Варшава мэтанакіравана і паслядоўна імкнецца пазбавіцца энергетычнай залежнасці ад былой метраполіі, ад Расіі. Газаправод Baltic Pipe злучыць газавыя сеткі Нарвегіі, Даніі і Польшчы.
У панядзелак раніцай падчас надзвычайнай прэсавай канферэнцыі ў Варшаве прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда абвясціў, што пракладка газаправоду Baltic Pipe пачнецца ў бліжэйшыя дні. Плануецца, што першыя кубаметры скандынаўскага блакітнага паліва трапяць у Польшчу не пазней за кастрычнік 2022 года. Агульны кошт інвестыцыі – 280 млн еўра.
Дзякуючы паспяховай рэалізацыі гэтага буйнога энергетычнага праекту, Польшча можа стаць пасярэднікам у дастаўках газу ў краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, што нанясе моцны ўдар па расійскай энергетычнай дамінацыі. Прынамсі на гэта разлічвае прэзідэнт Анджэй Дуда:
- Праклдка гэтага газаправода з’яўляецца значным элементам ініцыятывы Трохмор’я. Мы будуем газавыя інтэрканектары, якія дазволяць дастаўляць газ у суседнія краіны. Wяпер разам з імі ствараюць Трохмор’е. Аднак гэта тычыцца і Украіны, што вельмі важна. Польшча стане адным з важных гарантаў энергетычнай бяспекі Украіны.
30 красавіка польская кампанія Gas System падпісала кантракт на будаўніцтва газаправоду Baltic Pipe з італьянскім канцэрнам Saipem.
Упаўнаважаны прадстаўнік урада па стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Польшчы, міністр Пётр Наімскі казаў падчас сумеснай канферэнцыі з прэзідэнтам, што газавае злучэнне краіны з Нарвегіяй становіцца фактам. Палітык дадаў, што інвестыцыя павінна завяршыцца праз два гады. Пётр Наімскі нагадаў, што Польшча даўно дамагалася арганізаваць пастаўкі газу з Нарвегіі:
-Урад аб’яднаных правых сілаў, урад Бэаты Шыдла і Матэвуша Маравецкага, супольна з прэзідэнтам Анджэем Дудам працягваюць справу першага ўраду «Права і справядлівасці», а таксама рэалізоўваюць пастулаты іншых урадаў з пералому стагоддзяў. Тады Польшча не змагла ажыццявіць згаданую мэту. Аднак менавіта цяпер мы робім гэта. Мы даводзім фундаментальнае пытанне бяспекі Польшчы да фазы непасрэднай рэалізацыі.
Тым часам на Падкарпацці сваю працу пачаў новы газаправод – адзін з адрэзкаў энергетычнага калідора «Поўнач-Поўдзень». Гаворка ідзе пра 72-кіламетровае злучэнне – Германовіцы-Страхоціна. Калідор «Поўнач-Поўдзень» таксама павінен значна павысіць энергетычную бяспеку Польшчы і ўсяго рэгіёну, ён злучыць тэрмінал звадкаванага газу ў Свінавусьці і будучы газаправод Baltic Pipe. Энергетычны калідор «Поўнач-Поўдзень» злучыць Заходнія Балканы, а менавіта тэрмінал звадкаванага газу ў Харватыі з Польшчай. Энергетычны ланцуг Трохмор’я апаяша Польшчу, Чэхію, Славаччыну і Вугоршчыну. Пракладка газаправоду Baltic Pipe становіцца ключавым элементам рэалізацыя новай энергетычнай дактрыны цэнтральнаеўрапейскага рэгіёну.
Старшыня праўлення галоўнага падрадчыка будовы газаправода Baltic Pipe кампаніі Gaz System Томаш Стэмпень адзначыў, што прарыўным момантам у рэалізацыі інвестыцыі стаў візіт польскага прэзідэнта ў Данію:
- Кампанія Gaz System распачала гэты праект у 2016 годзе. На самой справе, цягам некалькіх месяцаў мы не здолелі пераканаць дацкі і нарвежскі бок у мэтазгоднасці газаправоду. Палітычны пералом адбыўся летась падчас візіту прэзідэнта Дуды ў Данію. З таго моманту датчане і нарвежцы абсалютна змянілі сваё стаўленне да праекту. Менавіта тады кампанія Gaz System распачала планаванне і праектаванне газаправоду Baltic Pipe.
Тым часам Расія працягвае будову газаправоду «Паўночны паток -2», які накіраваны на павелічэнне энергетычнай залежнасці краінаў Усходняй Еўропы. Аднак, надоечы перад стратэгічным праектам Крамля паўстала чарговая перашкода.
Дырэктыва ЕЗ ад лістапада мінулага года прадугледжвае, што аператар газаправода Nord Stream 2 не можа быць адначасова пастаўшчыком газу і павінен прадстаўляць доступ да яго іншым суб'ектам. Кансорцыум «Паўночны паток-2», спрабуючы абыйсці нявыгаднае для сябе становішча, у студзені звярнуўся да нямецкага рэгулятара з просьбай выключыць інвестыцыю з-пад гэтай газавай дырэктывы ЕЗ.
Федэральнае агенцтва энергетычных сетках Нямеччыны ўжо прыняло і накіравала ўладам расійска-нямецкага кансорцыуму рашэнне аб адмове на іх прапанову. У абгрунтаванні нямецкае ведамства заяўляе, што газаправод «Паўночны паток-2» не адпавядае крытэрыям Дырэктывы ЕЗ па газе.
Дырэктыва ЕЗ дапускае магчымасць выключэння са сваіх палажэнняў газаправодаў, але толькі тых, будаўніцтва якіх было завершана да 23 траўня 2019 года. Пракладка газаправода «Паўночны паток-2» пакуль працягваецца.
Разам з будаўніцтвам газаправоду Baltic Pipe, які звяжа Скандынавію і Польшчу, сумнеўны прававы статус «Паўночны патоку-2», сур’ёзна пагражае расійскай газавай гегемоніі на еўрапейскім рынку энерганосьбітаў.
Матэрыял падрыхтаваў Эдуард Жолуд.
Слухайце аўдыё!