Беларуская Служба

Прэм’ер Польшчы заклікае Еўразвяз даць амбітны адказ каранавірусу

17.04.2020 13:44
Прэмʼер запэўніў, што Еўрапейскі Звяз можа дазволіць сабе амбітны бюджэт, але супольнасць мусціь змагацца з «падатковымі раямі» і падатковай мафіяй.
Mateusz Morawiecki
Mateusz MorawieckiPAP/Leszek Szymański

Матэвуш Маравецкі не адказаў прама на пытанне аб тым, ці Польшча звернецца ў Еўразвяз па дапамогу ў барацьбе з наступствамі крызісу, выкліканага пандэміяй каранавіруса. Партал wp.pl цытуе вытрымкі інтэрв'ю польскага прэм’ера, дадзенага вядомай іспанскай газеце El Mundo.

«Нам патрэбны сурʼёзны пакет па аднаўленню эканомікі. Міжнародны валютны фонд таксама павінен адказваць наступствам гэтага крызісу», – сказаў Матэвуш Маравецкі ў гутарцы з El Mundo. Польскі прэмʼер запэўніў, што Еўрапейскі Звяз можа дазволіць сабе амбітны бюджэт, але супольнасць мусціь змагацца з «падатковымі раямі» і падатковай мафіяй.

«Гэта не аптымізацыя, а проста вольная трактоўка законаў або адкрыты падман», – апісаў існуючыя дзіры ў падатковай сістэме ЕЗ Матэвуш Маравецкі.

Крызіс, выкліканы каранавірусам, павялічыў рознагалоссі сярод краінаў еўразоны. Дзяржавы, якія выкарыстоўваюць еўра, абмяркоўваюць змяненне сістэмы размеркавання прыбыткаў і страт. «Цяперашняя сітуацыя палітычна няслушная і сёння пагражае еўразоне, а значыць, і ўсяму ЕЗ», – папярэдзіў Маравецкі.

Кіраўнік польскага ўрада падкрэсліў, што цяперашні крызіс можа прынесці найбольшую эканамічную турбулентнасць з часоў Другой сусветнай вайны. Як і ў выпадку з папярэдняй рэцэсіяй, Маравецкі разлічвае на сілу польскай нацыянальнай валюты – злотага.

У інтэрвʼю іспанскаму El Mundo кіраўнік польскага ўрада звярнуў увагу і на міжнароднае становішча. Матэвуш Маравецкі адзначыў, што Польшча зʼяўляецца адным з самых актыўных прыхільнікаў пашырэння еўрапейскай супольнасці краінамі Заходніх Балканаў. Польскі палітык папярэдзіў, што ў адваротным выпадку яны патрапяць у сферу ўплыву Кітая, Расіі, а таксама радыкальных мусульманскіх груповак. «Еўропа не можа пакінуць Балканы», – падкрэсліў Маравецкі. Вытрымкі інтэрвʼю Матэвуша Маравецкага для іспанскай газеты El Mundo надрукаваў польскі партал wp.pl.

эж