Беларуская Служба

Польскі ўрад спрабуе абмежаваць наступствы інфляцыі і падрыхтаваў «антыінфляцыйны шчыт»

30.11.2021 15:38
Урад уводзіць кампенсацыю насельніцтву за рост цэнаў.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnepixabay.com/CCO

Некаторыя элементы праекту павінны ўступіць у сілу ўжо ў снежні, сказаў прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі. Новыя правілы хуткімі тэмпамі будуць разглядацца польскім парламентам, – падкрэсліў ён.

- Мы пастараемся задзейнічаць гэты шчыт ужо ў снежні, так, каб некаторыя яго правілы набылі моц да свята Божага нараджэння, астатнія пачалі дзейнічаць з 1-га студзеня.

У рамках антыінфляцыйнага шчыта стаўка ПДВ на прыродны газ будзе зніжана з 23% да 8%. Паводле папярэдніх ацэнак, у выніку насельніцтва зэканоміць на аплатах за газ ад некалькіх дзесяткаў злотых да 100 злотых ($24) у месяц.

Са студзеня на тры месяцы стаўка ПДВ на электраэнергію таксама будзе зніжана да 5% з цяперашняга ўзроўню 23%. Згодна з прапановай, хатнія гаспадаркі будуць вызваленыя ад акцызу, плата знізіцца з цяперашніх 5 злотых за мегават-гадзіну да 0.

Акрамя таго, з 20 снежня на пяць месяцаў зніжаецца акцыз на паліва, а з 1 студзеня па 31 траўня паліва вызваляецца ад падатку з рознічнага гандлю.

Урад уводзіць кампенсацыю насельніцтву за рост цэнаў. Кампенсацыя будзе размяркоўвацца ў адпаведнасці з крытэрыямі даходу сямʼі. Можна будзе атрымаць ад 400 да звыш 1000 злотых ($97 – $243) гадавой дзяржаўнай падтрымкі. У выпадку аднаасобных хатніх гаспадарак ліміт складзе 2100 злотых ($510) у месяц. Для такіх людзей урад запланаваў датацыю ў памеры 400 злотых на год. Сямʼя з 2-3 чалавек можа разлічваць на 600 ($145) злотых у год. На семʼі з 4 і 5 чалавек прадугледжана 850 злотых ($206), на семʼі з 6 чалавек і больш – 1150 злотых ($280). Каб атрымаць датацыю, даход на чалавека не мусіць перавышаць 1500 злотых ($364) у месяц. Кампенсацыя будзе выплачвацца дзвюма часткамі ў 2022 годзе.

яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі