Папярэджанне для Еўропы, пагроза з боку крайніх левых і правых сілаў і прагноз беспарадкаў у чарговых краінах — сусветныя СМІ каментуюць сітуацыю ў Францыі. Каментатары сыходзяцца ў меркаванні, што эканамічнае становішча Францыі жахлівае.
Брытанскае выданне «The Guardian» піша пра парушаны сацыяльны кантракт дзяржавы з маладым пакаленнем. «The Daily Telegraph» параўноўвае сітуацыю французаў і брытанцаў, падкрэсліваючы, што французы плацяць больш высокія падаткі, атрымліваюць больш высокую сацыяльную дапамогу, а дзяржаўны доўг краіны складае 120% ВУП.
— Казна пустая, кладоўка пустая, а эканоміка стагнуе (...) Усё, што можна абкласці падаткам, ужо абклалі падаткам, — піша ў сваю чаргу правацэнтрысцкая газета «The Times». Штодзёнка ацэньвае, што краіне патрэбныя фінансавая дысцыпліна, фіскальная кансалідацыя і «спрыяльныя для росту скарачэнні бюракратыі і падаткаў», але замест гэтага лідар крайніх левых сілаў Жан-Люк Меланшон і лідарка радыкальных правых сілаў Марын Ле Пэн канкуруюць адзін з адным, прапаноўваючы нерэалістычныя абяцанні павелічэння выдаткаў.
Газета лічыць, што апошнія падзеі падарвалі давер да Францыі на сусветных рынках.
— Дні марнатраўнай французскай дзяржавы сацыяльнага забеспячэння злічаныя. Хто адважыцца інвеставаць у такую глыбока падзеленую краіну, настолькі адарваную ад рэальнасці?, — рытарычна пытаюцца рэдактары «The Times».
У сваю чаргу «Daily Telegraph» лічыць, што «французскі хаос — гэта папярэджанне для Еўропы». Газета задаецца пытаннем, ці не з'яўляецца Францыя прадвеснікам падобных хваляванняў, якія распаўсюджваюцца на іншыя краіны кантынента, спасылаючыся на напружанасць у Албаніі, Італіі, Партугаліі і Іспаніі.
Кансерватыўная штодзёнка нагадвае, што, хоць вулічныя пратэсты ў Францыі не рэдкасць, на гэты раз іх маштаб найбуйнейшы з часоў студэнцкіх дэманстрацый 1968 года.
— Рынкі аблігацый цяпер баяцца, што Францыя можа абвясціць дэфолт, што прымусіць Еўрапейскі цэнтральны банк умяшацца, як гэта было ў Грэцыі і Ірландыі 15 гадоў таму, — піша «Daily Telegraph».
Газета падкрэслівае, што ў выніку беспарадкаў «мільёны выбаршчыкаў цяпер звяртаюцца да лідаркі ўльтраправых сілаў Марын Ле Пэн». Яна зʼяўляецца фаварыткай на прэзідэнцкіх выбарах наступнага года.
Падобную пагрозу бачыць таксама левая газета «The Guardian», аднак згаданае выданне прычынай хаосу называе палітыку прэзідэнта Эмануэля Макрона і яго «нахабную прыхільнасць да палітыкі жорсткай эканоміі, нягледзячы на відавочныя доказы паглыблення палітычнай палярызацыі і росту грамадскага гневу».
— Беспарадкі і гвалт, якія мы назіралі ў мінулыя выходныя, могуць быць толькі прадвесцем таго, што нас чакае, – піша «The Guardian».
Нагадаем, пратэсты ў Францыі працягваюцца з канца верасня 2026 года, калі студэнты пачалі дэманстраваць у парыжскіх прыгарадах супраць дрэнных умоў у школах і недахопу педагогаў. З часам дэманстрацыі ператварыліся ў агульнанацыянальны рух пратэсту супраць росту коштаў жыцця і пагаршэння якасці дзяржаўных паслуг. У мінулую суботу дэманстрацыі перараслі ў беспарадкі. Злачынцы нападалі на грамадскія будынкі і рабавалі крамы. Паліцыя затрымала каля 2 500 чалавек.
Для польскіх кампаній навіны з Францыі — гэта не проста палітычная цікавостка, а значны фактар бізнес-рызыкі. Францыя зʼяўляецца адным са слупоў польскага знешняга гандлю. Яна займае трэцяе месца сярод найбуйнейшых атрымальнікаў польскага экспарту і шостае месца па імпарце ў Польшчы, нагадвае «Business Insider Polska».
PAP/аз