Нягледзячы на тое, што сярэдні заробак сезонных рабочых на Захадзе ўсё яшчэ ўдвая вышэйшы, чым у Польшчы, то з-за высокіх коштаў пражывання і падарожжа кароткія паездкі на працу за мяжу ўжо не такія прывабныя, як раней, канстатуе выданне Rzeczpospolita.
«На нізкааплатных сезонных працах у Польшчы можна зарабіць не нашмат менш, чым за мяжой, а часам практычна столькі ж», – кажа Кшыштаф Інглёт, заснавальнік і эксперт агенцтва па працаўладкаванні Personnel Service, якое, сярод іншага, адпраўляе палякаў на працу ў Германію, Нідэрланды і скандынаўскія краіны.
Дарэчы, ён не адзіны, хто кажа пра зніжэнне зацікаўлення летняй працай за мяжой, якая гады таму матывавала сотні тысяч людзей, у тым ліку многіх студэнтаў. Аднак тады такая паездка гарантавала, нават асобам без кваліфікацыі, заробак у чаты разы вышэйшы, чым на радзіме. Сёння згаданая розніца (таксама з-за слабейшага еўра) складае толькі палову.
Паколькі колькасць сезонных прапаноў працы ў сельскай гаспадарцы, садаводстве і перапрацоўчай прамысловасці застаецца на падобным узроўні, то, напрыклад, агенцтва Otto Work Force, якое шмат гадоў адпраўляе палякаў на працу ў Нідэрланды, кампенсуе зніжэнне колькасці работнікаў прыцягненнем большай колькасці эканамічных мігрантаў з Балгарыі і Румыніі, паясняе ў размове з газетай кіруючы дырэктар агенцтва Тамаш Дудэк.
Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што зніжэнне зацікаўлення палякаў летняй працай у Заходняй Еўропе ў асноўным звязана з хуткім ростам мінімальнай заработнай платы, якая ў гэтым годзе складае 4 700 злотых брута (амаль 1 106 еўра). У пераліку на еўра, у гэтым аспекце, Польшча займае ўжо 9-е месца ў Еўрасаюзе, апярэджваючы такія краіны, як Партугалія і Грэцыя.
Кшыштаф Інглёт таксама нагадвае, што маладыя людзі да 26 гадоў вызваляюцца ад падатку на прыбытак ад даходу, таму сезонная праца за мяжой прыцягвае ў асноўным тых, хто пры нагодзе жаданне падарожнічаць па свеце і вывучаць мову.
аз