Беларуская Служба

Прэзідэнт з Талант шоў

28.12.2019 17:42
Гаворка ідзе пра пісьменніка, журналіста, селебрыці, шматгадовага вядучага праграмы «Талант», які вырашыў балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы.
Szymon Hołownia
Szymon HołowniaPAP/Adam Warżawa

Тыднёвік Wprost (Eliza Olczyk) піша пра аднаго з кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары ў Польшчы. Гаворка ідзе пра пісьменніка, журналіста, селебрыці, шматгадовага вядучага праграмы «Талант». Яго завуць Шыман Галоўня (Szymon Hołowia).

Трэба сказаць, што Галоўня ўмее здзіўляць. Калі гады таму, каталіцкі публіцыст, патэнцыйны дамініканец, вырашыў стаць тэлевядучым шоў «Талант», усе моцна здзівіліся. Гады ішлі, а Галоўня заваёўваў усё новых прыхільнікаў – далучыўся да прамоўшын вегетарыянства, у барацьбу за правы жывёлы, у дабрачынную дзейнасць. Пісаў новыя кніжкі, ездзіў з імі па Польшчы, заснаваў два фонды дапамогі бедным у краінах Афрыкі і пры нагодзе наладзіў сувязі з буйным бізнесам.

У прамове, калі Галоўня заявіў пра свой намер балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах, ён сказаў, што хоча пакінуць сваёй цяпер двухгадовай дачцэ не толькі свае кніжкі і публікацыі, а «яшчэ лепшую Польшчу, за якую будзе змагацца прэзідэнт Галоўня».

Шыман Галоўня не мае падтрымкі ніводнай партыі, выкладае на выбарчую кампанію свае прыватныя грошы і спадзяецца на ахвяраванні палякаў. Таксама не думае ствараць сваю партыю.

Шыман Галоўня плануе стаць канкурэнцыяй для цяперашняга прэзідэнта Анджэя Дуды, аднак аналітыкі мяркуюць, што Галоўня хутчэй забярэ галасы ў кандыдатаў на прэзідэнта ад апазіцыі – Малгажаты Кідавы-Блоньскай з Грамадзянскай платформы, або Уладыслава Касіняк -Камыша ад сяланскай партыі ПСЛ. І што прыхільнікі «Права і справядлівасць» не падтрымаюць шаўмэна з прыватнага каналу TVN, нават калі ён дэманструе прывязанасць да каталіцызму.​