Беларуская Служба

Да двух гадоў зняволення. Уведзена крымінальная адказнасць за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый

11.01.2022 15:26
У Беларусі ўвялі крымінальную адказнасць за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый.
Аўдыё
  • Да двух гадоў зняволення. Уведзена крымінальная адказнасць за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый
 .
Ілюстрацыйнае фота. Фота: spring96.org

А летам мінулага года ўлады ліквідавалі амаль 300 грамадскіх аб’яднанняў – ад Саюзу пісьменнікаў Беларусі да «Мова нанова».

Крымінальную адказнасць за незаконную арганізацыю дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду або ўдзел у іх дзейнасці вярнулі праз два гады – раней гэты артыкул быў у Крымінальным кодэксе Беларусі, і паводле яго былі асуджаныя да зняволення людзі, у 2018-ым яго адмянілі. А цяпер Крымінальную адказнасць вярнулі – у разгар рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці.

Прычым фармуліроўка артыкула пашыраная: цяпер крымінальная адказнасць уводзіцца і за дзейнасць ад імя ліквідаваных арганізацый.

Слухайце далучаны файл!

Пакаранне: штраф, або арышт, або пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Пакаранне: штраф, або арышт, або пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Закон  набывае моц праз дзесяць дзён пасля апублікавання, гэта значыць ад 11 студзеня.

Зміцер Салаўёў, праваабаронца каментуе гэты новы артыкул крымінальнага кодэкса.

— – Гэта спроба запалохаць людзей, каб яны менш займаліся грамадскай актыўнасцю ў межах грамадскіх арганізацый. Бо пазбаўленне волі – сур'ёзная пагроза. Гэты артыкул дзейнічаў раней, з 2006-га года. Першай ахвярай стала арганізацыя «Партнёрства», якая назірала за выбарамі, людзі атрымалі рэальныя тэрміны пазбаўлення волі. Гэты артыкул прымянялі супраць арганізацыі «Малады Фронт», па крымінальных справах прайшло да дзесяці чалавек, Зміцер Дашкевіч быў пазбаўлены волі, былі аштрафаваныя асобы. Памятаю маю цёзку па прозвішчы Кацярыну Салаўёву. Яе судзілі і адлічылі з універсітэту, бо судовы працэс быў у адзін дзень з экзаменам. Задча ўладаў – пакінуць толькі гонга арганізацыі, такія, як БРСМ, «Белую Русь» і іншыя, каб была бачнасць грамадзянскай супольнасці. Яны карысныя для рэжыму, бо дасылаюць сваіх прадстаўнікоў, напрыклад, у выбарчыя камісіі, а потым разам і фальсіфікуюць выбары.

На жаль, у цяперашняй сітуацыі не варта спадзявацца, што новы інструмент для рэпрэсій застанецца толькі на паперы.

Артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса у папярэдняй рэдакцыі, якая мала адрозніваецца ад цяперашняй, быў прадметам абмеркавання Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз правы (Венецыянская камісія). На думку Венецыянскай камісіі, пакаранне за дзеянні, звязаныя з арганізацыяй або кіраўніцтвам абʼяднаннем на той падставе, што яно не прайшло дзяржаўную рэгістрацыю, не адпавядае строгім крытэрам Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

«Гэта робіць дзейнасць незарэгістраваных абʼяднанняў па сутнасці немагчымай і, такім чынам, па сутнасці абмяжоўвае права на свабоду асацыяцый».

Яшчэ дзесяць гадоў таму эксперты адзначылі, што прыняцце артыкула 193-1 можа служыць мэтай крыміналізацыі сацыяльнага пратэсту і легалізаваць рэакцыю ўладаў на сацыяльныя хваляванні.

Нагадаем, летам 2021 года вялікая «хваля зачысткі» абрынулася на арганізацыі беларускай грамадзянскай супольнасці. У махавік рэпрэсій трапілі недзяржаўныя арганізацыі незалежна ад напрамку і характару дзейнасці. Гэта і культурныя арганізацыі, і асветніцкія, і праваабарончыя, і экалагічныя, і даследчыя, і спажывецкія, і сацыяльныя, і іншыя. Пад «раздачу» нават трапіла прарасійскае маладзёжнае сацыяльна-культурнае грамадскае аб’яднанне «Русь молодая», якое ў сваіх праектах прапагандуе і садзейнічае ў развіцці рускай культуры і рускай мовы, папулярызуе сярод моладзі традыцыйныя славянскія культурныя каштоўнасці, гісторыю славянства. Агулам было ліквідавана больш за 270 грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў.

вх