Беларуская Служба

Былыя палітычныя вязні сустрэліся ў музеі, які калісьці быў вязніцай службы бяспекі

13.12.2019 15:05
«Тады не ўдалося забіць мары пра свабоду, пра незалежнасць, нягледзячы на тое, што на вуліцы выехалі танкі».
Аўдыё
1981 r. Stan wojenny w Polsce
1981 r. Stan wojenny w PolscePAP/Reprodukcja

У 38-ую гадавіну ўвядзення ваеннага становішча, былыя палітычныя вязні сустрэліся ў музеі, які калісьці быў жахлівай вязніцай службы бяспекі Польшчы.

Турма на вуліцы Ракавецкай у Варшаве заслужыла сабе па праву дрэнную славу. Яна была адкрытая яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя па загаду акупацыйных уладаў Расійскай імперыі. Тады гэта была адна з самых сучасных і самых жорсткіх турмаў у Польшчы, якая на той час была падзелена паміж трыма дзяржавамі. Калі краіна стала незалежнай, на вуліцы Ракавецкай далей была турма, а пасля Другой сусветнай вайны яна стала месцам, дзе катавалі сваіх ахвяр садысты з Ўпраўлення бяспекі (Urząd Bezpieczeństwa – польская спецслужба, падобная да савецкага КДБ).
У турме на Ракавецкай пасля вайны катавалі дзеячаў, якія змагаліся з камуністычным рэжымам, 350 чалавек атрымалі смяротны прысуд і там былі забітыя, а некаторыя вязні памерлі ад катаванняў. Калі ж закончыўся сталінізм, у вязніцу прывозілі прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, між іншым, дзеячаў прафсаюзу «Салідарнасць» у 80-ыя гады, калі было ўведзена ваеннае становішча.

Цяпер на вуліцы Ракавецкай працуе Музей выклятых жаўнераў і палітычных вязняў Польскай Народнай Рэспублікі. У гадавіну ўвядзення ваеннага становішча там сустракаюцца былыя палітычныя вязні. У ноч на 13-ага снежня, акрамя традыцыйнай сустрэчы былых вязняў, прайшоў таксама канцэрт патрыятычных песняў і былі прадстаўленыя памятныя рэчы самай малодшай ахвяры ваеннага становішча – Эміля Барханьскага, якому нават не споўнілася 17 гадоў у момант смерці. Рэчы перадала яго маці, – распавядае дырэктар музею Яцэк Паўловіч.

- Выдатны малады паляк, паэт, пісьменнік, журналіст, падпольны друкар, адважны герой барацьбы з камуністычным рэжымам у перыяд ваеннага становішча. Яго па-варварску забілі бандыты са Службы бяспекі. Прыгожы чалавек, выдатная біяграфія. Гэта павінен быць узор для маладога пакалення.

Удзельніца сустрэчы Эльжбета Крулікоўска-Авіс была кінакрытыкам у часопісе «Фільм», калі было ўведзена ваеннае становішча. Яна ўспамінае, што для яе самой ды для яе знаёмых гэта было вялізнай нечаканасцю.

- Гэта была сярэдзіна зімы, але раней, цягам паўтара году, мы прывыклі да так званага карнавалу «Салідарнасці», ніхто асабліва не баяўся ўладаў. Калі было ўведзена ваеннае становішча, пачаліся сумныя падзеі. Людзей затрымлівалі, звальнялі з працы. Мяне таксама звольнілі з працы, на працягу васьмі месяцаў я была беспрацоўнай. Тады, у часы «Салідарнасці», я была ўжо другі раз вязняркай рэжыму.

Ваеннае становішча павінна было зламаць хрыбет палякаў, – так пра падзеі, якія адбыліся ў Польшчы 38 гадоў таму, казаў былы міністр нацыянальнай абароны Польшчы, ганаровы спікер Сейму Антоні Мацярэвіч.

- Яно было ўведзена з мэтай знішчыць адраджэнне свабоды, знішчыць нацыянальны дух народа, знішчыць адраджэнне польскасці. І, на жаль, часткова гэта ўдалося. Мэта ў нейкай ступені была дасягнутая, паколькі па сённяшні дзень мы бачым, што не была вернутая справядлівасць, у Польшчы не ўсе паступаюць паводле прынцыпу, што за віну павінна быць пакаранне.

Па словах Антоні Мацярэвіча, усё яшчэ званне генералаў носяць людзі, якія забівалі ксяндзоў, прымусілі мільёны палякаў з’ехаць з радзімы, а дзясяткі тысяч чалавек кінулі ў турмы. Тым не менш, як заявіў старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці Яраслаў Шарэк, камуністам не ўдалося знішчыць мары палякаў аб свабоднай краіне.

- Не ўдалося забіць мары пра свабоду, пра незалежнасць, нягледзячы на тое, што на вуліцы выехалі танкі, выйшлі тысячы салдат і спецаддзелы міліцыі. Палякі не далі адабраць у сябе мары пра свабоду. І практычна з першага дня пачалося змаганне супраць ваеннага становішча.

Ліст да ўдзельнікаў сустрэчы ў былой камуністычнай вязніцы напісаў прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі. «Я схіляю галаву перад тымі, хто прайшоў праз рэпрэсіі, пераслед і турмы. Без вашай адвагі, без веры ў сэнсоўнасць той барацьбы не было б свабоднай Польшчы, якую мы сёння разам будуем», – напісаў кіраўнік Кабінету міністраў.

ІАР ПР/нг

на здымку - 1981 год, ваеннае становішча ў Польшчы