Беларуская Служба

Польскія супрацьдронавыя сістэмы HAWK стануць на абарону аб'ектаў ВПК 

05.09.2025 10:08
Сістэма HAWK спалучае чатыры метады выяўлення беспілотнікаў: радыёлакацыйны, аптычны, акустычны кантроль і аналіз сігналаў паміж дронам і яго аператарам.
Ілюстрацыя https://pixabay.com

На Міжнародным салоне абароннай прамысловасці ў Кельцах кампанія Hertz і Polska Grupa Zbrojeniowa (PGZ) падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Паводле дамоўленасці, супрацьдронныя сістэмы HAWK будуць выкарыстоўвацца для абароны крытычнай інфраструктуры PGZ, пішуць на партале biznesalert.pl. Таксама плануецца іх інтэграцыя з лёгкімі вайсковымі аўтамабілямі Legwan і Waran, якія ўжо знаходзяцца на ўзбраенні Войска Польскага.

Старшыня праўлення кампаніі Hertz Зыгмунд Рафал Тшаскоўскі, адзначыў, што сістэма HAWK распрацоўваецца больш за дзесяць гадоў. Яна прызначана для абароны вайсковых аб’ектаў, аэрапортаў, прамысловых прадпрыемстваў і масавых мерапрыемстваў. Сёння супрацьдронавая сітэма ўжо выкарыстоўваецца, у тым ліку, паліцыяй у Шчэціне і адміністрацыяй аэрапорта ў мясцовасці Бабімост.

Сістэма HAWK спалучае чатыры метады выяўлення беспілотнікаў: радыёлакацыйны, аптычны, акустычны кантроль і аналіз сігналаў паміж дронам і яго аператарам. Зона выяўлення буйных ваенных дронаў дасягае 20 км, а камерцыйных — да 5 км.

У выпадку пагрозы HAWK здольны глушыць кіравальныя сігналы, браць дроны пад кантроль (spoofing), а таксама фізічна іх ліквідаваць з дапамогай контрдронаў з сеткай ці спецыяльных установак. Кампанія працуе над тэхналогіяй электрамагнітных імпульсаў (EMP), а ў будучыні плануе выкарыстанне баявых лазераў для знішчэння выбуховых зарадаў у паветры.

Зыгмунд Рафал Тшаскоўскі пацвердзіў, што кампанія Hertz вядзе перамовы з Міністэрствам нацыянальнай абароны наконт магчымасці выкарыстання HAWK у Войску Польскім. Сістэмы могуць абараняць як вайсковыя падраздзяленні, так і ўсходнюю мяжу краіны ў межах праграмы «Шчыт Усход».

Віцэ-прэм’ер і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш у Кельцах падкрэсліў, што развіццё беспілотных войскаў патрабуе паралельнай распрацоўкі супрацьдронных сістэм. Паводле палітыка, абарончае ведамства будзе супрацоўнічаць як з дзяржаўнымі, так і з прыватнымі кампаніямі.

Зараз Войска Польскае мае сістэмы SkyCTRL, створаныя кампаніяй Advanced Protection Systems (APS). Аднак адкрытым застаецца пытанне іх мадэрнізацыі і далейшай інтэграцыі з войскам, у тым ліку праз абмежаваныя магчымасці па фінасаванні.

эж