванне адбываецца ў межах штогадовай канферэнцыі «Reshape Belarus». Кожныя тры месяцы Цэнтр новых ідэй будзе размаўляць з сусветна вядомымі экспертамі, мыслярамі пра перамены, якія ўжо адбываюцца ў Беларусі. Першымі тэмамі стануць грамадства ды эканоміка, адносіны з Расіяй ды Захадам.

Спецыялісты прагназуюць, што 2021 можа стаць годам вялікай трансфармацыі, якая закране ўсе сферы жыцця. У звязку з гэтым трэба загадзя падрыхтавацца да рэформаў, якія трэба будзе праводзіць у Беларусі.

Адной з галоўных задача, якая паўстане перад любым новых урадам – гэта рэфармаванне эканомікі. Як гэта лепш зрабіць раіў у рамках праграмы Цэнтру новых ідэй «Reshape Belarus 2021» прафесар Чыкагскага ўніверсітэту Канстанцін Сонін.

У першую чаргу, адмысловец звярнуў увагу на тое, што Беларусі ёсць на што абаперціся. Гэта досвед рэформаў у 25 краін былога сацыялістычнага блока.

- Ёсць досвед рэформ у 25 былых сацыялістычных краінах. Усё, што было ў Расіі, ва Украіне, на тэрыторыі былога СССР, у В'етнаме, ёсць важным урокам. Ёсць шмат пазітыўных прыкладаў, як і шмат негатыўных высноў.

Важнае значэнне для рэформ мае так званы timing - то бок, момант, калі яны пачнуцца.

- Няма ніякіх сумневаў у тым, што ў Беларусі ў некаторы момант пачнуцца маштабныя эканамічныя рэформы. Ніхто не ведае, калі гэта адбудзецца. Аднак, час ёсць найважнейшым фактарам, які будзе вызначаць характар рэформ. Калі Лукашэнка сыдзе ў бліжэйшы час, гэта будуць рэформы, якія будуць праводзіцца ў спакойнай сітуацыі, ва ўмовах стабільнасці. Іх будзе рабіць кааліцыйны ўрад, які будзе складацца як з былых падначаленых Лукашэнкі, так і прадстаўнікоў апазіцыі. Калі Лукашэнка застанецца на некалькі год, у эканоміцы будзе працягвацца цяперашняя знішчальная тэндэнцыя. Тады будуць рэформы ў складанай сітуацыі. Калі ён пратрымаецца 10 год, тады будуць рэформы накшталт расійскіх у 1990-91 гг. Тады большасць рэформаў былі не столькі свядомым крокам ураду, колькі проста афармленнем развалу, які адбываўся сам па сабе. Так званыя «рэформы Гайдара» былі проста тэхнічным афармленнем таго, што адбывалася па-за воляю ўладаў.

Адрозненне цяперашняй Беларусі ад савецкіх часоў – гэта наяўнасць прадпрымальніцкага духу.

- Цяперашняя сітуацыя ў Беларусі такая, што значна частка прадпрыемстваў у дзяржаўнай уласнасці. Вялікая колькасць такіх прадпрыемстваў стратныя, шмат хто ў стагнацыі доўгія гады. Страты пакрываюцца за кошт пераразмеркавання з прыбытковых галін, часткова за кошт субсідый з Расіі. Пры гэтым зыходная сітуацыя лепшая, чым у Расіі пачатку 1990-ых гадоў. Ёсць прыклады суседніх краін, ёсць больш адаптаванае да рынкавай эканомікі заканадаўства. Самая важная перавага Беларусі – наяўнасць прадпрымальніцкага класу, ёсць паспяховыя фірмы. Рынак не будзе абсалютнай навінкай, як сталася для расіян на пачатку 1990-ых.

Апроч таго паспяховай эканомікі Беларусі трэба скарачаць сілавыя структуры, яны зашмат каштуюць для краіны. Як гэта зрабіць – будзе выклік, для новага ўраду.

- У сілавых структурах Беларусі працуе зашмат людзей, яны каштуюць зашмат для краіны. Гэта і заробкі, тэхнічнае забеспячэнне. Вялікі цяжар для бюджэту. З той жа праблемай сутыкнулася Расія ў 1990-ыя гады. Вырашалі яе дзве рэформы. Першая – гэта раздрабленне сілавых структур па прыкладу дэмакратычных краін. Другая - больш важная, рэзкае скарачэнне колькасці ды заробкаў з-за дэфіцыту сродкаў. Але ў выніку адбыўся рост злачыннасці, таму што вырасла колькасць людзей на вуліцы, якія не ўмелі нічога рабіць апроч працы ў сілавых структурах. Так з'явіўся бандытызм. Для любага ўраду Беларусі выклікам будзе, як скараціць сілавыя структуры, не ствараючы базы для злачыннасці ды прававы вакуум.

Іншай важнай справай стане прыватызацыя, перакананы эканаміст.

- Няма прычын трымаць гандлёвыя ды пасрэдніцкія прадпрыемствы ў дзяржаўнай уласнасці. Гэта ўсё можна прыватызаваць адразу без эканамічных страт. Напрыклад, так сталася ў Расіі, дзе МСП былі перададзеныя ва ўласнасць працоўных калектываў. Гэта зручна як лагістычна, так і палітычна. Разам з тым такая прыватызацыя параджае цэлыя сацыяльныя групы людзей, якія страчваюць на гэтым. Напрыклад, настаўнікі, лекары ды іншыя незанятыя ў дадзеным сектары. Для іх трэба прыдумаць кампенсацыю. Важна хутка гэта зрабіць. Напрыклад, з досведу Расіі 1990-ых гадоў, вельмі паспяховай стала прыватызацыя харчовых прадпрыемстваў. Яна адбывалася ва ўмовах адсутнасці імпартных бар'ераў. Вытворцы харчовых прадуктаў развіваліся нашмат хутчэй і лепш ва ўмовах канкурэнцыі. Што тычыцца прыватызацыі буйных прадпрыемстваў, яе трэба праводзіць адкрыта з шырокім доступам патэнцыйных інвестараў. Не трэба баяцца замежных інвестараў. Яны кепскія толькі ва ўмовах слабой дзяржавы. Калі ўрад моцны, умее збіраць падаткі з прадпрыемстваў (беларускі ўрад пакуль моцны), тады няма ніякай праблемы ў замежнай уласнасці.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч