Беларуская Служба

Беларус спрабаваў за грошы паставіць на паток выдачу Карт паляка

26.05.2020 12:44
За кожную карту ён прапанаваў польскаму дыпламату 1 тыс. еўра хабару.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/TheCorgi

Бізнесмен хацеў купляць Карты паляка, пад такім загалоўкам газета Rzeczpospolita публікуе крымінальную гісторыю, у галоўнай ролі якой – беларускі бізнесовец.

Прадпрымальнік Андрэй П. пастаянны пражывае на тэрыторыі Беларусі і там мае асноўны бізнес, але таксама займаецца прадпрымальніцтвам у Польшчы. Больш за тое, мае польскае грамадзянства. Польская пракуратура і Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро абвінавацілі бізнесоўца ва ўручэнні хабару польскаму дыпламату, які ў рамках сваіх службовых абавязкаў разглядаў заявы грамадзян Беларусі на атрыманне імі Карт паляка.

Злачынны інцыдэнт меў месца з верасня па снежань 2017 года, але падрабязнасці справы сталі вядомыя журналістам толькі цяпер. Тады менавіта бізнесмен запрапанаваў польскаму дыпламату 1 тыс. долараў за Карту паляка і 5 тыс. долараў за дапамогу ў атрыманні польскага грамадзянства і перадаў дакументы беларуса, які меў атрымаць Карту і грамадзянства.

Праз тры месяцы ў Беларусі Андрэй П. спрабаваў уручыць супрацоўніку пасольства грошы, аднак ён адмовіўся іх браць. Праз некалькі дзён беларус зрабіў чарговы крок, на гэты раз у Варшаве – ён усё ж такі перадаў дыпламату 1200 долараў. Прадпрымальнік таксама запрапанаваў супрацоўніку дыпмісіі пастаяннае «супрацоўніцтва» – ён даваў бы дыпламату грошы за дапамогу ў атрыманні Карт паляка. Бізнесмен казаў пра прыкладна 10 дакументаў цягам кожнага месяца. За адзін дакумент паляк атрымліваў бы 1 тыс. еўра.

Больш за тое, бізнесовец прапанаваў супрацоўніку дыпмісіі (вядома, што дыпламатаў не правяраюць на мяжы) нелегальна перакінуць з Польшчы ў Беларусь 1-2 млн долараў. За такую аперацыю дыпламат атрымаў бы 5% ад сумы, гэта значыць 50-100 тыс. долараў.

Злачынства ўдалося раскрыць, бо беластоцкі офіс Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро ўстанавіў праслухоўванне і выкарыстаў іншыя аперацыйныя метады. Польскім следчым вядомае таксама прозвішча беларуса, які меў атрымаць Карту паляка за грошы.

За падобнага тыпу злачынства Андрэю П. пагражае да 12 гадоў пазбаўлення свабоды.

Польская пракуратура не адказала на пытанне журналістаў, якую ролю ў карупцыйным інцыдэнце адыгрываў польскі дыпламат.

Закон аб Карце паляка ўвайшоў у сілу ў 2008 годзе. З таго моманту дакумент атрымала больш за 138 тыс. грамадзян Беларусі, паведамляе газета Rzeczpospolita.

вс

здымак мае ілюстрацыйны характар