Беларуская Служба

Эксперт: Амерыканскае эмбарга на расійскую нафту – добрае рашэнне

10.03.2022 08:31
Аднак, каб санкцыі дзейнічалі паспяхова, то Беларусь не можа выконваць ролі круп’е ў канфлікце.
Аўдыё
  • ЗША абвясцілі аб увядзенні эмбарга на імпарт расійскай нафты, газу і энерганосьбітаў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:redhawkgroup/pixabay.com/CC0 Public Domain

ЗША абвясцілі аб увядзенні эмбарга на імпарт расійскай нафты, газу і энерганосьбітаў. Паводле прэзідэнта Джо Байдэна – гэта павінен быць «сур'ёзны ўдар па расійскай эканоміцы». Да канца бягучага году ад расійскай нафты і газу плануе адмовіцца таксама Вялікабрытанія. Аднак, паводле экспертаў, каб санкцыі супраць Расіі былі паспяховымі, то яны павінны закрануць таксама Беларусь.

Падчас канферэнцыі ў Белым доме Джо Байдэн падкрэсліў, што забарона на імпарт расійскай нафты – гэта чарговы адказ ЗША на агрэсію Расіі супраць Украіны:

- Гэта азначае, што расійская нафта не будзе прынята ў амерыканскіх партах, а амерыканскі народ нанясе яшчэ адзін магутны ўдар па ваеннай машыне Пуціна. Гэты крок мае падтрымку Кангрэса, і я лічу, што таксама ўсёй краіны. Амерыка падтрымлівае ўкраінцаў і няхай будзе ясна, што мы не будзем падтрымліваць вайны Пуціна. Мы прынялі такое рашэнне пасля кансультацый з нашымі партнёрамі па ўсім свеце, асабліва ў Еўропе.

Аб увядзенні эмбарга на нафту з Расіі ў канцы 2022 года ў аўторак паведаміў таксама ўрад Вялікабрытаніі. Зараз пастаўкі з Расіі рэалізуюць 8 працэнтаў брытанскага попыту на нафту. Пераходны перыяд да ўвядзення эмбарга дазволіць брытанскаму рынку і бізнесу адаптавацца да новага асяроддзя, паведаміў міністр па пытаннях бізнесу і энергетыкі Вялікабрытаніі Квасі Квартэнг. У той жа час Вялікабрытанія будзе шукаць альтэрнатыўныя шляхі паставак нафты для бізнесу.

Варта нагадаць, што Вялікабрытанія сама зʼяўляецца значным вытворцам нафты і газу, а таксама валодае значнымі запасамі. Краіна імпартуе з Расіі толькі 4 працэнты спажыванага газу. Нягледзячы на тое, брытанскі ўрад плануе шукаць іншых крыніцаў, каб спыніць гэты імпарт, сказаў Квасі Квартэнг.

Паводле эксперта BiznesAlert.pl Марыюша Маршаўкоўскага(Mariusz Marszałkowski), крок ЗША і Вялікабрытаніі правільны, але зараз важнейшае не само рашэнне, а выканаўчыя акты:

- Мы кажам пра сырую нафту. Тым часам, з пункту гледжання ўдару па рэжыме Пуціна важна, ці санкцыі закрануць таксама імпарт нафтапрадуктаў. Вялікабрытанія імпартуе сырой нафты прыкладна на 1 мільярд фунтаў угод, а нафтапрадуктаў (паліва, дызельнага паліва, бензіну, звадкаванага нафтавага газу) на 2,6 мільярда – гэта звесткі за мінулы год. Аналагічная сітуацыя назіраецца ў выпадку з ЗША, якія імпартуюць невялікую колькасць расійскай нафты, але шмат дызельнага паліва, якое на амерыканскіх нафтаперапрацоўчых заводах перапрацоўваецца, напрыклад, у бензін. Таму шмат залежыць ад таго, ці рашэнне аб санкцыях будзе тычыцца сырой нафты, ці таксама нафтапрадуктаў.

Марыюш Маршалкоўскі з’вяртае ўвагу на яшчэ адну справу, звязаную з рашэннем прынятым ЗША і Вялікабрытаніяй:

- Рашэнне аб санкцыях – гэта добрае рашэнне не толькі з-за імпарту ў гэтыя краіны, але і таму, што яны часта выступаюць у якасці пасярэднікаў у далейшым гандлі расійскай нафтай або газам. Таму гэта важнае рашэнне ў аспекце біржы гандлю нафтай ва ўсім свеце.

Між тым Еўракамісія апублікавала план па хуткім змяншэнні залежнасці ЕС ад паставак расійскага газу. Ём прадугледжвае, што да 2030 года Еўрасаюз стане цалкам незалежным ад блакітнага паліва з Расіі. У цяперашні час амаль 40 працэнтаў імпартаванага ў ЕС газу паступае з Расіі. Гэта найбуйнейшая змена стратэгіі энергетычнай бяспекі Еўрасаюза ў гісторыі. Толькі цягам бягучага года ЕС плануе скараціць імпарт расійскага газу на дзве траціны.

«Мы не можам разлічваць на пастаўшчыка, які відавочна нам пагражае. Мы павінны дзейнічаць зараз, каб змякчыць наступствы росту коштаў на энерганосьбіты, дыверсіфікаваць пастаўкі газу на наступную зіму і паскорыць пераход на чыстую энергію», – напісала прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.
У тым ліку Брусель плануе да кастрычніка запоўніць газам сховішчаў да ўзроўню 90 працэнтаў. План прадугледжвае таксама дыверсіфікацыю паставак, акцэнт на звадкаваны прыродны газ (ЗПГ) і кантракты з надзейнымі партнёрамі, такімі, як ЗША, Катар, Алжыр і Егіпет.

Тым часам вынікі санкцыяў і крокаў у напрамку скарачэння залежнасці ад паставак расійскіх энерганосьбітаў, Расія будзе адчуваць толькі праз некалькі месяцаў, зразумела гаворка не ідзе пра расійскіх грамадзян:

- Санкцыі напэўна паўплываюць на сітуацыю расійскай эканомікі. Аднак на іх вынікі, гаворка ідзе пра макраэканамічны ўзровень, трэба пачакаць некалькі месяцаў. У сваю чаргу расійскае грамадства ўжо адчувае дэвальвацыю рубля, рост цэнаў паліва. Трэба пачакаць некалькі тыдняў, калі санкцыі пачнуць уваходзіць у сілу. Важны тэрмін іх ажыццяўлення. Нагадваю, напрыклад, у выпадку Беларусі, санкцыі пачалі ўваходзіць у сілу пасля трох месяцаў з моманту іх абвяшчэння. Зараз мы не маем столькі часу, бо Украіна змагаецца і мы хочам спыніць вайну цяпер, а не праз некалькі месяцаў, калі стратаў будзе яшчэ больш.

Тым часам СМІ паведамляюць, што верагодна грузавікі на беларускіх або расійкіх нумарах, пастаўляюць з Германіі праз Польшчу ў Беларусь тавары, лекі і прадукты харчавання для расійскіх жаўнераў, якія ваююць з украінцамі. Таму важна не дапусціць у Расію забароненага імпарту праз тэрыторыю Беларусі, лічыць эксперт:

- Ужо падчас увядзення ранейшых санкцыяў з 2014 і 2015 гадоў Беларусь выконвала ролю крупʼе. Гэта дзяржава непрыязная ЕС, але яна выконвала ролю пасярэдніка ў кантактах з Расіяй. Зараз мы назіраем падобную сітуацыю. Таму важна, каб санкцыі Захаду закранулі таксама Беларусь. Трэба пазбегнуць сітуацыі, калі частка забароненых тавараў, будзе праходзіць праз Беларусь і пастаўляцца ў Расію. Гэта трэба суцэльна заблакаваць і гэта таксама задача Еўракамісіі – увесці адпаведныя правілы, якія ліквідуюць такія магчымасці.

- падкрэслівае Марыюш Маршалкоўскі з сайту BiznesAlert.pl.

У тым, што абмежаванне імпарту расійскай нафты неабходнае для спынення далейшай расійскай экспансіі, перакананыя аналітыкі Польскага эканамічнага інстытута. Яны падкрэсліваюць, што згаданая сыравіна зʼяўляецца асноўным экспартным таварам Расіі.

Паводле ацэнак інстытуту, забароны ЗША і Вялікабрытаніі на імпарт расійскай нафты скароцяць гадавы бюджэт Расіі на 5,1 мільярда долараў. У сваю чаргу, планаванае Еўракамісіяй скарачэнне паставак расійскага газу на дзве траціны будзе каштаваць Расіі дадатковых 2,4 мільярда долараў. Аднак, паводле эксперта Мацея Мінішэўскага (Maciej Miniszewski), значна больш жорсткай санкцыяй для Расіі было б спыненне паставак нафты ў ЕС:

- Гэта быў бы ў 7 разоў большы кошт для расійскага бюджэту, чым абмежаванні, абвешчаныя ЗША і Вялікабрытаніяй. Уплыў амерыканскага эмбарга на бюджэт Расіі ў 14 разоў меншы, чым, у выпадку магчымага эмбарга ЕС толькі на нафту. Тым не менш, мы чакаем, што амерыканскае эмбарга прычыніцца да далейшага росту цаны сыравіны на сусветным рынку.

«Прыбытак ад продажу сырой нафты ў краіны ЕС складае каля 10 працэнтаў цэнтральнага бюджэту Расійскай Федэрацыі. У студзені 2022 года, з-за павышэння цэн на сусветных рынках, даходы ад продажу нафты выраслі больш чым на 90 працэнтаў у параўнанні з сярэднямесячнымі з мінулага года», – адзначылі аналітыкі.
Яны дадалі, што за кошт часткі сродкаў ад экспарту нафты Расія фінансуе інвестыцыі на акупаваных тэрыторыях. Па дадзеных Польскага эканамічнага інстытута, доля расійскай нафты ў імпарце ЕС знізілася з 34 працэнтаў у 2010 годзе да 25 працэнтаў у 2019 і 2020 гадах.

Найбольш залежнай ад расійскай нафты краінай была Славакія, якая імпартавала выключна з Расіі і пакрывала ўвесь унутраны попыт на нафту расійскай сыравінай. У Фінляндыі доля расійскай нафты перавысіла 80% спажывання.

Паводле экспертаў, ёсць тры патэнцыйныя крыніцы дыверсіфікацыі паставак сырой нафты ў Еўрасаюз, дзякуючы якім можна было б цалкам адмовіцца ад паставак нафты з Расіі. Гаворка ідзе пра пашырэнне магчымасці імпарту з Нарвегіі, а таксама павелічэнне паставак з ЗША і Казахстана.

Трэцяя праграма/IAR/аз

Аналітыкі: Абмежаванне імпарту расійскай нафты ў ЕС рэальнае

08.03.2022 15:01
Аналітыкі Польскага эканамічнага інстытута вызначылі тры асноўныя альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты ў ЕС.

Bloomberg: ЗША забароняць імпарт расiйскай нафты

08.03.2022 16:30
Да ўвядзення забароны на імпарт расійскай нафты надоечы заклікаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.