Беларуская Служба

Польшча апынулася ў выбарчым тупіку

06.05.2020 12:37
Сенат адхіліў закон аб правядзенні галасавання па пошце.
Аўдыё
ВыбарыPhoto: ulleo/pixabay.com/CC0 Public Domain

Сенат (вышэйшая палата польскага парламенту) адхіліў закон аб правядзенні галасавання па пошце на прэзідэнцкіх выбарах. Супраць законапраекту прагаласавалі 50 сенатараў, за закон 35, а адзін сенатар устрымаўся ад галасавання па гэтым пытанні. Рашэнне Сената азначае, што законапраект вернецца ў Сейм.

Сейм можа адхіліць вета Сенату, аднак гэткую пастанову павінна падтрымаць абсалютная большасць дэпутатаў у прысутнасці, як мінімум, паловы ўсіх членаў палаты.

Кіраўнік канцылярыі прэм'ер-міністра Міхал Дворчык (Michał Dworczyk) заявіў, што калі б Сейм адхіліў праект правядзення галасавання па пошце, у Польшчы ўзнік бы сур'ёзны палітычны крызіс. Госць Трэцяй праграмы грамадскага Польскага радыё дадаў, што нельга выключаць правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў.

Міхал Дворчык адзначыў, што кіроўная партыя „Права й справядлівасць” разлічвае на кампраміс па справе законапраекту.

- Асцярожна з гэткімі меркаваннямі. У выпадку адхілення закона аб галасаванні па пошце, сцэнара датэрміновых парламенцкіх выбараў нельга выключаць. Несумненна, гэта азначае сур'ёзны палітычны крызіс. Ва ўмовах пандэміі і эканамічнага крызісу, з якімі мы сёння змагаемся, чарговы крызіс  Польшчы не патрэбны.

У гэткай сітуацыі шмат залежыць ад партыі „Паразуменне”, якая ўваходзіць у склад урадавай кааліцыі правых сілаў. Нагадваем, ейны лідар былы віцэ-прэм’ер Яраслаў Говін (Jarosław Gowin), заявіў, што будзе галасаваць супраць закона, які дазваляе правесці галасаванне па пошце ў траўні.

Еўрадэпутат ад кіроўнай  у Польшчы партыі „Права й справядлівасць” Здзіслаў Краснадэбскі (Zdzisław Krasnodębski) заклікаў экс-прэм’ера адмяніць гэтае рашэнне. Паводле яго,  аптымальна было б правесці галасаванне 23 траўня. У сваю чаргу раскол ва ўрадавай кааліцыі і адстаўка ўрада – гэта крайняя безадказнасць.

- Яраслаў Говін апынуўся ў вельмі складанай палітычнай сітуацыі. Яму цяпер цяжка перагледзіць сваё рашэнне, але ён павінен гэта зрабіць. Небяспека расколу ў парламенцкай большасці і неабходнасць правядзення датэрміновых выбараў – гэта сапраўдная драма.

„Ва ўрадавай кааліцыі працягваецца інтэнсіўны дыялог”,  - запэўнівае віцэ-прэм'ер, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі (Piotr Gliński).  

Ён падкрэсліў, што пакуль цяжка прадбачыць вынік галасавання дэпутатаў па адхіленым Сенатам законапраекце.  

- Вядома, што ўнутры аб’яднаных правых сілаў працягваецца інтэнсіўны дыялог. Вынік будзе бачны падчас галасавання. Пакуль мы размаўляем і справа адкрытая.

У сваю чаргу сенатар апазіцыйнай партыі „Грамадзянская платформа” Богдан Здраеўскі (Bogdan Zdrojewski) лічыць, што таксама байкот прэзідэнцкіх выбараў не спрыяе ягонай партыі. Госць Польскага радыё 24 адзначыў, што гэтым скарысталіся б перш за ўсё канкурэнты Малгажаты Кідавы-Блоньскай (Małgorzata Kidawa-Błońska) – кандыдаткі „Грамадзянскай платформы”  на прэзідэнта.  

Тым ня менш апазіцыйны сенатар лічыць, што для абароны бяспекі выбаршчыкаў ці канстытуцыйнага ладу, „Грамадзянская Платформа” гатовая несці гэтыя палітычныя страты.

- Байкот выбараў, гэта рызыкоўнае рашэнне. Яно можа аслабіць пазіцыю нашага кандыдата й прычыніцца да росту папулярнасці Анджэя Дуды й іншых кандыдатаў. Мы разумеем, што гэта непазбежныя палітычныя страты. Цяпер у прыярытэце іншыя справы – змаганне з каракавірусам, бяспека грамадзянаў і Канстытуцыя.

У сваю чаргу дэпутат Польскай сялянскай партыі Уладыслаў Тэафіл Барташэўскі (Władysław Teofil Bartoszewski) лічыць, што калі Сейм падтрымае рашэнне Сената, адзіным выйсцем стане абвяшчэнне ў краіне стыхійнага бедства.

Палітык перакананы, што галасаванне па пошце 10 траўня немагчымае па тэхнічных прычынах.

- Мы не падрыхтаваныя. Міністр аховы здароўя заявіў, што ў сувязі з пандэміяй абсалютна не пагаджаецца на правядзенне традыцыйнага галасавання 23 траўня. Цяпер маем тупік – не вядома што рабіць. Найлепшым, легальным выхадам з яго было аб’яўленне стыхійнага бедства й адтэрмінаванне выбараў на чатыры месяцы, то бок на жнівень. Тады можна было б браць пад увагу таксама галасаванне па пошце.  

Нагадваем, адкінуты Сенатам закон аб асаблівых правілах правядзення прэзідэнцкіх выбараў 2020 годзе быў прыняты Сеймам 6 красавіка па ініцыятыве кіруючай партыі «Права і справядлівасць». Праект прадугледжвае, што галасаванне на выбарах прэзідэнта павінна прайсці па пошце.

Цяпер законапраект вяртаецца ў Сейм - у бліжэйшы час дэпутаты павінны вырашаць, ці палажэнні, датычныя выбараў будуць перададзеныя прэзідэнту на подпіс.

Нагадваем, паводле закона, прэзідэнцкія выбары ў Польшчы павінны адбыцца не пазней за 23 траўня. Першапачаткова яны былі запланаваныя на 10 траўня, аднак у выніку эпідэміі каракавіруса правядзенне галасавання апынулася пад пагрозай.

Тым часам у сераду ўвечары адбудуцца дэбаты кандыдатаў у прэзідэнты. Іх будзе трансляваць грамадскае тэлебачэнне -  TVP1 і TVP Info.

аз