Беларуская Служба

Польшча перад выбарамі: кандыдаты на пасаду прэзідэнта прыватна

10.07.2020 14:25
Абодва палітыкі - адукаваныя людзі з тытуламі кандыдатаў навук, адзін ведае пяць замежных моваў, іншы - тры. 
Wieczór wyborczy w Polskim Radiu
Wieczór wyborczy w Polskim RadiuPolskie Radio

У нядзелю, 12 ліпеня, у Польшчы пройдзе другі тур выбараў прэзідэнта краіны. У ім сустрэнуцца актуальны прэзідэнт, які ідзе на другі тэрмін, прадстаўнік кансерватыўна-каталіцкай кіруючай партыі «Права і справядлівасць» Анджэй Дуда, і мэр Варшавы, высунуты права-цэнтрысцкімі і ліберальнымі асяроддзямі, Рафал Тшаскоўскі. Папулярны польскі партал Onet вырашыў зірнуць на кандыдатаў і іх жонкі з прыватнага пункту гледжання.

І так, Анджэй Дуда – кандыдат юрыдычных навук, закончыў кракаўскі Ягелонскі ўніверсітэт – найстарэйшую ў Польшчы ВНУ і адну з найстарэйшых у Цэнтральнай Еўропе. Дуда, як і яго жонка Агата Корнхаўзер-Дуда, кракавяне, таму няма нічога дзіўнага ў тым, што прэзідэнт – заўзятар кракаўскага футбольнага клуба «Краковія». Да таго, як заняцца палітыкай, Анджэй Дуда выкладаў ва ўніверсітэце, а таксама меў сваю юрыдычную кантору. Валодае англійскай і рускай мовамі і крыху – нямецкай.
У сваю яго жонка Агата – дачка вядомага польскага пісьменніка Юліяна Корнхаўзера. Са сваім будучым мужам Анджэем пазнаёміліся яшчэ ў ліцэі. Па адукацыі першая лэдзі – нямецкі філолаг. Да пераезду ў Варшаву ў Прэзідэнцкі палац працавала настаўніцай нямецкай мовы ў адным з кракаўскіх ліцэяў.

У прэзідэнцкай пары – 25-гадовая дачка Кінга.

Рафал Тшаскоўскі – варшавянін. Закончыў Факультэт англійскай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэту, варшаўскі Еўрапейскі каледж і абараніў кандыдацкую дысертацыю на Факультэце паліталогіі і журналістыкі сталічнага ўніверсітэту. Праходзіў вучобу і стажыроўкі ў Оксфардзе, ЗША і Аўстраліі. Да таго, як заняцца палітыкай, быў перакладчыкам і настаўнікам англійскай мовы. Выкладаў таксама ў ВНУ. Дасканала валодае англійскай і французскай мовамі, размаўляе таксама на іспанскай, італьянскай і рускай мовах.

Жонка Тшаскоўскага Малгажата закончыла Кракаўскі эканамічны ўніверсітэт. У 2007-2019 гадах працавала ў варшаўскай мэрыі, аднак пасля таго, як яе мужа выбралі мэрам сталіцы, адмовілася ад працы, каб не ўзніклі канфлікты інтарэсаў. Цяпер яна – хатняя гаспадыня, выхоўвае разам з мужам двое дзяцей. Валодае англійскай мовай, паведамляе партал Onet.

вс