Міністэрства сельскай гаспадаркі і Міністэрства дзяржаўнай маёмасці Польшчы распрацоўваюць рашэнні, якія дазволяць аднавіць вытворчасць польскіх угнаенняў. Пра гэта паведаміў міністр сельскай гаспадаркі Генрых Кавальчык.
На мінулым тыдні з-за рэзкага падаражэння прыроднага газу дзяржаўныя прадпрыемствы значна скарацілі вытворчасць мінеральных угнаенняў.
Кіраўнік адной з падляскіх фірмаў, якая займаецца дыстрыбуцыяй угнаенняў Анджэй Рэмісевіч, тлумачыць, што пры цяперашніх цэнах на газ поўнамаштабная вытворчасць угнаенняў робіцца стратнай:
-Газ яшчэ нядаўна каштаваў 70, 100, 130 еўра а цяпер больш за 330 еўра. Таму Група Azoty i Група ANWIL абмяжоўваюць вытворчасць угнаенняў нават да 40%, з прычыны эканамічнай немэтазгоднасці захавання ранейшых аб’ёмаў вытворчасці. Мы разлічваем на тое, што цана на газ стабілізуецца і, магчыма, нават знізіцца хаця б да 200 еўра, і тады можна аўтаматычна аднавіць вытворчасць.
Падляскі прадпрымальнік Анджэй Рэмісевіч кажа, што разумее заклапочанасць фермераў наконт наяўнасці ўгнаенняў. Аднак супакойвае тое, што ў выпадку дэфіцыту на ўнутраным рынку, дыстрыб'ютары ўгнаенняў будуць закупляць іх па-за межамі Польшчы:
-Калі будзе дэфіцыт польскіх угнаенняў – будзем шукаць імпартныя ўгнаенні. Трэба разумець, што праблемы з газам маюць толькі Еўропа, а не ўвесь свет. Ужо з’яўляецца прапанова газу са Злучаных Штатаў, іншых краінаў свету. Канечне, транспарціроўка газу з іхных частак свету – затратны працэс, але паступова гэты тавар будзе зʼяўляцца, таму што ў свеце няма праблемы з газам. Хачу падкрэсліць газу бракуе ў Еўропе, але не ў свеце.
На наступным паседжанні Рады міністраў Польшчы павінны быць прадстаўленыя праекты рашэнняў, якія дазволяць аднавіць вытворчасць угнаенняў на дзяржаўных прадпрыемствах.
Варта прыгадаць, што калійныя ўгнаенні не зʼяўляюцца прадуктам хімічнага сінтэзу, а атрымліваюць з прыродных радовішчаў, якія знаходзяцца ў адносна невялікай колькасці краін.
Сусветная вытворчасць калійных угнаенняў у пераліку на чысты інгрэдыент (K2O) у 2018 годзе склала каля 43 мільёнаў тон, яна высокаканцэнтраваная – доля пяці найбуйнейшых вытворцаў складае каля 80%. Беларусь зʼяўлялася другім у свеце вытворцам калійных угнаенняў – у 2018 годзе ў краіне было выраблена 7,26 млн тон K2O, што склала 16,5% сусветнай вытворчасці. Канада зʼяўляецца найбуйнейшым вытворцам з доляй прыкладна 31%.Да мінулага года планамерна рос як абʼём вытворчасці калійных угнаенняў у Беларусі, так і яе доля на сусветным рынку.
Летась у ліпені, у рамках чарговага пакету санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, міністры замежных спраў краін ЕЗ дамовіліся ўвесці эмбарга на ўвоз калійнай солі і калійных угнаенняў з Беларусі. Польшча не мае ўласных радовішчаў калійных соляў, без якіх немагчымая вытворчасць угнаенняў.
Польскім вытворцам даводзілася атрымліваць імпартную сыравіну ад трох асноўных пастаўшчыкоў: Расіі, Беларусі і ФРГ. У 2017-2020 гадах іх сярэднія долі ў пастаўках у Польшчу склалі адпаведна 36%, 35% і 23%. Такім чынам, каля 1/3 польскай патрэбы ў калійных угнаеннях забяспечвала Беларусь.
У выніку ўварвання Расіі ва Украіну гэтыя рынкі, як і Беларусь раней, былі выключаныя з паставак угнаенняў. Да лютага 2022 года жа долю Расіі і Беларусі прыходзілася амаль 40% сусветная вытворчасць калійных і шматкампанентных угнаенняў.
У сваёй справаздачы з сакавіка 2022 г. банк PKO BP падкрэслівае, што польскі попыт на ўгнаенні найбольш задавальняецца імпартам у сегменце калійных угнаенняў, у тым ліку шматкампанентных угнаенняў, якія змяшчаюць калій. Але ў гэтым выпадку польскія кампаніі здольныя задаволіць унутраны попыт, пытанне ў цане газу, пра што і распавёў падляскі прадпрымальнік.
Сярод прычын высокіх коштаў на ўгнаенні партал TopAgrar.pl называе глабальныя шокі ў пастаўках, выкліканыя вайной ва Украіне і дрэнным надворʼем, а таксама дзеянні Кітая і Расіі, накіраваныя на скарачэнне колькасці ўгнаенняў, якія адпраўляюцца за мяжу, што блакуе размеркаванне ўгнаенняў, якія звычайна трапляюць на рынкі. Найбольшы рост коштаў датычыцца азотных, фосфарных і калійных угнаенняў.
Спыненне вытворчасці ўгнаенняў на мінулым тыдні адразу двума буйнейшым вытворцамі, выклікала вялікі палітычны рэзананс у Польшчы. Пытанне пастаўлена на павестку дня ва ўрадзе. У панядзелак, 29 ліпеня старшыня праўлення канцэрну PKN Orlen, у склад ягока уваходзіць група Anwil, Даніэль Обайтэк паведаміў наступнае:
-Нягледзячы на цяжкія ўмовы на рынку газу, ANWIL аднаўляе вытворчасць угнаенняў і, такім чынам, сырога CO2. Мы робім усё, каб гэты прадукт, які выкарыстоўваецца ў медыцынскай прамысловасці і ў вытворчасці прадуктаў харчавання, быў даступны на польскім рынку.
«Запасаў угнаенняў дастаткова для восеньскіх патрэбаў», – запэўніваў міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Генрык Кавальчык. Паводле яго, у бліжэйшыя тыдні павінна быць вырашана пытанне з угнаеннямі на вясновы перыяд, калі іх выкарыстоўваецца значна больш.
- Група Azoty павінна дзейнічаць так, як вымагае рынак. Таму будзем думаць, як ім дапамагчы з набыццём газу. Што тычыцца ўгнаенняў, то іх на бліжэйшы час хопіць, але лепш падрыхтавацца больш старанна да вясны. Хаця гэта не тэрміновае пытанне, мы плануем вырашыць яго цягам двух тыдняў.
Недахоп угнаенняў, а таксама небывалы высокі ўзровень цэнаў на іх напэўна падсцёбне інфляцыю, якая ў Польшчы ў ліпені і так дасягала рэкордных 15,6% гадавых.
iar/pr/эж