Мужчынскі манастыр у вёсцы Малыя Ляды Смалявіцкага раёну, на тэрыторыі якога знаходзіцца Свята-Благавешчанскі Лядзенскі храм, куды на Вялікдзень прыязджаў Аляксандр Лукашэнка з сынам Мікалаем, зачынены для наведвання. Медыкі з Смалявіцкай цэнтральнай раённай бальніцы кажуць, што там ёсць выпадкі заражэння каранавірусам.
Завёз туды Лукашэнка на пасху шакалад ПРЭЗІДЭНТ, а разам з ім і каранавірус.
Апроч Лядзенскага, на каранціне знаходзіцца і Жыровіцкі манастыр, некаторыя манастыры закрываюцца на самаізаляцыю, сказаў прадстаўнік БПЦ Сяргей Лепін.
Напярэдадні Вялікадня вайскоўцы адмянілі рэпетыцыю параду роты ганаровай варты. Патлумачылі тым, што быў выходны дзень. І падрыхтоўка да параду 9 траўня ідзе па плане. Але па маіх звестках, традыцыйныя запрашэнні на парад ад кіраўніцтва РБ не атрымалі амбасады краінаў ЕС, хаця ў мінулыя гады такія запрашэнні дасылаліся за некалькі тыдняў. Гэта важны сігнал, што з парадам нешта не так.
Пастаянная каардынатарка Арганізацыі аб’яднаных нацыяй у Беларусі Яанна Казана-Вісьнявецка 28 красавіка выступіла са зваротам да беларусаў і беларускіх уладаў. «Нягледзячы на актыўныя намаганні ўраду і міжнародных партнёраў, цяпер мы назіраем у Беларусі эвалюцыю ўспышкі інфекцыі COVID-19, якая характарызуецца ўстойлівай перадачай і распаўсюджваецца лакальна», – адзначыла каардынатарка ААН.
Яна адзначыла, што 26 красавіка Мінздароўя паведамляла пра больш як 10 тысяч выпадкаў COVID-19 у Беларусі, тады як 26 сакавіка – толькі пра 86.
«У дадатак да рашучых захадаў у адказ з боку медыка-санітарных, эпідэміялагічных структураў і ўраду, накіраваных на тэставанне, адсочванне і ізаляцыю, у спалучэнні з гераічнымі намаганнямі медычных работнікаў, цяпер прыйшоў час для неадкладных і маштабных захадаў ва ўзмацненні жорсткасці фізічнага дыстанцыявання», – заявіла Казана-Вісьнявецка.
Яна нагадала рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя:
- перанос масавых падзей;
- магчымасць дыстанцыйнай працы і навучання ва ўстановах адукацыі;
- прыпыненне прадпрыемстваў, якія не аказваюць «асноўных паслуг» – кавярняў, рэстарацыяў, гандлёвых цэнтраў;
- скарачэнне «неістотных перасоўванняў» – паездак за горад, у вёскі і на лецішчы, асабліва сярод людзей у групах рызыкі.
Захады дыстанцыянавання могуць прадухіліць шматлікія заражэнні, запаволіць распаўсюд віруса, даць медыкам час падрыхтаваць рэсурсы, работнікаў, ложкі і палаты, аддзяленні рэанімацыі, сродкі засцярогі.
«Для ўсіх нас карціна зразумелая: COVID-19, як бязлітасны забойца, атакуе краіны і людзей, – кажа каардынатарка ААН. – Вірус можа быць смяротным, нават калі вы маладыя і моцныя.
На жаль, бывае і так, што вы не ведаеце, ці ёсць у вас вірус, але можаце быць яго носьбітам і распаўсюднікам.
Няма нічога больш каштоўнага, чым жыццё. Няма нічога больш цяжкага, чым страціць родных, сяброў, калег ці сваіх суграмадзян.
Калі ласка, заставайцеся дома, каб спыніць COVID-19. Гэта дапаможа медыкам, прадпрыемствам і супрацоўнікам экстраных службаў выконваць сваю працу і спраўляцца з крызісам».
Для падтрымкі эканомікі пры COVID-19 улады РБ просяць 2,5 млрд долараў у МВФ ды іншых крэдытораў.
Надоечы Лукашэнка казаў, стоячы на лёдзе з хакейнай клюшкай у руках да журналісткі: «Вы бачыце вірус? Я яго не бачу!»
А зараз ён і паслугачы кажуць, што бачаць і вірус, і долары, якія можна атрымаць з яго дапамогай.
Уладзімір Падгол
слухайце аўдыё