Беларуская Служба

Apple інвестуе ў чыстую энергію ў Польшчы

14.10.2025 13:01
Інвестыцыя амерыканскага гіганта ў Польшчы – частка больш маштабнага праекта ў Еўропе.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Klas_lu/pixabay.com/CC0 Public Domain

Кампанія Apple абвясціла пра чарговую буйную ініцыятыву па падтрымцы развіцця аднаўляльных крыніц энергіі ў Еўропе. Польшча таксама ўваходзіць у лік краін, дзе будуць пабудаваны новыя ветравыя і сонечныя праекты.
Да канца бягучага года ў Рэску ў Заходнепаморскім ваяводстве пачне працаваць сонечная ферма магутнасцю ў 40 МВт. Інвестарам з'яўляецца кампанія Apple, а праект будзе рэалізаваны ізраільскай кампаніяй Econergy, паведамляе Rzeczpospolita.

Паводле газеты, амерыканская карпарацыя, якая праектуе і распрацоўвае бытавую электроніку, праграмнае забеспячэнне і інтэрнэт-сэрвісы падпісала з Econergy папулярнае пагадненне ў галіне аднаўляльных крыніц энергіі, то бок «доўгатэрміновае пагадненне аб куплі-продажы віртуальнай электраэнергіі» (анг. virtual Power Purchase Agreement, PPA).

Газета цытуе віцэ-старшыню Apple Лізу Джэксан, якая заявіла, што «пагадненне мела вырашальнае значэнне для забеспячэння фінансавання будаўніцтва сонечнай фермы».

«Паводле 19-гадовай дамовы, Apple будзе закупляць прыкладна 75 працэнтаў энергіі, вырабленай фермай», – заявіла Джэксан.

Чыстая энергія для карыстальнікаў Apple ў Еўропе

Паводле газеты, устаноўка магутнасцю ў 40 МВт забяспечыць энергіяй дзясяткі тысяч хатніх гаспадарак.

Інвестыцыя Apple ў Польшчы – гэта толькі частка больш маштабнага праекта ў Еўропе. У цэлым, чакаецца, што праекты Apple дададуць да еўрапейскай сеткі да 650 МВт аднаўляльнай энергіі – дастаткова, каб пакрыць ейнае спажыванне, звязанае з выкарыстаннем прылад Apple усімі кліентамі на кантыненце.

Новыя інвестыцыі будуць уключаць ветравыя і сонечныя электрастанцыі ў Польшчы, Італіі, Грэцыі, Румыніі і Латвіі, а таксама ў Іспаніі. Іхны агульны кошт складзе больш за 600 мільёнаў долараў. Яны павінны вытвараць больш за адзін мільён мегават-гадзін чыстай энергіі ў год да 2030 года.

аз